viasna on patreon

Затрыманні настаўнікаў, супрацоўнікаў радыё, фатографа: хроніка пераследу 4-9 траўня

2023 2023-05-10T11:24:57+0300 2023-05-11T11:03:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kordy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4-9 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

9 траўня

Палітвязня Максіма Матырку будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Максім Матырка. Фота: august2020.info

«Назад шляху ўжо няма», — сказаў пасля затрымання і збіцця 13 жніўня 2020 года Максім Матырка. За апошні год яго асудзілі ўжо двойчы — па «народным» артыкуле 342 і артыкуле 218 Крымінальнага кодэксу. Палітвязня абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту і ў падпале машыны. Канчаткова Максіму прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў ваўкавыскую калонію № 11.

Стала вядома, што 12 траўня ў Ваўкавыскім судзе будзе разглядацца справа супраць палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Працэс будзе весці суддзя Мікалай Сяргейка.


У Дзяржынску затрымалі мужчыну са сцягам СССР

Гэта адбылося на вуліцы Ленінскай, мужчыну затрымлівалі міліцыянты з мігалкамі.


8 траўня

Палітзняволенага бацьку шасцярых дзяцей будуць судзіць па новай крымінальнай справе 

38-гадовы Дзмітрый Лазар быў затрыманы 11 лістапада 2022 года. Мужчына мае шэсць дзяцей, з якіх тры непаўнагадовыя.

У судзе Маладзечанскага раёна 2 сакавіка яго асудзілі паводле арт. 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 ат. 368 (Абраза Лукашэнкі) КК. Суд прызначыў Дзмітрыю 2,5 гады калоніі і штраф памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

Стала вядома, што 10 траўня ў Ваўкавыску адбудзецца чарговы суд над палітвязнем. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 391 КК (абраза суддзі). Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Талашка.


Сілавікі затрымалі хлопца за татуіроўкі з Пагоняй і гербам Украіны

 «Пакаяльнае відэа» з 22-гадовым Уладзіславам Абразцовым з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Затрыманы кажа, што набіў Пагоню ў 2021 годзе «на знак пратэснай дзейнасці», Трызуб – у 2022 годзе, каб патрымаць Украіну.


7 траўня

Арыштаваная выкладчыца МДЛУ Наталля Жлоба

"Наша ніва" даведалася аб затрыманні Наталлі Жлоба — старшай выкладчыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая працавала на кафедры замежнай літаратуры факультэта англійскай мовы (ФАМ).

Арышт адбыўся ў канцы сакавіка, і з таго часу Наталля знаходзіцца ў СІЗА.

Дакладная прычына затрымання, як і нумар крымінальнага артыкула, пакуль што невядомыя, але гаворка пра палітычную справу.


Былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра дапытвалі па справе «аб дзяржздрадзе» 

Сукамернікі прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца, якія выйшлі на волю, паведамілі, што яго дапытвалі па справе «пра дзяржздрадзе».

Яны мяркуюць, што Мікалаю можа быць прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) КК Беларусі — у гэтым выпадку яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, Зайца затрымалі 13 сакавіка. Вядома, што яму спачатку прызначылі 12 сутак арышту, а пасля яшчэ 14.


Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта newgrоdno.bу

Доступ да гродзенскага інфармацыйнага партала абмежаваны на тэрыторыі Беларусі з раніцы 6 траўня. Пры спробе зайсці на яго з'яўляецца акенца з адпаведным рашэннем Міністэрства інфармацыі. Праз VPN сайт адкрываецца.

Гарадскі сайт newgrоdno.bу спецыялізуецца на навінах Гродна і рэгіёна. Інтэрнэт-выданне і яго сацсеткі не былі прызнаныя экстрэмісцкімі, але галоўнага рэдактара Ігара Рэмзіка штрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.


6 траўня

Уладальнікаў сеткі сэканд-хэндаў «МодаМакс» абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і падтрымцы пратэстаў

Як паведамляецца ў сюжэце СТВ, заснавальніцу сеткі Алу Хадасевіч і яе нявестку Іну затрымалі, а сын Алы Пётр Хадасевіч зьехаў у Латвію. Яны нібыта не заплацілі ў бюджэт падатак на прыбытак і ПДВ агулам больш чым на 2 млн беларускіх рублёў, сцвярджаюць у ДФР. На іх завялі крымінальную справу.

Акрамя гэтага, у сюжэце гаворыцца, што ўладальнікі «МодаМакс» удзельнічалі ў пратэстах 2020 году, былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, пералічвалі грошы ў «дэструктыўныя» фонды і інш.


Стала вядома пра новыя абмежаванні ў медычных перадачах

Некалькі дзён сваякі зняволеных, якіх утрымліваюць у розных следчых ізалятарах і турмах, былі занепакоены тым, што ў іх не прымаюць медыцынскія перадачы, а медыцынскія бандэролі вяртаюцца назад.

Цяпер стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэроллю забаронена.

Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.

Адзначым, што палітзняволеным неабходную медыцынскую дапамогу ў месцах зняволення амаль не аказваюць, таму медыцынскія перадачы былі для сваякоў адзіным спосабам дапамагчы блізкаму.


5 траўня

Затрыманні і суды над супрацоўнікамі гомельскага радыё 

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што 5 траўня, на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё і журналіста Сяргея Краснабарода і яшчэ трох супрацоўнікаў радыё — радыёвядучых Жанну Мініну і Анастасію Грыцэнку, гукарэжысёра Арцёма Васількова.

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ўсіх чатырох затрыманых судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх справы разглядалі суддзі Сяргей Сакалоўскі, Віктар Казачок, Сяргей Кармановіч, Алеся Осіпава.

Праваабаронцам вядомы толькі вынік суда Сяргею Краснабароду — 15 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Ён знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ. Лёс іншых затрыманых пакуль невядомы. 

Профілі супрацоўнікаў ужо выдаленыя з сайта дзяржаўнага радыё.


З'явілася інфармацыя аб затрыманнях у Баранавічах

Днямі ў ААТ «Баранавічыпрамбурвод» супрацоўнікі КДБ затрымалі двух працоўных. Папярэдняя прычына затрымання — «рэпосты» ў сацсетках. Падрабязнасці высвятляюцца.


4 траўня

Затрыманы стваральнік базы фотаздымкаў беларускіх будынкаў Уладзімір Фішман

У відэа, якое паказалі на АНТ, Уладзімір распавядае, што нібыта зарэгістраваўся ў чаце плана «Перамога», а ў лістападзе 2022 года з ім нібыта звязаўся Аляксандр Азараў.


Пракурор Брэсцкай вобласці вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнет-рэсурсу intex-press.by

Падставай для прыняцця дадзенага рашэння сталі шматлікія парушэнні названым рэсурсам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Так, нібыта «на партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў».


У Докшыцах затрымалі сямейную пару настаўнікаў

Пра гэта паведамляе актывіст Кастусь Шыталь. Паведамляецца, што жанчыну затрымалі з-за «лайкаў» у інтэрнэце.

Пасля стала вядома, што быў затрыманы і яе муж Вікенцій Корда, які працаваў раней настаўнікам фізкультуры ў той жа школе, дзе і жонка.

Падрабязнасці высвятляюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства