Сем нарвежскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" зняволеных прафсаюзных актывістаў
Да кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай "Libereco — Партнёрства за правы чалавека", далучыліся сем нарвежскіх парламентарыяў. Яны сталі сімвалічнымі "хроснымі" для зняволеных прафсаюзных актывістаў: Аляксандра Капшуля, Аляксандра Кандрацюка, Сяргея Сляжова, Вольгі Барушка, Яўгена Батуры, Аляксея Забірана, Андрэя Шульгата.
Кірсці Бергстэ — дэпутатка нарвежскага парламента і лідарка Сацыялістычнай Левай партыі Нарвегіі. Яна стала хроснай Аляксандра Капшуля і заявіла:
"Аляксандр Капшуль патрапіў у турму за тое, што выступаў за дэмакратыю ў Беларусі. Забастоўкі з'яўляюцца законным сродкам, а ад моцных і голасных прафсаюзаў залежыць правасуддзе. Мая найглыбейшая салідарнасць з мужнымі людзьмі ў Беларусі, якія працягваюць барацьбу за дэмакратыю, нягледзячы на пагрозу арышту і жорсткі гвалт, які здзяйсняецца беларускай дзяржавай. Я рашуча асуджаю парушэнні правоў чалавека беларускай дзяржавай. Як хросная, я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Аляксандра Капшуля".
Марыян Хусейн з'яўляецца дэпутаткай нарвежскага парламента і нарвежскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Хусейн стала хроснай маці для Аляксандра Кандрацюка і сказала:
"Аляксандр Кандрацюк быў заключаны ў турму за тое, што выступаў за дэмакратыю ў Беларусі. Свабода слова з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, а прафсаюзы з'яўляюцца законнымі і гуляюць вырашальную ролю ў барацьбе за справядлівасць. Я салідарна з мужнымі людзьмі ў Беларусі, якія працягваюць барацьбу за дэмакратыю, нягледзячы на пагрозу арыштаў і жорсткага гвалту. Я рашуча асуджаю аўтарытарную беларускую дзяржаву. Як хросная, я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Аляксандра Кандрацюка".
Аўдун Лісбакен, дэпутат нарвежскага парламента, стаў хросным бацькам Сяргея Сляжова. Дэпутат заявіў:
"Я глыбока салідарны з Сяргеем Сляжовым, які апынуўся ў турме за ажыццяўленне свайго законнага права на свабоду слова. Прафсаюзы з'яўляюцца асновай любога справядлівага грамадства, і я падтрымліваю ўсіх мужных беларусаў, якія выступаюць за дэмакратыю і справядлівасць. Я буду хросным Сяргея Сляжова і буду патрабаваць неадкладнага вызвалення яго і іншых палітычных зняволеных у Беларусі".
Інгрыд Фіска — віцэ-прэзідэнтка нарвежскага парламента, член Пастаяннага камітэта па замежных справах і абароне. Яна стала хроснай Вольгі Барушка. Фіска заявіла:
"Вольга Барушка была заключана ў турму за тое, што выступала за дэмакратыю ў Беларусі. Свабода слова з'яўляецца фундаментальным правам чалавека ва ўсіх дэмакратычных краінах. Я глыбока салідарна з Барушкай і іншымі смелымі прафсаюзнымі актывістамі, якія змагаюцца з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Як хросная я заклікаю да неадкладнага вызвалення Вольгі Барушкі і іншых палітычных зняволеных у Беларусі".
Біргіт Олін К'ерстад — дэпутатка парламента Нарвегіі. Яна стала хроснай Яўгена Батуры і сказала:
"Яўген Батура патрапіў у турму за тое, што выступаў за дэмакратыю ў Беларусі. Мірны пратэст з'яўляецца законным правам і фундаментальным для ўсіх дэмакратый свету. Мая глыбокая салідарнасць з Яўгенам і ўсімі мужнымі прафсаюзнымі актывістамі Беларусі, якія змагаюцца з аўтарытарнай дзяржавай. Як яго хросная я патрабую неадкладнага вызвалення Яўгена Батуры".
Фрэдзі Андрэ Аўстэгорд, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, стаў хросным Аляксея Забірана. Аўстэгорд падкрэсліў:
"Аляксей Забіран быў зняволены за выкарыстанне свабоды слова — фундаментальнага права ва ўсіх дэмакратычных краінах. Я асуджаю парушэнні правоў чалавека ў беларускай дзяржаве і выказваю поўную салідарнасць з Аляксеем і іншымі прафсаюзнымі актывістамі ў Беларусі, якія мужна выступаюць за дэмакратыю. Як яго хросны бацька патрабую неадкладнага вызвалення Аляксея Забірана і ўсіх іншых палітвязняў Беларусі".
Андрэас Сялг Уннеланд з'яўляецца членам Пастаяннага камітэта па правасуддзі. Ён стаў хросным Андрэя Шульгата і кажа:
"Андрэй Шульгат знаходзіцца ў турме за тое, што падняў голас супраць аўтарытарнага рэжыму. Свабода слова з'яўляецца фундаментальнай ва ўсіх дэмакратычных краінах. Я рашуча асуджаю парушэнні правоў чалавека беларускім рэжымам. Як яго хросны бацька патрабую неадкладнага вызвалення Андрэя Шульгата і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі".