viasna on patreon

"Я не асуджаная, я ў палоне". Маналог Алены Лысковіч — былой палітзняволенай пасля "хіміі"

2023 2023-06-02T14:52:51+0300 2023-06-07T15:12:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alena_lyskovich_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паўтара года Алена Лысковіч прабыла ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 25 у Гродне (так званая "хімія"). Яе асудзілі за рэзанансную “справу карагодаў” у Брэсце разам з дачкой Вікторыяй Лысковіч. У ПУАТ доўгі час Алена была адзінай жанчынай паводле палітычна матываванага крымінальнага артыкула. "Вясна" прыводзіць маналог ужо былой палітзняволенай пра тое, з чым ёй давялося сутыкнуцца на жаночай "хіміі".

alena_lyskovich_2.jpg
Алена Лысковіч пасля вызвалення

Секцыі і прафулік

З самага пачатку, як я туды заехала, адразу стала зразумела, што гэта не будзе лёгка. Я была першай палітычнай жанчынай, якая заехала на гэтую “хімію”.

Я была ў шоку. Бо калі ты ніколі не быў у гэтай сістэме, ніколі з гэтым не сутыкаўся, то для цябе ўсё гэта проста дзіка. Бо ты адразу разумееш, што там свае ўстоі, свае правілы. Гэта правілы адміністрацыі і камунікацыя з асуджанымі. І самы першы шок, які мяне нагнаў, — ад таго, што табе трэба неяк усвядоміць, што ты будзеш тут, што ты ўжо нікуды не пойдзеш, не з'едзеш, не вырвешся, што гэта трэба неяк прыняць — не адразу, але трэба. Але былі плюсы ў тым, што там была гарачая вада.

Гэтая ”хімія” ў цэнтры Гродна, таму будынак адрамантаваны, пэўна, за кошт сродкаў Еўразвязу. Але калі браць іншы бок: я ўмоўна прыкінула, што там прыходзіцца як мінімум два асуджаных на 1 квадратны метр, гэта значыць ты ўвесь час побач з кімсьці. Там жанчыны ў двух секцыях: першая — гэта тыя, каго пераводзяць па розных артыкулах з калоніі пасля працяглых тэрмінаў, а другая — гэта ўсё менш цяжкія, гэта аліментчыцы, дзяржабавязаныя асобы... У другой секцыі была я. Секцыя — гэта велізарнае памяшканне са шконкамі, як яны называюць (мне не падабаецца гэта назва, але па-іншаму не скажаш). 35 чалавек у адной секцыі, і 30 — у іншай.

І, як стала зразумела, мае ўмовы з шасці дзясяткаў чалавек будуць самымі жорсткімі. Яны адразу змяшчаюць цябе на другі паверх — то бок ты спіш зверху. Тваё спальнае месца будзе ў такім месцы, каб максімальна табе стварыць нязручнасці — то бок каб уся секцыя, усе 35 чалавек, хадзілі праз цябе: ты ляжыш на скрыжаванні ўсіх праходаў, абавязкова насупраць ўваходных дзвярэй у секцыю. Ну а пасля таго, як праз тыдзень цябе ставяць на прафулік і ў цябе з'яўляецца жоўтая бірка, ты становішся ўжо аб'ектам №1 для ўсіх — і для адміністрацыі, і для асуджаных.

Каб было зразумела, на прафуліку жанчыны непалітычныя — гэта тыя, хто здзейснілі злосныя правапарушэнні ўжо там, знаходзячыся на “хіміі”: уцёкі, ужыванне алкаголю, хтосьці дзяжурнаму ледзь вуха не адкусіў, біўся з дзяжурным — то бок надзвычайныя выпадкі. Ну а палітычныя — табе проста абвяшчаюць праз тыдзень, што паставілі на прафулік. Я задаю пытанне: “Назавіце прычыну, па якой мяне паставілі на прафулік”. Прычыны няма. І так усё паўтара года я задавала пытанне: “Назавіце прычыну”. А ў адказ проста смяшкі, проста вось такі здзек, бо адказу няма і не будзе.

