Абразіў у каментарах пракурорку, суддзю і чатырох міліцыянтаў. Бацьку шасцярых дзяцей асудзілі на два з паловай гады калоніі
У судзе Маладзечанскага раёна 2 сакавіка асудзілі Дзмітрыя Лазара паводле арт. 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзяніс Барэйка прызначыў Дзмітрыю два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Дзяржабвінавачванне падтрымала памочніца пракурора Юлія Жук.
Мужчыну затрымалі 11 лістапада 2022 года і змясцілі пад варту.
Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ў студзені 2022 ён у тэлеграм-чаце пакінуў абразлівыя каментары ў дачыненні да мінскай пракуроркі Жаны Баранавай, капітана мінскай міліцыі ДАІ Пакладка, капітана бабрускай міліцыі АМАП Быкава, суддзі суда Ленінскага раёна Гродна Мікалая Сяргейкі, маёра міліцыі, намесніка начальніка аховы правапарадку і прафілактыкі РУУС Фрунзенскага раёну Мінска Марцуля, сяржантаў міліцыі АМАП Магілёўскага абласнога УУС Саратаса і Малафея.
У якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды пракурорка Жана Баранава папрасіла суд спагнаць з Дзмітрыя 2000 рублёў, якія намеравалася пералічыць на карысць дзіцячага дома. Марцуль запрасіў 1500 рублёў. Заяўленыя сумы кампенсацыі Дзмітрый пагасіў адразу пасля яе абвяшчэння.
Баранава і Марцуль, пасля кампенсацыі маральнай шкоды, адазвалі свае пазовы супраць Лазара.
Мужчына цалкам прызнаў віну.
Дзяржабвінавачанне запрасіла для Дзмітрыя чатыры гады калоніі. Суддзя прыняў рашэнне асудзіць мужчыну на два з паловай гады пазбаўлення волі.
Падчас судовага працэсу мужчыну ўтрымлівалі ў клетцы. Пасля абвяшчэння прысуду, ён сказаў жонцы, якая была ў залі: “Я цябе кахаю”. На што наглядчык адказаў: “Цішыня ў залі”.
Дзмітрыю Лазару 38 гадоў. Мужчына мае вышэйшую адукацыю і працуе кіроўцам у прыватнай фірме. Мае шэсць дзяцей, з якіх тры непаўнагадовыя. Аднаму з іх два гады.