Двух мужчынаў асудзілі да "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы ў 2020 годзе
Стала вядома, што 14 сакавіка паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) асудзілі 33-гадовага Антона Ручана і 34-гадовага Рамана Сароку. Іх прызналі вінаватымі і асудзілі кожнага да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
Справу разглядзела Вераніка Абзалімава (суд Партызанскага раёну Мінску).
Ручан правёў у зняволенні два з паловай месяцы: яго затрымалі чацвёртага студзеня 2023 году. Абодвух мужчынаў вызвалілі ў зале суда пасля агалошвання прысуду.
Згодна з абвінавачаннем, Ручан і Сарока прынялі ўдзел у Маршы ў верасні 2020 году непадалёк ад вуліцы Раманаўская Слабада. У тым ліку, яны пратэставалі і на праезнай частцы. У Ручана “у якасці пратэснай сімволікі” быў з сабой бела-чырвона-белы сцяг: мужчына распавёў, што ён не належыў яму, нехта проста даў выкарыстаць для фотаздымку. Абодва мужчыны таксама прызналі віну. Яны пазналі сябе на фотаздымках, якія знайшлі на тэлефоне Ручана.
Мінсктранс таксама заявіў пазоў у памеры 47 тысяч 716 рублёў 7 капеек: абвінавачаныя пагадзіліся, што іхнімі дзеяннямі шкода прадпрыемству была нанесеная, аднак не пагадзіліся з сумай. Пазоў будзе разгледжаны ў асобнай грамадзянскай вытворчасці. Маёмасць мужчынаў — мабільныя тэлефоны, аўтамабіль, гадзіннік і навушнікі — пакінутыя пад арыштам да вырашэння паводле грамадзянскай вытворчасці.