Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 12-13 верасня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
13 верасня
ГУБАЗіК затрымаў за каментары яшчэ аднаго мужчыну
Затрыманаму Дзмітрыю Чарнуху — 28 гадоў. Ён з Барысава. Працаваў у розных месцах і нічым асабліва не вылучаўся.
У 2020-м мужчына пакінуў амаль 400 каментароў у розных чатах і не выдаляў іх. Цяпер за іх на яго завялі крымінальныя справы, калі верыць каналу ГУБАЗіКа.
Старшыню БКДП Аляксандра Ярашука пераводзяць на турэмны рэжым у Магілёў
Нагадаем, Аляксандр быў асуджаны да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — да 2 гадоў, а Ірына Бут-Гусаім — да 1 года і 6 месяцаў.
Актывістаў абвінавачвалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч.3 арт. 361).
Пра ціск на палітвязня "Свабодзе" паведаміў актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазьнякоў:
"Ведаем, што яму дастаецца, на яго ад пачатку моцна ціснулі і цяпер не адчапіліся. За што кідаюць у „крытку“, пакуль нам не вядома. Але зразумела, што падставу знойдуць, калі ёсць загад. Перавод у крытую турму для яго, чалавека ўжо пэнсійнага ўзросту, азначае новыя выпрабаванні. Разумеем, што ў маральным і ў фізычным сэнсе крытая турма — гэта значна цяжэй, чым калонія. Але даходзяць звесткі, што ён трымаецца мужна".
12 верасня
У «спіс тэрарыстыў» дадалі яшчэ шэсць чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ шасці чалавек.
Сярод іх Сяргей Леанюк, Сяргей Грыцэня, Дзмітрый Белямук, Віталь Цыдзік, Аляксандра Каско, Юрый Мінін.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1100 чалавек, з іх 350 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1109 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы «За нашу i вашу свабоду/Rerum Novarum», «Беларусы ў Маскве | Беларусы в Москве»;
- Старонкі ў Instagram, Facebook, «Укантакце» і Twitter праекту «Хрысцiянская вiзiя»;
- Старонкі ў Instagram «stopluka2020», «Беларусь за МКАДом»;
- Сайт і сацсеткі праекту «Народный опрос».
Пратэстанцкага пастара з Дзісны асудзілі за несанкцыянаваны доступ да інфармацыі
28 жніўня старшыня Мёрскага райсуду Ірына Яскевіч асудзіла жыхара Дзісны Дзмітрыя Шавякова да штрафу памерам 20 базавых велічыняў (740 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым паводле арт. 23.4 КаАП (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі). Дзмітрый — пастар евангельскай царквы «Возрождение».
У банку судовых рашэнняў сутнасць правапарушэння выкладзена каротка і без падрабязнасцяў: Шавякоў «неаднаразова здзейсніў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме, сетцы і на машынных носьбітах з парушэннем сістэмы абароны» аднаго з мясцовых ААТ.
ГУБАЗіК затрымаў студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі
На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што вучыцца на 2 курсе, а затрымалі яго нібыта за распаўсюд «нацысцкай сімволікі і экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама за тое, што ў адной з сацсетак у яго на аватарцы стаіць сімволіка палка імя Кастуся Каліноўскага.
Палітзняволенага Рыгора Кастусёва шмат часу трымаюць у ШІЗА
Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык. «Пасля доўгага перапынку Рыгор Кастусёў звязаўся з роднымі. Стала вядома, што ён праводзіць шмат часу ў штрафным ізалятары...», — напісаў ён.
Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.