viasna on patreon

"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека", — юрыст Вясны

2023 2023-05-16T11:55:00+0300 2024-06-17T17:33:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/list_cencor.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэмай Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі ў гэтым годзе праваабаронцы "Вясны" прапанавалі ліст і права на карэспандэнцыю, каб прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да праблемы блакіравання карэспандэнцыі палітзняволеным. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне блакіроўка ліставання палітвязням выкарыстоўвалася як адрасная мера ціску, пасля 24 лютага 2022 года блакіроўка лістоў палітзняволеным стала масавай практычна ва ўсіх месцах пазбаўлення волі. Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч для spring96.org

Практычна ўсе прынцыпы крымінальна-выканаўчага права маюць дачыненне да права на карэспандэнцыю

Забарона на ліставанне асуджаным будзем разглядваць у двух ракурсах:

  • блакіраванне ліставанне ідзе ў разрэз з прынцыпамі, закладзенымі ў аснову Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі, а значыць і ўсёй дзяржаўнай палітыкай па выпраўленні асобы, асуджанай на пазбаўленне волі;
  • забарона на карэспандэнцыю для асуджаных парушае іх канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў, пашырэнне інфармацыі, працяглае ж зняволенне без сувязі з вонкавым светам у практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў прыраўноўваецца да бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае годнасць, у сувязі з тымі пакутамі і страхам, якія зазнаюць ахвяры такога зняволення.

Але перад гэтым важна зрабіць агаворку пра тое, што асуджаныя па палітычных матывах не павінны ў прынцыпе знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Аднак інфармацыя пра тое, што палітычным зняволеным наўмысна забараняюць ліставацца, дазваляе разглядаць дадзеную праблему менавіта праз прынцыпы функцыянавання крымінальна-выканаўчай сістэмы Беларусі.

У артыкуле 6 Крымінальна-выканаўчага кодэкса замацаваныя наступныя прынцыпы крымінальна-выканаўчага заканадаўства: законнасці, гуманізму, дэмакратызму, роўнасці асуджаных перад законам, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, рацыянальнага прымянення мер прымусу і сродкаў выпраўлення асуджаных, стымулявання правапаслухмяных паводзінаў асуджаных, спалучэння прымусовых мер з выхаваўчым уздзеяннем.

Практычна ўсе прынцыпы маюць непасрэднае дачыненне да замацаванага ў частцы 1 артыкула 85 Крымінальна-выканаўчага кодэкса права на карэспандэнцыю: "асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць і дасылаць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці".

У Мінімальных стандартных правілах у дачыненні да абыходжання са зняволенымі замацавана палажэнне аб тым, што зняволеным варта даваць магчымасць мець зносіны праз рэгулярныя прамежкі часу і пад належным наглядам з іх сем'ямі або сябрамі праз пісьмовую перапіску (58-ае правіла Нэльсана Мандэлы).

Права на карэспандэнцыю асуджаных ахоўваецца стандартам свабоды выказвання меркаванняў

Датычна права асуджаных на карэспандэнцыю, неабходна адзначыць, што свабода думкі і слова мае не толькі палітычны і грамадска-прававы бок, але і асабістае вымярэнне. Магчымасць думаць і выказваць свае погляды з'яўляецца натуральнай уласцівасцю чалавека. Палітычнае вымярэнне свабоды слова заключаецца ў магчымасці выказваць свае погляды на развіццё грамадства, рашэнні дзяржаўных інстытутаў. Разнастайнасць меркаванняў з'яўляецца адной з ключавых асноў канстытуцыйнага ладу згодна з артыкулам 4 Канстытуцыі.

Меркаванне з'яўляецца прадстаўленнем чалавечай асобы пра тую ці іншую з'яву. Перакананне — гэта ўяўленне, злучанае з упэўненасцю ў яго праўдзівасці, правільнасці і якое адлюстроўвае каштоўнасныя ўстаноўкі чалавека. Свабода выказвання меркаванняў ахоплівае не толькі меркаванні і перакананні ў іх літаральным значэнні, але і аб'ектыўную інфармацыю — звесткі пра факты. Канстытуцыя і міжнародныя акты ў галіне правоў чалавека абараняюць не толькі інтэлектуальную сферу, але і эмоцыі, пачуцці і волю чалавека. Такім чынам, стандартам свабоды выказвання меркаванняў абараняецца цэласная свабода свядомасці. Свабода меркаванняў і перакананняў разглядаецца і як свабода іх выказваць, паколькі выказванне сваіх поглядаў з'яўляецца формай распараджэння сваімі думкамі, перакананнямі і эмоцыямі. Формы выказвання меркаванняў маюць разнастайны характар: вуснае выказванне, здзяйсненне дзеянняў, якія выказваюць погляды, пісьмовая фіксацыя, жэсты.

Свабода выказвання меркавання, замацаваная ў Канстытуцыі, забараняе прымушаць каго б там ні было да адмовы ад выказвання сваіх перакананняў. Ніхто не можа прымусіць чалавека ўстрымлівацца ад выказвання свайго меркавання. У цэлым забарона прымусу да выказвання сваіх перакананняў і адмовы ад іх адрасуюцца ў Канстытуцыі абавязанаму баку праваадносінаў — дзяржаве — і карэспандуе свабодзе думкі і слова.

Такім чынам, права на карэспандэнцыю асуджаных ахоўваецца стандартам свабоды выказвання меркаванняў. З-за таго, што папраўчая ўстанова з'яўляецца рэжымным аб'ектам, некаторыя абмежаванні на карэспандэнцыю накладаюцца ў неабходных мэтах, якія прадыктаваныя меркаваннямі бяспекі функцыянавання дадзенай установы і асоб, якія ўтрымліваюцца ў ім. Згодна з ч. 2 арт. 85 КВК карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і дасылаецца асуджанымі, падлягае цэнзуры, што ажыццяўляецца работнікамі аператыўных падраздзяленняў папраўчых устаноў. Выключэннем для дадзенага правіла з'яўляецца права на прапановы, заявы і скаргі, адрасаваныя ў органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль і нагляд за дзейнасцю ўстаноў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення і смяротнага пакарання (ч. 2 і ч. 4 арт. 13 КВК).

Больш канкрэтнае ўяўленне пра тое, якія лісты цэнзура не прапускае, дае пункт 143 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў. Перапіска асуджаных падвяргаецца цэнзуры. Лісты асуджаных і лісты, якія паступілі на іх імя, выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону, а таксама якія носяць цынічны характар, скіраваныя на прычыненне шкоды правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян, якія ахоўваюцца законам, альбо змяшчаюць звесткі, якія складаюць дзяржаўную, службовую тайну, адрасату не накіроўваюцца і асуджанаму не выдаюцца. Пра гэта абвяшчаецца асуджанаму, пасля чаго такая карэспандэнцыя знішчаецца. Дадзенае правіла распаўсюджваецца і на тэлеграмы аналагічнага зместу.

Адвольная блакіроўка лістоў — выхад за межы сваіх службовых паўнамоцтваў

Калі асуджаным адвольна блакіруюць перапіску, гэта з'яўляецца выхадам службовых асобаў за межы сваіх службовых паўнамоцтваў. Калі гэтыя парушэнні не прызнаюцца даступнымі формамі ўнутрыведамаснага кантролю, а таксама пракурорскага нагляду, і пасля не ліквідуюцца, адказнасць ускладаецца на дзяржаўныя органы і службовыя асобы, на якія ўскладзена выкананне дзяржаўных функцый, якія, у сілу артыкула 59 Канстытуцыі, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.

На момант падрыхтоўкі дадзенага матэрыялу вядома пра тое, што ад такіх вядомых фігур мірнага пратэснага руху супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, як Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Максім Знак, няма ніякіх навінаў, якія паступаюць з дапамогай карэспандэнцыі, больш за тры месяцы. Да некаторых палітзняволеных доўгі час не пускаюць адвакатаў, востры крызіс у беларускай адвакатуры, які працягваецца трэці год, абумоўлівае складанасць у атрыманні неабходнай і дакладнай інфармацыі пра стан здароўя палітычных вязняў, іх прававое становішча і шэраг пытанняў, якія ўяўляюць вялікую грамадска значную цікавасць.

Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека

У міжнародным праве ёсць спецыяльны тэрмін, які характарызуе знаходжанне асуджанага без права перапіскі і спатканняў са сваякамі і абаронцам – інкамунікада. У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў ён стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі — адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека. За блакаваннем карэспандэнцыі стаіць не толькі жаданне ўладаў зламаць волю палітычных зняволеных з мэтай таго, каб яны ніколі не вярнуліся пасля вызвалення да грамадска-палітычнай дзейнасці, але і ўрок, які "засвоілі" ўлады пасля рэакцыі міжнароднай супольнасці на гвалтоўныя знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Адзначу, што на практыцы Камітэт па правах чалавека ААН прыходзіў да высновы аб тым, што ўтрыманне інкамунікада як такое парушае артыкул 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (п. 7.3 Sharma v. Nepal; п. 7.6 Bashasha v. Libya). У сваіх пастановах Камітэт рэгулярна спасылаўся на працягласць зняволення інкамунікада, перш чым вызначаў парушэнне артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У справе "Шарма супраць Непала" (п. 7.2, 7.6 і 7.7) Камітэт вырашыў, што дзевяць дзён зняволення інкамунікада парушылі артыкулы 7 і 10 Пакта (права зняволеных на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці). У меркаваннях па справе "Гіры супраць Непала" (п. 7.6) Камітэт падзяляе меркаванне аб тым, што любое зняволенне інкамунікада парушае артыкул 7 МПГПП. Падобныя высновы паўтараюцца Камітэтам у меркаваннях па справе Guezont v. Algerie (п. 8.5): "На падставе прадстаўленай Камітэту інфармацыі, а таксама ў сітуацыях надзвычайнага становішча, Камітэт знаходзіць, што катаванні і жорсткае абыходжанне, якім быў падвергнуты аўтар паведамлення, утрыманне яго ў зняволенні інкамунікада, а таксама ўмовы гэтага зняволення ўяўляюць сабой як паасобку, так і разам парушэнне артыкула 7 Пакта".

Праваабаронцы "Вясны" падкрэсліваюць, што права як інструмент рэгулявання грамадскіх адносін дзяржавы і асобнага чалавека існуе датуль, пакуль ідзе барацьба за гэтае права. Лісты салідарнасці і словы падтрымкі палітычным зняволеным у адсутнасць жывых зносін з блізкімі, сваякамі і сябрамі як нішто іншае дапамагаюць вязням калоній пераадолець катавальныя ўмовы. Вопыт людзей, якія прайшлі турэмнае зняволенне, паказвае, што самым цяжкім у турме з'яўляецца не пазбаўленне волі, а навязаная супольнасць унутры папраўчай установы. Таму лісты, паштоўкі, тэлеграмы з'яўляюцца глытком свежага паветра для палітычных зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства