viasna on patreon

Пятнічнае папаўненне "экстрэмісцкага" спісу і затрыманні: хроніка пераследу 22-23 верасня Дапоўнена

2023 2023-09-22T12:40:00+0300 2023-09-24T23:07:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padabed-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Журналісту Паўлу Падабеду пакінулі прысуд без зменаў

У Мінску ў чэрвені палітзняволенога журналіста і відэааператара Паўла Падабеда асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Яму інкрымінавалі «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 КК. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

Павел Падабед.

Падабеда абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для раследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненьне відэаапэратара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамет.

Па інфармацыі @bajby, сёння Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязня без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Юрыя Руткоўскага. Хутка Паўла перавядуць у калонію.

Падтрымайце палітвязня: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Паўлу Васільевічу Падабеду.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 34 прозвішчы — сярод іх праўнук Якуба Коласа

22 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Цяпер у спісе налічваецца 3324 чалавекі.

Сярод іншых, у спіс дадалі праўнука Якуба Коласа Мікіту Бруя, журналістку Ларысу Шчыракову, фігурантаў справы аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багаўкова, музыку Мікіту Найдзёнава.


Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі праграміста EPAM з жонкай з фільма DELFI пра беларускія пратэсты

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што працуе ў EPAM і мае вялікі заробак. Разам з жонкай яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту — кадры з імі нібыта трапілі ў фільм DELFI пра беларускія пратэсты, так іх і знайшлі сілавікі.

Нагадаем, у ліпені на канале «RU Delfi Литва» быў апублікаваны фільм «Хронікі сучаснасці» Мікалая Мамінава пра беларускія пратэсты — у ім аўтары не хавалі твары пратэстоўцаў. Адразу пасля выхаду фільма ім зацікаваліся сілавікі і паабяцалі знайсці пратэстоўцаў.


У Гомелі затрымлівалі работнікаў банку

Затрыманні адбываліся ў галоўным філіяле Беларусбанку на вуліцы Фрунзэ напачатку бягучага тыдня. «Сілавікі» зладзілі дагляд смартфонаў работнікаў на працоўных месцах. Як мінімум тры работнікі не прайшлі «праверку», іх затрымалі.


У Лідзе быў затрыманы Павел Лукашэвіч

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за каментары ў Telegram, якія абражаюць Лукашэнку, міліцыянтаў і суддзяў.

Таксама ён нібыта далучыўся да чат-бота плана «Перамога», піша @Grodno_grab.


У Лідзе затрымалі мужчыну і ягонага начальніка, які папярэдзіў пра небяспеку

У пятніцу, 22 верасня, у Лідзе затрымалі чалавека, якога абвінавацілі ў тым, што ён нібыта абражаў міліцыянтаў і суддзяў, а таксама, маўляў, уступіў у план «Перамога». Пасля ж гэтая нібыта стандартная для цяперашніх часоў гісторыя атрымала працяг, паведамляе «Люстэрка».

Пра тое, што яго шукаюць, мужчыну нібыта папярэдзіў майстар ягонага прадпрыемства, і сёння, 23 верасня, яго затрымалі таксама.

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманым кіраўніком нават раней за затрыманага мужчыну. На відэа ён гаворыць, што працуе майстрам на прыватным прадпрыемстве.

У самога майстра ў тэлефоне нібыта знайшлі «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ягонага сына, студэнта Гродзенскага ўніверсітэта, затрымлівалі мінулай восенню «за экстрэмізм».


У «спіс тэрарыстыў» дадалі яшчэ 10 чалавек — сярод іх грамадзянін Украіны

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзесяць чалавек.

Сярод іх Барыс Пухальскі, украінец Іван Ліхалат, Іван Бародзіч, Аляксей Бародка, Андрэй Фамін, Аляксандр Галуза, фігуранты справы аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане Сяргей Рабушка, Аляксандр Напрэенка, Максім Зуеў і Вадзім Багаўкоў.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1110 чалавек, з іх 358 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1119 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Работнікаў МНПЗ жорстка затрымалі, а прапагандысты знялі сюжэт аб "нацысцкіх выказваннях"

Мазырскія прапагандысты знялі сюжэт аб затрыманні працаўнікоў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Словы ў падтрымку Украіны, знойдзеныя на тэлефоне аднаго з работнікаў, прапагандысты назвалі «нацысцкімі выказваннямі правага толку».

У сюжэце бачна, як сілавікі жорстка затрымліваюць працаўнікоў МНПЗ. Калі гэта адбылося, не паведамляецца. Афіцыйная падстава для затрымання — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Далей у сюжэце паведамляецца, што ў аднаго з працаўнікоў на тэлефоне знайшлі відэа застолля, на якім простыя работнікі выказваюцца ў падтрымку Украіны:

— Слава Украіне! Беларусы за родную брацкую Украіну.

— Героям Слава! Слава Украіне!

Прапагандыстка за кадрам паведаміла, што гэтыя словы быццам бы нацысцкія, піша @flagshtok.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства