Мінчука, якога ў 2020-м "адбілі" ад затрымання на пікеце па збору подпісаў, цяпер судзяць па крымінальных артыкулах
У Мінскім гарадскім судзе 4 верасня распачаўся суд над 36-гадовым Яўгенам Гормашам. Гэта той самы мінчук, якога людзі "адбілі" ад затрымання на пікеце па збору подпісаў 31 траўня 2020 года пасля таго, як той крыкнуў супрацоўнікамі ДАІ "Ганьба!". Цяпер Яўгена судзяць у межах крымінальнай справы за "ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "удзел у экстрэмісцкім фармаванні","абразу Лукашэнкі". Справу разглядае Любоў Сімахіна.
31 траўня 2020 года падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай каля Камароўкі ў сталіцы сабралася вялізная чарга. Кіроўцы аўтамабіляў, якія праязджалі там, падтрымлівалі сігналамі гэтых людзей. Супрацоўнікі ДАІ спынялі машыны і штрафавалі кіроўцаў. Гормаш абурыўся такімі іх дзеяннямі і крыкнуў "Ганьба!". Двое даішнікаў паспрабавалі яго затрымаць, але некалькі жанчын маладога чалавека "адбілі". Пазней высветлілася, што Гормаша затрымалі людзі ў цывільным каля яго дома, забралі ў мікрааўтобус разам з роварам. Пазней яго аштрафавалі на 1350 рублёў па трох адміністрацыйных пратаколах: за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі і дробнае хуліганства.
Але Яўгену дапамаглі сабраць грошы на пляцоўцы molamola.by на штраф літаральна за хвіліны. Паведамлялася, што "людзі так актыўна выказвалі салідарнасць, што не вытрымліваў сайт". "Еўрарадыё" пісала, што паколькі грошай сабралі больш, чым трэба, раварыст планаваў перавесці частку сумы на дапамогу іншым затрыманым на акцыях у падтрымку Сяргея Ціханоўскага.
Цяпер мінчука затрымалі ў межах крымінальнай справы і абвінавачваюць паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні);
- ч. 1 арт. 369 (абраза Лукашэнкі).
Падрабязнасці праваабаронцам невядомыя. Яўгену пагражае да шасці гадоў зняволення.
Падтрымайце вязня: СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030, Яўген Аляксандравіч Гормаш