"Маючы пры сабе атрыбутыку – сцяг бел-чырвона-белага колеру, выказваў свае грамадска-палітычныя погляды"
Судом Кастрычніцкага раёна Мінска па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) асуджаны 36-гадовы Андрэй Курылёнак. 16 чэрвеня справу разглядала суддзя Іна Сівец.
Пра Курылёнка вядома, што ў 2017 годзе ён балатаваўся ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. А 10 жніўня 2020 года быў затрыманы на масавай акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска і арыштаваны. Таксама 10 сутак адміністрацыйнага арышту яму прысудзіў суд 13 красавіка 2022 года за “непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы” паводле арт 24.3 КаАП.
Мае на ўтрыманні непаўнагадовых дзяцей.
Па матэрыялах абвінавачання, у жніўні 2020 года, “маючы пры сабе атрыбутыку – сцяг бел-чырвона-белага колеру, з дапамогай якой выказваў свае грамадска-палітычныя погляды ў мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэснага настрою ў грамадстве, наўмысна ажыццявіў блакаванне руху транспартным сродкам, з дапамогай перакрыцця праезнай праспекта Пераможцаў”.
Суд прызначыў Курылёнку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады 6 месяцаў.
14 ліпеня 2023 года Курылёнак быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.