Палітвязня двойчы за год асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" і дадалі да 22 год калоніі яшчэ тры гады
Палітзняволенага жыхара Брэскай вобласці Вячаслава Малейчука двойчы за год асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса.
Асуджаны 30 траўня 2022 года Мінскім абласным судом па шэрагу “тэрарыстычных” артыкулаў судом на 22 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму 38-гадовы Вячаслаў Малейчук адбываў пакаранне ў ваўкавыскай ПК № 11.
22 гады калоніі прызначылі Вячаславу Малейчуку за "падрыхтоўку тэрактаў" на леташні Дзень Волі
10 лютага у судзе Ваўкавыскага раёна супраць Вячаслава распачалі справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" паводле ч. 1 арт. 411 КК. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў яго вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год. Пасля прысуду Малейчука накіравалі ў папраўчую калонію № 9 у Горкі, вядомую сваім жорсткім рэжымам.
Новы суд, ужо па ч. 2 арт 411 Крымінальнага кодэкса адбыўся 23 жніўня 2023 года ў выязным пасяджэнні суда Горацкага раёна непасрэдна ў калоніі. Абвінавачаны ў судовым пасяджэнні сваю віну ў здзяйсненні злачынства не прызнаў. Ад дачы паказанняў адмовіўся. Суддзя Алена Вераб'ёва дадала да агульнага тэрміну яшчэ два гады пазбаўлення волі.
Па сутнасці абвінавачання Малейчук катэгарычна адмаўляўся выходзіць на працу ў першую змену на дрэваапрацоўчы ўчастак калоніі. Напачатку яго змясцілі ў ШІЗА, затым на адзін месяц перавялі ў памяшканне камернага тыпу.
Такім чынам, па сукупнасці прысудаў, да двух гадоў суд пазбаўлення волі часткова далучыў 20 гадоў 5 месяцаў пазбаўлення волі з неадбытай часткі пакарання і канчаткова прызначыў Малейчуку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 22 гады і 5 месяцаў з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.