viasna on patreon

"Самы нязначны жэст салідарнасці можа прынесці надзею", — праваабаронца Amnesty International пра падтрымку палітзняволеных вясноўцаў

2023 2023-10-31T16:33:56+0300 2023-10-31T16:38:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ane_tusvikbonde.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У верасні 2023 года Ане Тусвік Бондэ далучылася да Amnesty International Norway на пасадзе старэйшай дарадцы. Яна спецыялізуецца на асобах, што знаходзяцца ў групе рызыкі ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Гэта адбылося пасля амаль 20 гадоў працы ў фондзе "Дом правоў чалавека". Яна адыграла важную ролю ў падтрымцы існуючых дамоў правоў чалавека, умацаванні рэгіянальных сетак, а таксама ў садзейнічанні пашырэнню сеткі. У сваім інтэрв'ю для Фонду Дамоў правоў чалавека Ане дзеліцца сваімі разважаннямі пра "Сетку Дамоў правоў чалавека", сілу салідарнасці і падтрымку палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны".

Што вы вынеслі з сваёй працы ў фондзе "Дом правоў чалавека" і ў "Сетцы Дамоў правоў чалавека"?

Я ніколі не забуду гэтае моцнае пачуццё, калі Сетка аб'ядноўваецца ў знак салідарнасці. Я адчувала яго летась у Вільні ў верасні 2022 года, калі мы правялі сумесную дэманстрацыю перад амбасадай Расеі ў падтрымку Украіны і ў знак салідарнасці з нашымі калегамі, зняволенымі ў турме ў Беларусі.

Верасень 2022: "Сетка Дамоў правоў чалавека" праводзіць дэманстрацыю ў падтрымку Украіны і Беларусі перад амбасадай Расеі ў Вільні. Дэманстрацыя была сумесна арганізаваная фондам "Дом правоў чалавека", "Вясной", Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінкскім камітэтам і Беларускім домам правоў чалавека.

Я адчувала яго, калі мы прайшлі маршам салідарнасці ад парламента да Міністэрства замежных спраў у Осла ў 2015 годзе з партрэтамі зняволеных і забітых праваабаронцаў. Я не забуду сілу таго, калі моўчкі стаіш поруч на міжнародных мерапрыемствах АБСЕ і Савета Еўропы ў футболках з партрэтамі Алеся Бяляцкага, а затым з партрэтамі нашых азербайджанскіх калег зняволеных у турме, каб ніхто ў зале не мог ігнараваць іх адсутнасць.

Часам мы можам быць занадта сканцэнтраваныя на нашай сітуацыі і не марнаваць час на зносіны з людзьмі. Упершыню я сустрэлася з Алесем Бяляцкім у Варшаве пасля ягонага вызвалення з турмы. Я да гэтага часу шкадую, што ў той вечар у мяне быў зваротны рэйс, і я не змагла адсвяткаваць яго дзень нараджэння разам, калі ён папрасіў мяне застацца. Мне шкада, што я не перанесла свой пералёт. Варта знаходзіць час для тых момантаў, калі мы можам быць разам.

Як змянілася сітуацыя з правамі чалавека за час вашай працы ў фондзе "Дом правоў чалавека"?

На жаль, сітуацыя з праваабаронцамі і правамі чалавека ў сетцы ў цэлым пагоршылася. Цягам многіх гадоў мы сутыкаліся з закрыццём грамадзянскай прасторы і з'яўленнем хваробаў дэмакратыі ў многіх краінах Заходніх Балканаў і Усходняй Еўропы.

У 2006 годзе мы ўбачылі, наколькі важна было стварыць разам з беларускімі партнёрамі Беларускі дом правоў чалавека ў Літве, па той бок мяжы, калі збірацца ўнутры Беларусі стала занадта небяспечна. Інструменты рэпрэсій, з якімі нашы беларускія калегі сутыкнуліся раней за іншых, пазней былі ўзятыя на ўзбраенне іншымі аўтарытарнымі лідарамі.

Барыс Звозскаў, памерлы заснавальнік Беларускага дома правоў чалавека, які атрымаў яго імя пасля смерці Звозскава ў чэрвені 2012 года.

Я памятаю, як Барыс Звозскаў, заснавальнік Беларускага дома правоў чалавека, прыязджаў у Баку і таемна навучаў маладых азербайджанскіх актывістаў і актывістак таму, як паводзіць сябе на допытах. Тады беларускія ўлады апярэдзілі Азербайджан у пашырэнні рэпрэсій, але, на жаль, тым маладым азербайджанскім актывістам і актывісткам неўзабаве спатрэбіліся атрыманыя навыкі, паколькі ўлады ў іх краіне станавіліся ўсё больш жорсткімі ў адносінах да грамадзянскай супольнасці і іншадумства.

Можаце падзяліцца думкамі пра нашых калегаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі?

У турме ў цябе адбіраюць усё тое, што робіць цябе чалавекам. Найменшы жэст салідарнасці з боку можа прынесці надзею – нават кароткае прывітанне ці нейкія навіны пра звычайнае жыццё – гэтыя пробліскі з навакольнага свету дапамагаюць жыць.

Менавіта пра такія простыя рэчы мараць нашы калегі зняволеныя ў турме. Трэба знаходзіць час, каб напісаць ім. Нават калі ў нас няма гарантыі, што яны атрымаюць нашы паштоўкі.

Пасля свайго вызвалення ў жніўні 2023 года Леанід Судаленка сказаў, што атрымаў у следчым ізалятары некалькі тысяч паштовак — і гэта сапраўды важна. Ён кажа, што калі яго змясцілі ў ізалятар і перасталі перадаваць паштоўкі, яму дапамагала тое, што ён ведаў, што людзі працягваюць пісаць.

Больш за тое, паштоўкі і лісты з'яўляюцца інструментам абароны. Нават калі паштоўкі не перадаюць зняволеным, ахоўнікі чытаюць іх і ведаюць, што гэты чалавек важны многім людзям і што яны назіраюць за тым, што з імі адбываецца.

"Ане даслала мне гэтую паштоўку, калі я сядзеў у турме. Яна намалявала яе сама. Малюнак стаў вокладкай маёй кнігі "Лісты салідарнасці" – Алесь Бяляцкі.

У апошні раз, калі Алесь Бяляцкі сядзеў у турме, я адправіла яму свой акварэльны малюнак, і ён адказаў мне, што для яго было важна адчуць нават тэкстуру паперы, дакрануцца да рэальнага свету ўнутры турэмнай камеры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства