У Маладэчна пачынаецца суд над галоўным рэдактарам "Рэгіянальнай газеты" Дапоўнена
У судзе Маладзечанскага раёна 27 верасня пачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча. Журналіста абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса.
Справу прызначылі весці суддзю Аляксея Іршына, дзяржабвінавачанне падтрымливае памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык.
Палітзняволенага журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме. Да суда ён быў змешчаны ў следчую турму №8 у Жодзіна.
Паводле следства, Аляксандр Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта “распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады”.
А ў артыкулах выдання, па меркаванні абвінавачання, "утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фарміраванне ілжывых уяўленняў аб незахаванні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян".
Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў майстрам, інжынерам на Вілейскім заводзе «Зеніт», журналістам у маладзечанскай раённай газеце. З 1995 года — заснавальнік і галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газета». Жыве ў Вілейцы.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем, зазначыўшы, што затрыманне і крымінальны пераслед рэдактара незалежнага выдання — гэта працяг мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працяг наступу на свабоду слова.
У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання і засяродзілася на інтэрнэт-версіі. У студзені 2023 года Мінінфарм на падставе рашэння суда Маладзечанскага раёна ўнёс сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля атакі сілавікоў на рэдакцыю і затрымання галоўнага рэдактара, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» яшчэ і кантэнт выдання ў сацсетцы «ВКонтакте».
Сёння на суд патрапіла каля двух дзесяткаў чалавек. Памочнік пракурора зачытаў сутнасць абвінавачання, былі дапытаныя сведкі.
Падтрымайце Аляксандра паштоўкай альбо лістом: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Барысавіч Манцэвіч.