"Хімія" — Літва: экс-палітзняволеная фігурантка "справы карагодаў" распавядае сваю гісторыю

Вікторыя Лысковіч распавяла "Вясне" пра падтрымку беларусаў, пра тое, як наладжана жыццё і праца на жаночай "хіміі" і чаму яна вымушана была бегчы з папраўчай установы.

 "Магільны чарвяк" і тры парушэнні

Адміністрацыя ўсіх называе па прозвішчы: “Ты, вось такая, куды пайшла, стаяць” — такі зварот кожны дзень. І кожны раз я казала ім: “Я — Алена Васільеўна”. Кожны прафулік, кожную гадзіну (ты павінен кожную гадзіну там называцца, хто ты і паводле якога артыкула), з месяца ў месяц я ім гэта паўтарала. І да канца тэрміну так адзін раз да мяне звярнуўся адзін. Гэта начальнік “хіміі” —падпалкоўнік міліцыі УДВП Гродзенскай вобласці Сяргей Аляксандравіч Гурын.

Ён атрымліваў асалоду ад псіхалагічнага гвалту над жанчынамі — гэта яго галоўны, скажам так, прынцып жыцця. Кожны тыдзень ён мяне выклікаў і пытаўся, ці не змяніла я свае перакананні. То бок ён цябе запрэсуе пад плінтус — так, як ён паступае з усімі асуджанымі, каб зрабіць з іх статак. А тут раптам з'яўляецца чалавек, які не хоча быць у гэтым статку. І ён гэта зразумеў. Таму з яго боку пачалі вынаходзіцца парушэнні.

У канцы ліпеня 2021 года я заехала на “хімію”, а ўжо ў кастрычніку ў мяне было першае парушэнне. Гэта было мэтанакіравана, проста прыдумана. Праз пасведчанне асуджанага. У Правілах унутранага распарадку пасведчанне заўсёды павінна быць пры сабе. І вось у адзін дзень яны прыходзяць да мяне на працу (на “хіміі” я працавала санітаркай у лабараторыі дыспансера псіхіятрыі і наркалогіі) і кажуць: “Дзе ваша пасведчанне?” Я кажу: “Са мной, у торбе”. А яны: “Так яно павінна быць не ў торбе, яно павінна быць тут, каля вас”. Ад мяне з’явілася пытанне: дзе гэта напісана, што яно павінна быць у мяне ў кішэні, што яно павінна быць у мяне, не ведаю, у тапачцы, напрыклад? Натуральна, гэта можна прад'явіць любому — але вядома ж гэта не прад'явілі нікому з усіх асуджаных, а толькі мне. Вось так нарадзілася маё першае парушэнне.

Потым, калі ішлі месяцы, ішоў тэрмін, маё меркаванне не змянялася, кожны раз пасля кожнай гутаркі начальніка “хіміі” гэта злавала і раздражняла. Але я не збіралася казаць: “Ведаеце, я раскаялася”. Адзін раз ён нават спрабаваў сказаць мне: “Вы ведаеце, што можна напісаць памілаванне на імя прэзідэнта?” Я кажу: “Каго?” І ён зразумеў, што размовы пра памілаванне не будзе, таму больш гэтае пытання не ўздымаў. Але затое ён працягваў свой псіхалагічны ціск. Кожны раз усюды, дзе б я ні праходзіла, ён чапляўся. Пастаянна выклікаў да сябе, пастаянна ў прыніжальнай форме спрабаваў, маўляў: “Што вы тут робіце? Чаму тут ходзіце? Чаму вы тут стаіце? Чаму вы тут?” І ён разумеў, што я яго ненавіджу. Таму ў нас вось такая канфрантацыя была. Ён далей страчыў парушэнні, дасылаў дзяжурных, якія лавілі мяне на роўным месцы. Я выйшла з душа, я трымаю ў руках ручнік — і проста павесіла на край, на спінку, нават не на ложак. А за спіной ужо дзяжурны стаіць і кажа: “О, усё, парушэнне” — і пабег хутчэй рапарт пісаць. Ведаеце, можна было напісаць і 1000 парушэнняў.

Прайшло дзесьці паўгода, і начальнік пачаў мяне запалохваць: “Вы паедзеце ў калонію, у вас парушэнне на парушэнні. Чаму ва ўсіх парушэнняў няма, а ў вас парушэнні?”

Кожны раз на яго словы: “Вы, асуджаная вось такая...” — я яму паўтарала: “Я не асуджаная, вы мяне трымаеце ў палоне”. У рэшце рэшт ён сам здаўся і пачаў казаць: “Ну так, так, вы не асуджаная, вы ў палоне”. Я кажу: “Менавіта, я ў палоне, і вы мяне тут трымаеце”.

Ён на роўным месцы заводзіў правакацыйныя размовы, маўляў: “Я вас сюды не клікаў, чаму вы сюды прыехалі, чаму вы закон парушылі”. Калі гэта пачыналася, натуральна, я спрабавала захоўваць сваю чалавечую пазіцыю, хоць гэта было вельмі нялёгка.

І вось у чэрвені 2022 года ён напісаў мне трэцяе парушэнне. Я мела права зайсці ў краму. І пайшла. У выніку ўвечары ён выклікаў мяне і пачаў казаць: “Вы не мелі права зайсці ў краму, таму я буду пісаць парушэнне”. То бок яму трэба было напісаць тры парушэнні, каб потым паспяхова напісаць афіцыйнае апавяшчэнне аб замене рэжыму. Каб я афіцыйна была паведамлена, што я па 55-м артыкуле Крымінальна-выканаўчага кодэкса падлягаю замене на больш строгае пакаранне. І ўсё. Вось гэта для яго быў наогул верх асалоды — калі ён павесіў на мяне на інфармацыйным стэндзе аб замене рэжыму, ён гэтым упіваўся. Кожны дзень ён паўтараў мне: “Ты паедзеш у калонію, ты паедзеш у калонію”. І я кажу: “Ну што ж, тут у мяне амаль калонія, дык якая розніца”.

Натуральна, я чакала чацвёртага парушэння. Маральна сябе да гэтага рыхтавала.

Я пачала сябе псіхалагічна адчуваць дзіўна. Перастала спаць. І вымушана была звярнуцца да псіхатэрапеўта, ён прапанаваў мне медыкаментознае лячэнне. Паціху падсела на антыдэпрэсанты і нейралептыкі. Бо па-іншаму ў мяне не было магчымасці заснуць.

І недзе праз месяц, у снежні, я пайшла да ўрача — той сказаў, што трэба легчы ў бальніцу, у аддзяленне пагранічных станаў. Там я праляжала месяц. Там прайшоў мой Новы год. І пасля гэтага я працягнула быць на прэпаратах. Часам, дарэчы, і яны не спрацоўвалі — пасля такіх паходаў да начальніка.

Наколькі нам вядома, раней ён быў паніжаны на пасадзе. Яго паставілі начальнікам ПУАТ, перавёўшы з упраўлення дэпартамента. І мы меркавалі, што такім чынам ён зрывае сваю злосць на жанчынах. У гэтай установе мы яго называлі Магільны чарвяк. Гэта быў наш выраз.

Іншыя палітвязні: гісторыя Марыны Сачыўкі

Улетку 2022 года да нас пачалі завозіць іншых палітычных дзяўчынак. Год я прабыла адна — і вось праз год іх сталі завозіць: з Мінска, з-пад Мінска, з Магілёва. Але больш за ўсё мінчанак было. І гэта былі прысуды па два гады, артыкулы 368, 369 — гэта значыць абраза прэзідэнта (неіснуючага) і абраза службовых асоб.

З адной з іх, Марынай Сачыўка, мы добра пазнаёміліся. Праз месяц знаходжання на “хіміі” яна даведалася, што цяжарная. А [начальнік] зразумеў, што гэта яе слабае месца, і пачаў з яе здзекавацца. То бок цяжарнасць была для яго такім асноўным матывам, каб Марыну проста псіхалагічна знішчаць, карыстаючыся тым, што яна не можа абараняцца. Вядома, ёй было вельмі цяжка.

Распавяду пра абуральнае бязмежжа з боку гэтага [начальніка]. Згодна з заканадаўствам, для такіх катэгорый жанчын у 12 тыдняў цяжарнасці мяркуецца перавод на “хатнюю хімію” (абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – заўв.). На што ён склаў дакументы: Марына не будзе пераведзеная на “хатнюю хімію”, бо калі прыйдзе дэкрэтны адпачынак, у яе будзе ўмоўна-датэрміновае вызваленне, і яна паедзе дадому. Суд падтрымаў яго трызненне.

І вось у канцы снежня 2022 года ў яе надыходзіць дэкрэт. І абвешчаны ў нас на “хіміі” паказальны суд: прыехаў суддзя, пракурор, сабралі ўсіх асуджаных, начальнік таксама прысутнічаў у зале. І тут паўстае гэтая оперупаўнаважаная, якая суправаджае па судах усіх асуджаных, і кажа: “А ў нас ад кіраўніцтва ПУАТ хадайніцтва. І мы хадайнічаем не аб умоўна-датэрміновым вызваленні, а аб узмацненні жорсткасці”.

І тут мы ўсе выпалі ў асадак. Атрымліваецца, яны падалі хадайніцтва аб тым, што Марыне будзе падоўжаная “хатняя хімія”. Што яе адбыццё “хіміі” з напраўленнем заменяць на хатнюю. То бок чалавек цалкам падмануты, уведзены ў зман.

Суддзя нешта там праглынуў, і ў нейкіх скамечаных фразах зачытаў паперу пра тое, што так і будзе. І праз пяць хвілін вынес пастанову аб тым, што Марына паедзе адбываць яшчэ паўтара года “хатняй хіміі”. І мы назіралі гэтае абуральнае бязмежжа, гэтае парушэнне ўсіх мажлівых і немажлівых нормаў закона. І самае страшнае, што судовая і пенітэнцыярная сістэма павязаныя ў адну суцэльную сістэму, якая займаецца толькі гвалтам над людзьмі, толькі пераследам.

Як Марына пратрымалася сем месяцаў там — аднаму Богу вядома. Нядаўна, 15 сакавіка, у яе нарадзілася дачушка. Дзякуй Богу, нарадзілася здаровае дзіцятка.

30 кастрычніка 2022 года — аблава на "хімікаў"

Я была ў чаканні замены рэжыму пасля трох парушэнняў, але тут — гэта пракацілася па ўсёй краіне — 30 кастрычніка была аблава на ўсе “хіміі”.

Усіх палітычных выклікалі ў кабінет начальніка і пачалі правяраць тэлефоны. Вядома, калі я заехала на “хімію”, я не магла ні на што падпісвацца.

Мой тэлефон быў цалкам пачышчаны, а яшчэ я сабе ўстанавіла двухэтапную аўтэнтыфікацыю на телеграм.

У іх атрымалася аднавіць мае паведамленні да майго заезду на “хімію”. У іх з'явілася нейкая праграма па аднаўленні праз IMEI тэлефона. Яны аднавілі нейкія мае ранейшыя каментары пра Шэймана.

Гэта быў ГУБАЗіК, у масках. Я кажу: “Прадстаўцеся, назавіце вашыя пасады, хто вы?” Ніхто не прадставіўся.

