viasna on patreon

"Яго паважалі за паслядоўнасць у адстойванні сваёй пазіцыі". Былыя палітвязні — пра Алеся Пушкіна

2023 2023-07-31T12:47:46+0300 2023-08-01T13:25:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/makavecki_pushkin.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ноч з 10 на 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін, куды ён трапіў з гродзенскай турмы. Як пазней высветлілася, у Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца. Праваабаронцы "Вясны" працягваюць збіраць інфармацыю пра пераслед, зняволенне і смерць Алеся Пушкіна. За кратамі палітвязень утрымліваўся больш за два гады. Што з мастаком адбывалася за кратамі два гады — "Вясна" сабрала ўспаміны былых палітвязняў пра Алеся Пушкіна. 

"Калі я тут знаходжуся, то значыць я нармальны беларус"

Арцём намаляваў камеру
Камера № 63, у якой утрымліваўся Алесь Пушкін

Былы палітзняволены (імя не называецца ў мэтах бяспекі) утрымліваўся ў СІЗА-1 з Алесем Пушкіным узімку 2021-2022 года.

"Мы былі ў камеры № 63, дзе было ўсяго 24 чалавекі на 25 квадратных метры. Яго перавялі з жодзінскай турмы. З намі ён прабыў каля трох месяцаў, а потым яго перавялі ў іншую камеру. Гэта было дзеля таго, каб яго пакараць і маральна прыціснуць.

Алесь заўсёды размаўляў на беларускай мове. Ён спрачаўся з тымі, хто не ведаў мовы ці не хацеў размаўляць па-беларуску. Алесь не разумеў гэтага.

У камеры мы — 24 чалавекі — не маглі фізічна ўсе разам знаходзіцца адначасова на першым паверсе, таму нам дазвалялася днём сядзець на другім і трэцім паверсе ложкаў. Алесь мог задрамаць там, таму супрацоўнікі ругаліся і выпісвалі за гэта рапарты. Ніякіх паблажак яму не рабілі, негледзячы на яго сталы ўзрост. Але я не магу сказаць, што ў супрацоўнікаў СІЗА было нейкае прадузятае стаўленне менавіта да яго, бо гэта распаўсюджвалася на ўсіх. Падчас шпацыраў Алесь мог загаварыць з "прадольным" і высвятляць яго стаўленне да сітуацыі ў краіне. Але ніхто не хацеў з ім размаўляць.

У Алеся не было расчаравання. Сваё зняволенне ён перажываў абсалютна нармальна. Ён казаў: "Калі я тут знаходжуся, то значыць я нармальны беларус, які нічога дрэннага не зрабіў, а толькі любіць сваю Радзіму". Мы з ім размаўлялі на розныя тэмы, жартавалі. Яму было цікава ўсё. Настрой у Алеся быў супер-баявы.

Алесь стараўся глядзець на жыццё з розных бакоў. У камеры ў нас быў невялічкі тэлевізар. З Алесем мы глядзелі Алімпіяду. Але па праграме нічога цікавага не было, таму мы глядзелі кёрлінг. Памятаю, у камеры была спрэчка, бо мы глядзелі незразумелы від спорту. Мы з Алесем удвох сядзелі перад тэлевізарам і спрабавалі разабрацца ў правілах кёрлінга. Нам сапраўды было цікава, бо гэта было нешта новае для нас.

Алесь быў вельмі ідэйны чалавек. Памятаю, неяк мы спрачаліся наконт таго, ці выдасць ён месцазнаходжанне карціны са справы, калі, напрыклад, пачнуць у суседнім пакоі катаваць ягоных блізкіх. Ён упэўнена і цвёрда адказваў, што не. Я тады з ім вельмі пасварыўся.

Здароўе на яго 57 гадоў было вельмі добрае. Ніякіх сур'ёзных скаргаў на здароўе не было.

Для яго былі скарбам усе лісты, якія даходзілі да яго. Яму пісалі абсалютна розныя людзі. Гэта былі прыгожыя і цікавыя лісты. Ён казаў: "Калі ў нас будзе які-небудзь музей, то гэтыя лісты знойдуць сваё месца там". Ён адказваў на ўсе лісты. Сапраўды было бачна, што гэта быў скарб для яго".

"Упэўнены, што ў смерці чалавека, у якога не было ніякіх праблем са здароўем, нехта вінаваты"

Былы палітвязень вельмі балюча ўспрыняў навіну пра смерць Алеся:

"У мяне адразу з'явілася апусташэнне ўнутры, а потым — злосць на тых, хто мае дачыненні да гэтага. Я ўпэўнены, што ў смерці чалавека, з якім я жыў тры месяцы і ў якога не было ніякіх глабальных праблем са здароўем, нехта вінаваты. Злосць на рэжым, на датычных да смерці, на беларусаў, якія не могуць нічога зрабіць... Пасля гэтай злосці прыйшло разуменне, што трэба нешта рабіць далей, бо вызваленне Беларусі, палітвязняў — адна з маіх асабістых мэт жыцця. Але пакуль затрыманых людзей становіцца толькі больш. Людзей, якія ў 2020 годзе выступілі супраць рэжыму, вельмі шмат. На затрыманне ўсіх могуць спатрэбіцца гады... У зняволенні я сустрэў шмат годных людзей, якіх асудзілі на вялікія тэрміны. Некаторым прызначылі такія тэрміны, што яны могуць наўпрост не дасядзець свае тэрміны і іх гісторыі могуць скончыцца, як у Алеся".

"Знаходжуся не ў зняволенні, а ў творчым адпачынку"

Партрэт Арцёма Майсіёнка. Аўтар: палітвязень Алесь Пушкін
Партрэт вязня аўтарства Алеся Пушкіна

Былы палітвязень узгадвае, як яго маляваў Алесь Пушкін на "Валадарцы":

"Ён амаль усіх з камеры намаляваў. Алесь казаў так: "Я цяпер знаходжуся не ў зняволенні, а ў творчым адпачынку. І я цяпер адмыслова напрацоўваю руку, малюючы ўсіх і робячы замалёўкі". Ён хоча потым стварыць нейкі музей. У яго было шмат сваіх замалёвак. Напрыклад, у цемры ён пабачыў праменьчык і хутка гэта замаляваў. Памятаю, мы стаялі ў прагулачным дворыку і глядзелі на неба і вежу праз краты, і кажам: "Алесь, класны план!" Ён пастаяў, падумаў, а потым прыйшоў у камеру і намаляваў наадварот — зверху: як быццам ахоўнік зверху глядзіць, а пад кратамі натоўп людзей.

 Мой партрэт заняў хвілін 20-30. Я сядзеў на лаўцы дзесьці, пакуль ён мяне маляваў".

"Яго паважалі за паслядоўнасць у адстойванні сваёй пазіцыі" 

Яшчэ адзін вязень "Валадаркі" распавёў "Вясне", што хоць не сядзеў з Алесем Пушкіным у камеры, але шмат чуў пра яго:

"Асабіста з Алесем не перасякаўся, але мы сядзелі ў адным СІЗА восенню і зімой 2021-2022 года, таму я часта бачыў людзей, якія сядзелі з Алесем у адной камеры. Распавядалі пра яго шмат. Пра мастака, які крута малюе. Хтосьці пераблытаў яго з вядучым "Падарожжаў дылетанта". Відаць, у Алеся была архетыпічная знешнасць беларускага інтэлігента. Для ўсіх сумесны побыт з Алесем быў нечым запамінальным і адметным.

Ён маляваў сукамернікаў. Здаецца, ва ўсіх, хто сядзеў з ім, былі ўласныя партрэты. Яны іх захоўвалі, ахвотна паказвалі і адпраўлялі дадому. Людзі на гэтых партрэтах выглядалі высакародна, ён быццам знаходзіў нейкія годныя рысы ў абліччах і акцэнтаваў іх. Алесь гаварыў па-беларуску. І гэта таксама адлюстроўвалася ў расповядах, якія качавалі з хаты ў хату".

Былы вязень "Валадаркі" пацвярджае, што Алеся змяшчалі ў карцар яшчэ да абвяшчэння прысуду.

"Сядзеў з Алесем Пушкіным і ўжо звык, што кожная раніца пачынаецца з "перадайце цукар, калі ласка", — з усмешкай успамінаў ягоны былы сукамернік за сняданкам. Яго паважалі за характар і паслядоўнасць у адстойванні сваёй пазіцыі. Праз упартасць і тэмперамент у яго былі праблемы з адміністрацыяй. Многія зняволеныя абіраюць тактыку найменшага супраціўлення, але не Алесь. Ён мог зацята спрачацца, калі размова заходзіла пра будучыню Беларусі. Было відаць, што нягледзячы ні на што, ён быў перакананы: ягоная мара і мара сотняў тысяч абавязкова здзейсніцца. І яна здзейсніцца, але ўжо без Алеся..."

"Алесь вельмі рады быў чуць пра Пачобута"

Яшчэ адзін вязень СІЗА-1 распавёў, што сустракаўся з Алесем Пушкіным у сакавіку 2022 года ў "адстойніку" — транзітнай камеры, адкуль адпраўляюць на суды ці прывозяць з ізалятараў. Высветлілася, што нейкі час мастак утрымліваўся на "Валадарцы" ў адной камеры з журналістам Андрэем Пачобутам. 

"Алесь быў вельмі пазітыўны і ў добрым настроі. Быў таварыскім, абменьваўся думкамі на розныя тэмы з палітвязнямі, якія выпадкова трапілі ў гэтую камеру, і паралельна жадаючым маляваў іх партрэты. Размаўляў па-беларуску, быў коратка стрыжаны, наколькі памятаю, у сіняй вышыванцы.

Я падышоў і сказаў яму, што ў жодзінскай турме маім сукамернікам быў Андрэй Пачобут, які пра яго вельмі станоўча адгукаўся, распавядаў пра яго забаўныя турэмныя гісторыі, пра яго прынцыповасць, нязломнасць. Алесь вельмі рады быў чуць пра Пачобута, сказаў у адказ нешта тыпу, што ён сам вельмі круты, сапраўдны рыцар. І як раз у гэты момант адкрылі камеру і нас пачалі разводзіць да канваіраў..."

"Ён хацеў данесці, у тым ліку турэмшчыкам, што ён сядзіць за сваё — за мастацтва"

makavecki_pushkin.png
Уладзіслаў Макавецкі малюе партрэт Алеся Пушкіна. Скрыншот з ютуб-канала "Мы вернемся"

15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 22. Сваёй жонцы мастак некалі казаў, што ў калоніі "яшчэ горш, чым было ў СІЗА на Валадарскага". У калоніі № 22 з Алесем Пушкіным сябраваў мастак Уладзіслаў Макавецкі, які быў знаёмы з ім да затрымання. Ён распавёў ютуб-каналу "Мы вернемся" пра палітвязня ў калоніі: 

"Алесь адразу сказаў, што не будзе супрацоўнічаць з рэжымам — ён не будзе нешта для адміністрацыі калоніі маляваць. Ён казаў: "Гэта не для мяне. Я магу нешта намаляваць для зэка, а для адміністрацыі і калоніі — не".

Алесь казаў: "Гэта [зняволенне] гульня, і я ў яе гуляю"... Гэта ён так уяўляў, а на самой справе рэжым хацеў яго зламаць. Ён гэтага не разумеў... Ён хацеў данесці, у тым ліку турэмшчыкам, што ён сядзіць за сваё — за мастацтва. Яны гэта не разумелі... А можа і разумелі — я не ведаю, але ставіліся да яго нядобра, карацей".

Уладзіслаў распавёў, што Алесь маляваў зняволеных задарма — нічога не браў.

"Светлы чалавек, нязломны, беларус, мастак — вось такі Алесь Пушкін. Ён вельмі такі наіўны, добразычлівы чалавек, які ўсім верыць, з адкрытым сэрцам, заўсёды ўсміхаецца ўсім".

Былы палітвязень кажа, што для яго Алесь — герой Беларусі і легенда мастацтва. Уладзіслаў распавёў у відэасюжэце, што Пушкін быў здаровым чалавекам. Былы палітвязень дзеліцца, што ў планах мастакоў было сустрэцца пасля зняволення і займацца творчасцю.

Партрэт Алеся Пушкіна. Аўтар: Уладзіслаў Макавецкі
Партрэт Алеся Пушкіна. Аўтар: Уладзіслаў Макавецкі

"У Алеся была мара —  незалежная дэмакратычная Беларусь".

Былы палітвязень узгадвае, што Алеся дыскрымінавалі ў калоніі праз беларускую мову:

"Яму кажуць: "Говори нормально!" Ён кажа: "Дык я ж нармальна, вось даклад даю". А яны: "Не, гэта не нармальна, давай, каб я цябе разумеў". Яны разумелі беларускую мову, але рабілі гэта наўмысна, каб яму цяжка было".

Пры гэтым, як адзначае Уладзіслаў, Алесь стараўся не парушаць правілы рэжыму калоніі. Наогул ён быў добразычлівым нават да адміністрацыі калоніі.

"Ён з імі не ваяваў, ён добра ставіўся да іх. Ён думаў: "Вы мяне ахоўваеце — у вас такая праца, а ў мяне такая праца — сядзець. Але яны этапавалі яго далей, узмацнілі рэжым, адправілі на крытую і давялі да таго, што мы даведаліся, што яго няма..."

"Які «нармальны» зэк стане набіваць пад сэрцам Рагнеду з надпісам «Беларусь перад усім»?"

Былы палітзняволены журналіст Аляксандр Івулін сустрэўся з Алесем Пушкіным на "каранціне" ў папраўчай калоніі № 22. Паводле яго за першы тыдзень у калоніі Алесю выпісалі два рапарты за "парушэнні", і той апынуўся ў атрадзе ўжо ў якасці "злоснага парушальніка рэжыму". Журналіст таксама ўзгадаў і пра дыскрымінацыю ў калоніі Алеся па беларускай мове: 

"А теперь давайте еще раз, но на нормальном языке. На этом я вас не понимаю». Рэакцыя вертухая на беларускамоўны рапарт-даклад Алеся Пушкіна. Мастак губляўся. Ледзьве падбіраў словы, але выконваў «законные требования сотрудников администрации»".

Івулін адзначае, што Алесь "быў занадта добры нават у дачыненні да супрацоўнікаў, якія без тлумачэння канфіскоўвалі ягоныя запісы і малюнкі". Пушкіну было складана наладжваць камунікацыю з дасведчанымі вязнямі.

"Яны не разумелі яго. Ну які «нармальны» зэк стане набіваць пад сэрцам Рагнеду з надпісам «Беларусь перад усім»?"


Малюнкі Алеся Пушкіна можна паглядзець на асобнай старонцы праекту PrisonarArt.

Справа за перформанс у Кіеве, карцар падчас суда. Новыя падрабязнасці пераследу мастака Алеся Пушкіна

Праваабаронцам "Вясны" таксама стала вядома, што Алесь Пушкін падрыхтаваў апошняе слова на 23 старонкі, але праз тое, што суд быў закрыты, грамадскасць яго не пачула.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства