Старонка Беларускай праваабарончай школы — у "экстрэмісцкіх матэрыялах": хроніка пераследу 28 верасня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «Цэнтр новых iдэй», «Паспалітае рушэньне», «LITVANIA (ЛІТВАНІЯ)»;
- Youtube-каналы «Буднi калгаснiкау», «Прамой атвет», «Рудабелка прававая», «Беларуская паказуха»;
- Старонка ў Facebook «Беларуская праваабарончая школа»;
- Instagram-старонка «Дай Дарогу!»;
- TikTok-профіль «Андрей Belarus Lithuania».
Таксама «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» унесены ў спіс «экстрэмісцкіх арганізацый».Паведамляецца, што арганізацыя ўнесеная ў адпаведны спіс згодна з рашэннем Вярхоўнага суда ад 15 верасня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, рашэнне аб прызнанні яе «экстрэмісцкай» прыняў суддзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.
Мінгарвыканкам падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё»
Пазоў пададзены 15 верасня. Выканкам настойвае на ліквідацыі царквы, прыпісваючы ёй экстрэмісцкую дзейнасць і, адпаведна, парушэнне закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый».
Царква «Новае жыццё» — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.
Затрыманні ў "Барысаўскіх электрасетках"
Стала вядома, што 25 верасня сілавікі прыйшлі на працу ў прадпрыемства “Барысаўскія электрасеткі”. У некаторых прабочых праверылі тэлефоны.
Вядома, што за каментары ў сацсетках затрымалі працаўніка арганізацыі і яго жонку. Прозвішчы пакуль невядомыя.
У Гомелі затрымалі маладога чалавека
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што ён нібыта вырабіў і распаўсюдзіў у экстрэмісцкіх Telegram-каналах улётку, якая змяшчае абразы і паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў улады.
Хапун у Ваўкавыску працягваецца — сярод затрыманых намеснік галоўнага лекара
На «пакаяльных відэа» людзі «прызнаюцца» ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а таксама ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога». Сярод затрыманых супрацоўнікі «Белакту» і намеснік галоўнага лекара санаторыя «Пралеска». Нагадаем, учора сілавікі паведамлялі пра іншых затрыманых у Ваўкавыску.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыску звязана з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе — на адным з выклікаў (бытавая сітуацыя, не звязаная з палітычным пераследам) быў збіт супрацоўнік міліцыі. Пасля гэтага ў горад адправілі сілавікоў з Мінску і Гродна, якія і пачалі «зачыстку».
Па інфармацыі "Нашай нівы", сярод затрыманых Андрэй Тарасевіч, Аксана Шырынга, Дзяніс Арцістаў.