viasna on patreon

Затрыманне праваабаронцы, кіраўніцы хору і хапун у Ваўкавыску: хроніка пераследу 6 чэрвеня

2023 2023-06-06T14:40:00+0300 2023-06-06T15:02:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aleh-mackevicz_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Хапун у Ваўкавыску: забіралі работнікаў мясцовага мясакамбіната

Паводле крыніц @nashaniva, сілавікі 1 і 2 чэрвеня «адпрацоўвалі мясцовы мясакамбінат» — у пастарунку апынулася больш за 15 чалавек. Некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.

«У тэлефонах шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і палітычныя фота— і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на «суткі», невядома», — расказаў жыхар Ваўкавыска.


Усіх затрыманых медыкаў у Наваполацку звольнілі па артыкуле за прагулы

Пра гэта паведамляе @belhalat_by.

Нагадаем, 17 траўня адбылося масавае затрыманне медыкаў у Цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка — хірурга Міхаіл Пачкоўскага і уролага Паўла Стальмакова арыштавалі на 15 сутак, загадчыцу аддзялення гінекалогіі Ірыну Васільеву і фельчарку хуткай дапамогі Наталлю Первянёнак — на 10 сутак, а спецыялістку УГД Алу Стальмакову — аштрафавалі на 100 базавых (3700 рублёў).

Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі інфармацыі пра экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыку, які быў дастаўлены з калоніі ў бальніцу.


Кіраўніцу хору БДУ затрымалі за адмову выступіць на Данбасе

ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з кіраўніцай Народнай студэнцкай харавой капэлы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгай Міцянковай. На ім яна распавядае, што адмовіла ў выступе на Данбасе, паслаўшы тых, хто яе запрашаў, «следам за рускім караблём», піша @zerkalo_io.


Мінінфарм заблакаваў сайт газеты "Вячэрні Брэст"


@mediazona_by патэлефанавала ў рэкламны аддзел «Вячэрняга Брэста» пад выглядам занепакоенага жыхара. Па тэлефоне журналісту паведамілі, што сайт часова недаступны і будзе працаваць пазней. На пытанне чаму сайт недаступны, супрацоўнік аддзела адказаў, што «яго адключыла Міністэрства інфармацыі».

Газета «Вячэрні Брэст» выходзіць з 1991 года, адным з заснавальнікаў выдання з'яўляецца Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў.


У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча

Па інфармацыі @MAYDAYMog, 3 чэрвеня, у суботу, на сваім працоўным месцы быў затрыманы грамадзянскі актывіст і праваабаронца Алег Мацкевіч. Прычыны затрымання не паведамляюцца. Верагодна, у дадзены момант Мацкевіч знаходзіцца ў ІЧУ — на волю пасля затрымання ён не выйшаў.

Cілавікі ўжо затрымлівалі Мацкевіча ў студзені 2022 года — тады ў яго дома прайшоў ператрус.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства