У Мінску пачалі судзіць палітвязня за самвыдат "Веснікі"
У Мінскім гарадскім судзе 15 чэрвеня распачаўся суд над палітзняволеным Андрэем Фаміным. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Веснікі", якую праз паўтара месяца пасля затрымання мужчыны прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Таксама Андрэя абвінавачваюць ва ўдзеле ў Маршы 30 жніўня 2020 года. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.
29-гадовага Андрэя Фаміна затрымалі 27 кастрычніка 2022 года. Зранку да хлопца заявіліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа ў поўным баявым абмундзіраванні і са зброяй. На гэта сонны Андрэй толькі зрэагаваў: "Можна я прачнуся спачатку?" Адзін з сілавікоў яму сімвалічна адказаў, што ён ужо прачнуўся. У праўладных каналах паведамлялася, што Андрэй нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Вестники".
"Андрэева маці адчыніла дзверы. Ёй сказалі, што, маўляў, знайшлі нейкія фатаграфіі за 30 жніўня 2020 года [гаворка ідзе пра акцыю пратэсту]. У Андрэя дома знайшлі два прадметы БЧБ-расфарбоўкі. Адзін з іх — значок. Калі яго адводзілі, то сілавік начапіў яго яму на байку".
Андрэя збівалі — гэта заўважна і на "пакаяльным" відэа, якое апублікавалі на наступны дзень пасля затрымання праўладныя Telegram-каналы.
У выніку хлопцу выставілі абвінавачванне за ўдзел у Маршы 30 жніўня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
9 снежня 2022 года групу грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Веснікі", прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Пазней Андрэю выставілі абвінавачванне яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
![]()
"Ты ўжо прачнуўся". Гісторыя Андрэя Фаміна, якога нядаўна затрымаў САХР і ГУБАЗіК