Пракурор просіць прызначыць Эдуарду Бабарыку 10 гадоў калоніі
Мінскі абласны суд у выязным судовым пасяджэнні з 22 траўня разглядае крымінальную справу супраць палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 2 арт. 235 (легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса. Пад вартай Эдуарда ўтрымліваюць больш за тры гады. 28 чэрвеня сумнавядомы пракурор Аляксандр Кароль запрасіў для яго 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Суддзя Уладзімір Арэшка агучыць прысуд 5 ліпеня.
Яму ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаходнага падатку ў перыяд з 2012 па 2022 год. Нагадаем, што Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. У абвінавачванні гаворыцца, што ён "абавязаны быў дэклараваць даходы і валодаў рэальнай магчымасцю выканаць свае абавязацельствы, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю". Што характэрна, у Эдуарда ў зняволенні былі праблемы з ліставаннем, таму не зразумела, як ён мусіў прадаставіць у падатковую дэкларацыю аб падатках у СІЗА за два гады.
Паводле версіі абвінавачання, Эдуард Бабарыка, затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, садзейнічаў Сяргею Ціханоўскаму, затрыманаму 29 траўня 2020 года, у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Палітвязень, акрамя таго, абвінавачваецца ў аказанні дапамагання ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб па папярэдняй змове. Адзначаецца, што гэтыя дзеянні пацягнулі іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе ўзнікнення масавых беспарадкаў, прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры.
Эдуард Бабарыка не прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Ён заявіў, што не разумее сутнасці прад'яўленага яму абвінавачвання. Таксама ён падкрэсліў, што асабіста не быў знаёмы з Ціханоўскім.
Эдуард на судзе вырашыў даваць паказанні:
"Я не здзяйсняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны".
Ён таксама распавёў, што тыя 1,8 мільёна рублёў, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.
У СІЗА для Эдуарда стваралі "жудасныя ўмовы". У 2020 годзе ён два тыдні сядзеў у адзіночцы, а "потым, па вяртанні да суседзяў, ня мог нагаварыцца". У ягонай камеры былі такія спёка і вільгаць, што адзенне пакрывалася цвіллю. Яму моцна абмяжоўваюць ліставанне.
Эдуард кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola.
Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка