viasna on patreon

Колькі і прасіў пракурор: у Мінску асудзілі Сяргея Франчука

2023 2023-04-28T08:28:00+0300 2023-04-28T17:45:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/franchuk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Франчук

Сяргей Франчук

У Мінскім гарадскім судзе 27 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Сяргея Франчука, якога абвінавацілі у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч.1 арт 130), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч, дзяржабвінаваўца – Раманенка.

Сяргей Франчук — стрыечны брат прадстаўніка штабу палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Быў затрыманы 9 жніўня 2022 года. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе мужчына жыў апошнім часам. У гэты дзень бацькі Сяргея былі на лецішчы, і 5 чалавек з мінскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі яго пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея Франчука.

Cпачатку ён быў асуджаны на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне. Таксама з'явілася "пакаяльнае відэа", дзе Франчук прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў каментары ў "экстрэмісцкіх" Telergam-чатах. Пры гэтым лоб мужчыны быў залеплены. Пасля заканчэння арышту Сяргея не выпусцілі на волю, а накіравалі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна.

Суд пачаўся 20 красавіка.

Па матэрыялах абвінавачання, Франчук у адным з тэлеграм-чатаў пакінуў абразлівыя каментары ў адрас Юрыя Караева і Аляксандра Лукашэнкі. Таксама 27 верасня 2020 года прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску на вуліцы Багдановіча, выходзіў на праезную частку вуліцы, парушаў працу грамадскага транспарту. У якасці доказу выкарыстаныя фотаздымкі, знойдзеныя ў ягоным тэлефоне.

Дзяржабвінаваўца канчаткова запрасіў для Сяргея Франчука тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суд пагадзіўся з прапановай дзяржабвінаваўцы і асудзіў Франчука на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства