Ціск на палітзняволеную, "Dissidentby" — "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 29 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі жыхара Гомеля
Ён нібыта афармляў на сваё імя карткі, на якія збіраліся грошы для ўкраінскай арміі.Паводле інфармацыі праваабаронцоў, затрыманы — 22-гадовы Арсеній Злобін. Сілавікі паведамляюць, што дзеянням хлопца «будзе дадзена прававая ацэнка ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам».
У Мёрах за «экстрэмізм» арыштавалі галоўнага ветэрынара раёна
Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч за падпіску ў сацыяльнай сетцы на «экстрэмісцкае» СМІ пастанавіла арыштаваць на трое сутак галоўнага ветэрынара раёна Аляксандра Кезіка.
У судовым пасяджэнні Аляксандр віну прызнаў і растлумачыў, што не аспрэчвае факта падпіскі ў сацыяльнай сетцы «Instagram» на інфармацыйны рэсурс «Люстэрка», які раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На палітзняволеную Таццяны Канеўскай працягваецца аказвацца ціск
Па інфармацыі праваабаронцаў, Таццяна Канеўская пазбаўленна спатканняў, а за год ёй дазволена толькі адна маленькая бандэроль. Лісты ад яе даходзяць рэдка. У турме яе будуць утрымліваць да сакавіка, а потым мусяць перавесці ў гомельскую калонію.
Нагадаем, у калоніі Таццяну змяшчалі ў ШІЗА і ў ПКТ. У студзені 2022 Таццяне ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Таццяна — актывістка ініцыятывы “Матчын рух 328”. Змагалася за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. У траўні 2021 года яе асудзілі да 6 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў).
Ініцыятыва «Dissidentby» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 29 лістапада.
Сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна
На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ў тым, што ён нібыта пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў Міністэрства абароны.
Распачалі крымінальную справу супраць заснавальніцы «Саюза Маці Беларусі» і яе мужа
Баранавіцкая пракуратура распачала крымінальныя справы па фактах стварэння і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, публічнай абразы Лукашэнкі і паклёпу на яго, а таксама садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці.
Згодна з матэрыяламі справы, 60-гадовая заснавальніца «Саюза Маці Беларусі» стварыла і кіравала «экстрэмісцкім фармаваннем». На адным з рэсурсаў яна размясціла відэазапіс, «у якім утрымліваўся паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, у тым ліку абвінавачванні ў здзяйсненні цяжкага злачынства».
Паведамляецца, што муж падазраванай даў інтэрв'ю для «экстрэмісцкага фармавання» і ў сацсетках размясціў абразы на адрас Лукашэнкі.
Сужэнцы знаходзяцца за мяжой.
КДБ прызнаў «Саюз Маці Беларусі» «экстрэмісцкім фармаваннем» 29 верасня. Ведамства таксама назвала імёны людзей, якія, як мяркуецца, звязаныя з арганізацыяй: Анцілеўская Святлана, Здановіч Вольга, Якавенка (Ліфанава) Таісія, Алесінская Наталля, Тарпанава (Васільцова) Таццяна.