Жыхара Жлобіна пазбавілі волі за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Жлобінскага раёну 30 кастрычніка вынесены прысуд палітзняволенаму Аляксею Аўдзееву, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх. (ч. 1 арт 342 КК).
Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Практыка вынясення судовых пакаранняў па гэтым артыкуле палягае ў тым, што большасць асуджаных у Жлобіне па ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса атрымлівалі абмежаванне волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Аднак да справы Аляксея Аўдзеева паставіліся вельмі жорстка, піша “Гомельская вясна”.
Адмыслова за два тыдні да разгляду яго крымінальнай справы, ў судзе Жлобінскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ, якую вялі супраць маладзёна.
Прысуд па крымінальнай справе – помста ўлады за ўдзел 9 жніўня 2020 года ў мірнай акціі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта і працу ў стачкаме на БМЗ.
Аўдзеева затрымалі 15 жніўня 2023 года. Пасля праведзеных вобшукаў — у яго і ў доме бацькоў, Аляксея змясцілі ў ІЧУ Жлобіна. 21 жніўня яго этапавалі ў СІЗА-3 Гомеля.
Таксама пра Аляксея вядома, што ён актыўна валанцёрыў у час эпідэміі ковіду, адным з першых пайшоў страйкаваць пасля выбараў 2020, у вольны час трэніраваў падлеткаў, якія цікавіліся мотаспортам і гонкамі па перасечанай мясцовасці, уласнаручна збіраў для сябе матацыкл.
Суд пастанавіў пакараць Аляксея пазбаўленнем волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на два з паловай гады.
Падтрымаць Аляксея можна лістамі і паштоўкамі, дасылаючы іх на адрас:СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003. Аўдзееў Аляксей Уладзіміравіч.