Яны павезлі мяне на допыт. Я была ўпэўненая, што на “хімію” ўжо не вярнуся, што вось надышла мая замена рэжыму. Я папрасіла, каб мне далі сабраць рэчы. І хутка пабегла ў секцыю, дзяжурны мяне суправаджаў, надзела на сябе двое штаноў, дзве кофты, шкарпэткі... Схапіла там нешта... Мыла, шчотку, ручнік.

ГУБАЗіК дапытваў мяне тры гадзіны. Ніхто не зняў маску, не назваўся. Чым больш я ім казала: “Вы ведаеце, хто я, а я не ведаю, хто вы”, тым больш пагроз і злосці ад іх. Дайшла справа да перыяду, калі ім трэба было паглядзець, што я рабіла ў тэлефоне на “хіміі”. На шчасце, я не змагла ўспомніць пароль ад двухэтапнай аўтэнтыфікацыі. Першы пароль, вядома, я ім дала — бо калі ты доступ ім не дасі, то самі разумееце... А другі пароль... Я проста выключылася. Гэта мяне, напэўна, выратавала.

У той момант псіхалагічна я ўжо была ... Гэта быў проста край, зашкальвала — не адрэналін і не страх, а тупіковае бяссілле, калі ты разумееш, што тут ужо нічога зрабіць не можаш, ты проста павінен сабраць свае думкі і скіраваць іх у адзін напрамак: што ты адсюль больш ужо не выйдзеш. Памятаю, я знайшла ў кішэні сваёй курткі маленькі абразок — ён са мной на “хіміі” быў — і пачала маліцца. І я перастала іх чуць. Яны зразумелі, што я “выключылася”.

Уключылася я на фразе: “Забірайце яе і вязіце ў РАУС”. Калі я гэта пачула, то зразумела, што мяне не павязуць у СІЗА. А гэта значыць, што могуць даць адміністрацыйку: суткі ці штраф. У мяне з'явілася маленькая надзея.

На мяне склалі пратакол, што я зрабіла скрын з сайта “Страны для жизни”, калі ён ужо экстрэмісцкім быў прызнаны. І мяне павезлі назад на “хімію”, чаму я вельмі ўзрадавалася.

Мне далі штраф у 800 беларускіх рублёў і канфіскавалі тэлефон. Але наш Магільны чарвяк, вядома, гэтым быў вельмі незадаволены. І з таго дня, 31 кастрычніка, на сваю працу я больш не выйшла — ён мяне закрыў да канца тэрміну, гэта значыць мне вырашыў зладзіць суткі сам: зачыніў без права выхаду на працу, без права выхаду ў горад.

Вызваленне і пераезд

Раніцай, калі мяне выпускалі, я ўсё роўна не верыла, што мяне там ніхто не чакае. Гэта была дзікая ўпэўненасць, што я выйду — і мяне зноў затрымаюць альбо тут за брамкай, альбо дома. Такія былі ў мяне думкі. Пры тым, што ты стараешся, наладжваеш сябе, што ты ўсё роўна тут ўнутрана змагаешся, што не зламаўся, тым не менш гэтае бязмежжа не дае чалавеку ніякай магчымасці падумаць пра тое, што ўсё можа быць інакш. Таму што ўся гэтая рэпрэсіўная машына працуе толькі ў адзін бок — закатвае людзей.

Адразу пасля вызвалення я не паехала дадому — баялася. Што яны адназначна прыйдуць, таму што ў іх мой тэлефон, у іх 100 доказаў, і, як яны мне сказалі, “Вы тут сабе пяць гадоў калоніі напісалі, таму можаце не турбавацца”.

На наступную раніцу мне патэлефанавалі з РАУС і сказалі, што я павінна прыехаць [у рамках нагляду — заўв.] — хоць у мяне было тры дні, каб стаць на ўлік. А потым яшчэ два гады ездзіць да іх па першым выкліку.

І за тры тыдні я ўбачыла, як гэта выглядае. За першы тыдзень я была ў РАУС пяць разоў, першыя тры дні наогул кожны дзень туды ездзіла. А потым яны пачалі мяне выклікаць кожныя выходныя, кожную нядзелю, а потым сярод тыдня. У прамежках паміж гэтым яны прыходзілі праз дзень, у 10 вечара правяраць, дзе я знаходжуся. Гэтыя тры тыдні мяне яшчэ больш пераканалі, што не сёння-заўтра яны прыйдуць за мной з кайданкамі. Рашэнне з'ехаць з краіны было складаным. Але я выбрала свабоду.

Я з’ехала ў Літву. Гэтай краіне я ўдзячная — тут можна спакойна хадзіць па вуліцах, я магу ўзяць свой сцяг і пайсці з ім на плошчу, магу казаць “Жыве Беларусь”. Для мяне гэта шмат значыць, таму што калі ты сядзіш у палоне ў рэжыму, ты не можаш нічога гэтага казаць... Гэта вельмі цяжка, калі ты проста звязаны па руках і нагах, і на вуснах тваіх пячаць, і ты закаваны, скаваны падпіскамі, распіскамі, пагрозамі... Ты нават не ведаеш, хто ты ёсць на дадзены момант. Але я магу сказаць адно — усё ж такі чалавек не павінен здавацца маральна.

Калі мы ў сілу абставінаў проста гвалтам і бязмежжам задушаныя — але мы ўсё роўна вольныя. А яны не. І яны ніколі не будуць вольныя, ніколі. Я заўсёды глядзела ім у вочы — і ніхто з іх не мог глядзець у вочы мне. Ніхто. А я — глядзела. Прама, годна, і ніколі ў мяне не было падставы апускаць вочы. А ў іх яна была. Але яны ўсё роўна працягвалі гэта рабіць, працягвалі выконваць тое, што яны выконваюць, з нейкай святой наіўнасцю, думаючы, мабыць, што выпраўляюць крымінальнікаў. Таму я нават не магу ўявіць тую будучыню, дзе нам побач прыйдзецца перамяшчацца разам з імі. Таму што занадта далёка яны зайшлі і занадта многае яны нарабілі. Ніколі ім гэтага не даруюць беларусы. Ніколі.

Я падзялілася сваёй гісторыяй у надзеі толькі на адно: што ўсе нашы апавяданні, падзеі, дакументы рана ці позна стануць сведчаннямі ў судзе. Гэта самая мая галоўная мэта — таму што дараваць нельга, забыцца таксама. І тут усё так пераплецена: лёсы ўсіх нас, лёсы тых, хто тут, лёсы тых, хто ў турмах, лёсы нашых сваякоў, якія не ведаюць, што з намі, і не ведаюць, што з намі будзе заўтра. Таму для мяне цяпер беларусы сталі як адна вялікая сям'я. Ніколі ў жыцці я такім вачамі не глядзела на беларусаў, як у 2020-м годзе. Ніколі.

Чытаць іншыя гісторыя былых палітвязняў:

"А ў чым мне прызнаваць віну?" Гісторыя палітвязня з чырвонай біркай

Дзмітрый Абрамук распавёў "Вясне" пра свой пераслед,сустрэчах з кдбшнікамі, іншымі палітвязнямі, а таксама пра вызваленне.

Праваабаронца і валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка: "Я маю ўнікальную магчымасць падтрымліваць людзей"

Змагаючыся з несправядлівасцю, Марыя сама двойчы трапіла ў ейныя жорны.

"Не хацелася, каб хтосьці трапляў туды". Экс-палітзняволены Аляксандр Бабко распавёў пра пераслед па "справе цюкоў"

Па рэзананснай "справе цюкоў" Аляксандра Бабко асудзілі да года калоніі. На волі ён ужо 11 месяцаў, але турма яму часам сніцца. Сярод яго успамінаў – як гулялі са зняволенымі ў "кракадзіла" і як давялося прайсці "прэс-хату", як сустрэў грамадзяніна Кітая, ірваў зуб самастойна і што адчуваў падчас вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства