viasna on patreon

"Народ Беларусі заслугоўвае дэмакратычнай дзяржавы". У АБСЕ заклікалі да свабодных выбараў у Беларусі

2023 2023-11-17T10:34:41+0300 2023-11-17T10:34:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/osce_1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вялікабрытанія, Канада ды іншыя краіны 16 лістапада выступілі з заявай у адрас Пастаяннай рады АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яна была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які адзначаўся 12 лістапада. Заяву зачытала амбасадарка Канады ў Вялікабрытаніі Джослін Кінэр. Яна выступіла ад імя сваёй краіны, а таксама Вялікабрытаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі і Швейцарыі, што заклікалі да свабодных выбараў і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

У сваёй прамове Джослін Кінэр нагадала, што ў Беларусі ўжо больш за тры гады працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, праваабаронцаў, не менш за 1 500 чалавек знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.

Прынятае ўладамі заканадаўства яшчэ больш абмежавала палітычныя правы, свабоду сходаў, аб'яднанняў і выказвання меркаванняў, а таксама пашырыла ўжыванне смяротнага пакарання, дадала яна.

Да таго ж у лютым 2022 года Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі ў якасці плацдарма для ўварвання ва Украіну, а беларускі рэжым праводзіць рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто выказвае сваю нязгоду з вайной або падтрымку ўкраінскаму народу, гаворыцца ў заяве.

"Ніводнае з гэтых палітычных рашэнняў, падобна, не ўлічвае жадання ці інтарэсы беларускага народа. Народ Беларусі заслугоўвае ўласнай незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы, вольнай ад умяшання і падпарадкавання Расеі", — сцвярджаюць аўтары.

Яны нагадалі, што парламенцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 25 лютага 2024 года, а наступныя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2025 годзе.

"Мы заклікаем да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі без умяшання, запалохвання і страху пераследу, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Неабходна паважаць свабоду выказвання меркаванняў і аб'яднанняў, у тым ліку незалежных СМІ і палітычных партый. Усе патэнцыйныя кандыдаты павінны мець магчымасць балатавацца, не асцерагаючыся арышту або рэпрэсій. Неабходна запрасіць міжнародных назіральнікаў. Грамадзянскай супольнасці павінна быць дадзеная магчымасць граць сваю ролю па прыцягненню да адказнасці ўрадаў і палітычных дзеячаў", — гаворыцца ў заяве.

Аўтары таксама заклікалі да неадкладнага вызвалення палітвязняў, спынення парушэнняў правоў чалавека і дыялогу, "які паважае волю і правы чалавека". Яны заявілі, што "цвёрда салідарныя з народам Беларусі і будуць працягваць заклікаць Беларусь да выканання сваіх абавязацальніцтваў у рамках АБСЕ і выканання сваіх міжнародных абавязальніцтваў, уключна з абаронай правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў свайго народа".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства