За верасень судамі ў крымінальным парадку асуджана не менш за 54 чалавекі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў верасні фіксаваў працяг устойлівай тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. У верасні судовая сістэма, па наяўных дадзеных, магла рэпрэсаваць каля 139 чалавек. У рэгіянальным маштабе дадзеныя лічбы выглядаюць наступным чынам: Мінск – 77; Мінская вобласць – 8; Брэсцкая – 13; Гомельская – 15; Магілёўская – 10; Віцебская – 12; Гродзенская – 4. Праваабаронцам "Вясны" вядома пра не менш як 54 асуджаных у верасні ў крымінальным парадку грамадзян, з іх 22 жанчыны і 32 мужчыны.
Перагляд справы і яшчэ адзін суд у дачыненні да былой палітзняволенай
За верасень судамі Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці двойчы асуджаная Аліна Горава-Крывашэй па артыкуле аб актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Ёй прызначылі паўтары гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. У канцы верасня ў Бялынічах па-новаму разглядалі крымінальную справу супраць былой палітзняволенай пасля таго, як Магілёўскі абласны суд 29 жніўня ў парадку апеляцыі адмяніў прысуд і накіраваў на новы разгляд у іншы раённы суд. Па гэтай справе Аліна два месяцы правяла пад вартай у магілёўскай турме – за гэты час у дзяўчыны сур'ёзна абвастрыліся праблемы са здароўем.
Пераслед сем'яў
Праз тры гады пасля пачатку вострага крызісу правоў чалавека ў Беларусі праваабаронцы фіксуюць факты судовага пераследу цэлых сем'яў за ўдзел у мірных пратэстах, што праходзілі на фоне фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, адвольных затрыманняў апанентаў улады і катаванняў мірных маніфестантаў у 2020 годзе. За ўдзел у трох такіх маршах суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову сямейную пару Антона і Анастасіі Нікіціных. Суд Партызанскага раёна Мінска асудзіў сямейную пару Антона і Аляксандры Беліч да двух з паловай і двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ адпаведна. Праваабаронцы "Вясны" высвятляюць вынікі судовых разглядаў у дачыненні да сямейных пар Ганны Равуцкай-Чапуры і Яўгена Равуцкага, Дзмітрыя і Лізаветы Кленіцкіх, Марыі ды Іллі Забаўскіх, Вольгі ды Дзмітрыя Разведчыкавых.
Сямейную пару Таццяны Пыцько і Вячаслава Лазарава Віцебскі абласны суд у закрытым судовым разглядзе асудзіў за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, якім улады лічаць перадачу неабмежаванай да распаўсюджвання інфармацыі незалежнаму рэсурсу – тэлеканалу "Белсат". Вячаславу Лазараву прысудзілі пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі, Таццяне Пыцько – тры гады пазбаўлення волі. Адвольны з боку ўладаў парадак прызнання нефармальных і незарэгістраваных аб'яднанняў экстрэмісцкімі фармаваннямі парушае права на калектыўнае выказванне меркаванняў і на свабоду асацыяцый грамадзян.
Пераслед за "здраду дзяржавы"
Цягам верасня разглядаўся шэраг крымінальных спраў, дзе фігурантам ставіўся ў віну артыкул 356 КК – здрада дзяржаве. Па такім абвінавачванні ў гэты момант праходзяць раней ужо асуджаны па крымінальных артыкулах пратэснай накіраванасці Яраслаў Саковіч, былы галоўны лекар санаторыя "Беларусь" у літоўскім Друскінінкаі і санаторыя ў Сочы Андрэй Кобель, а таксама, як сцвярджалі журналісты дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсаў, тапограф высокага класа Дзмітрый Гулін, якому разам з цяжкім абвінавачваннем у здрадзе дзяржаве ставяцца ў віну пяць крымінальных артыкулаў за каментары ў інтэрнэт-супольнасцях.
У верасні на дзяржаўным тэлеканале АНТ выпушчаны відэасюжэт пра фігуранта крымінальнай справы — экс-супрацоўніка МУС і журналіста Андрэя Паротнікава, якога таксама абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Аналіз выказвання намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанціна Бычака аб тым, што "гэта здрада дзяржаве ў форме іншага аказання дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, агенцтву разведкі Рэспубліка Польшча і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" дазваляе зрабіць выснову аб трэндзе, які азначыўся, і згодна з якім улады выкарыстоўваюць канструкцыю складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 356 КК (здрада дзяржаве), для пераследу асоб, што вядуць дзейнасць, якую існуючы палітычны рэжым расцэньвае як варожую ў ідэалагічнай, інфармацыйнай і іншых сферах.
Варта адзначыць, што канструкцыя аб'ектыўнага боку складу злачынства, прадугледжанага арт. 356 КК, у частцы "іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь" не адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці, паколькі ў правапрымяняльнай практыцы спараджае максімальна шырокае тлумачэнне дзеянняў, што падпадаюць пад гэты артыкул, аж да перадачы прагнозу надвор'я суб'ектам, названым у дадзеным артыкуле. Прынцып прававой дакладнасці ў пабудове канструкцый складаў злачынстваў патрабуе ад заканадаўцы максімальнага звужэння ацэначных паняццяў, якія могуць прывесці да шырокага вызначэння прыкмет злачынства.
Выязныя суды над педагагіняй і выратавальнікам
Па-ранейшаму фіксуюцца выпадкі судовых пасяджэнняў, што разглядаюцца ў парадку выязнога судовага разбору, пра якія не размяшчаецца інфармацыя ў раздзеле "электроннае судаводства" на сайце Вярхоўнага суда. Такім чынам у парадку выязнога судовага разбору 19 верасня разглядалася справа педагагіні адной з мінскіх гімназій Ірыны Мажарскай ва ўпраўленні па адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска, на якім прысутнічалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі гэтага раёна, дырэктары сталічных школ і гімназій, а таксама супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, усяго каля 90 чалавек. Судом Фрунзенскага раёна Мінска Ірыне прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — за ўдзел у васьмі мірных сходах, якія праходзілі ў жніўні-верасні 2020 года ў Мінску.
5 верасня судом Жлобінскага раёна ў парадку выязнога судовага разбору разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да старэйшага пажарнага выратавальніка вайсковай каманды супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ Артура Панчанкі. Падставай да крымінальнага пераследу мужчыны паслужыў яго ўдзел у стыхійным мірным сходзе на тэрыторыі Жлобіна 9 жніўня 2020 года, адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў па выбарах прэзідэнта. Суд Жлобінскага раёна прызначыў вайскоўцу пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы, пастанавіўшы адбываць яго на гаўптвахце вайсковай камендатуры. Варта адзначыць, што шырокія народныя хваляванні ў 2020 годзе не падштурхнулі ўлады да таго, каб урэгуляваць пытанне правядзення стыхійных мірных сходаў у нарматыўна-прававым парадку.
Інфармацыя пра суд пасля суда
На працягу верасня зафіксаваны адзін факт размяшчэння інфармацыі аб разглядзе крымінальнай справы па палітычных матывах у сістэме "Расклад судовых пасяджэнняў. Электроннае судаводства" на сайце Вярхоўнага суда ўжо пасля фактычнага пачатку яго разгляду. Дадзены факт меў месца 29 верасня, калі ў судзе Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў закрытым судовым пасяджэнні слухалася справа Вікторыі Саковіч, абвінавачанай у абразе Лукашэнкі (арт.368 КК). Гэты факт з'яўляецца істотным абмежаваннем галоснасці судовых пасяджэнняў і перашкаджае рэалізацыі грамадзянамі права на інфармацыю. У гэтай сувязі сістэме "Электроннае судаводства" варта ўдасканаліць метады і падыходы ў арганізацыі сістэмы інфармавання грамадзян, арыентуючыся на артыкул 7 Закона "Аб канстытуцыйным судаводстве", у адпаведнасці з якім інфармацыя пра дату, час і месца правядзення судовага пасяджэння размяшчаецца на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага суда ў сетцы інтэрнэт за тры працоўныя дні да пачатку пасяджэння.
У жніўні па крымінальных артыкулах асуджана не менш за 60 чалавек па палітычных матывах