viasna on patreon

"Алесь павярнуўся да слухачоў і вельмі шырока і душэўна ўсміхнуўся ў залу"

2023 2023-03-04T13:59:31+0300 2023-03-04T15:21:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_sakavik_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяць чалавек сваякоў, прапагандысты, поўная зала маладых хлопцаў у цывільным і закаваныя ў кайданкі праваабаронцы ў клетцы. У такой атмасферы 3 сакавіка выносілі прысуд вясноўцам — ад 7 да 10 гадоў калоніі. Слухач працэсу распавёў, як праходзіла апошняе пасяджэнне па справе "Вясны" і як праваабаронцы ўспрынялі прысуд. Публікуем яго маналог.

Алесь Бяляцкі, 3 сакавіка 2023 года
Алесь Бяляцкі, 3 сакавіка 2023 года

Перад уваходам у залу сабралася шмат людзей у цывільным, якія мітусіліся і вырашалі нейкія задачы, не прыцягваючы ўвагу. Адзін высокі мужчына ў цывільным падышоў з боку залы да металічнай рамкі, каля якой сабралася чарга з ахвотных трапіць на абвяшчэнне прысуду, і сказаў, каб сваякі праходзілі наперад на працэдуру асабістага агляду. Каля пяці сваякоў абвінавачаных прайшлі наперад чэргі, потым іх прапусцілі ў залу. У зале апошнія тры лавы ўжо былі занятыя маладымі хлопцамі. Адна з прысутных пытаецца ў іх, ці з'яўляюцца яны знаёмымі з абвінавачанымі, на што яны адказалі "не". Усё гэта адбываецца на фоне высвятлення за дзвярыма ў калідоры таго, чаму больш за пяць чалавек у залу не прапусцілі.

У клетцы гэтым разам бліжэй за ўсіх да слухачоў стаяў Валянцін, хоць увесь працэс на гэтым месцы знаходзіўся Уладзь. Валік кожнага знаёмага вітаў усмешкай і падморгваў ім. Відаць, што ён знаходзіўся ў добрым настроі, прынамсі, трымаўся вельмі годна, нягледзячы на тое, што быў закаваны ў кайданкі за спіной. На адлегласці ў некалькі метраў можна ўбачыць, што твары Алеся і Валянціна вельмі бледныя. Па ўсёй бачнасці, адбіваецца адсутнасць сонечнага святла, нармальнай ежы і вітамінаў, і стрэсавая сітуацыя, у якой вязні знаходзяцца больш за паўтара года.

Пакуль у залу не ўвайшла тройка з суддзі і двух засядацеляў, у праёме дзвярэй з'яўляецца дзяўчына з бэйджыкам і кажа, што здымку можна весці да моманту, пакуль суддзя не ўвойдзе ў залу. Суддзя і два засядацелі ўваходзяць у залу, пасля чаго старшынствуючая па справе пачынае ціхім голасам чытаць: "Именем Республики Беларусь признать виновным…" Тэкст прысуду зачытваўся больш за 25 хвілін. У зале запанавала маўчанне, толькі пракурор і адвакаты Уладзя рэдка адзначалі некаторыя моманты ручкай у сябе, калі суддзя перайшла да вызначэння лёсу канфіскаванай маёмасці.

Алеся Бяляцкага ад прысутных у зале, акрамя металічнай клеткі, агароджвалі два канвойныя ў бронекамізэльках.

Пасля заканчэння абвяшчэння прысуду суддзя ўдакладняе, ці зразумелы асуджаным парадак абскарджання, на што ў паветры павісла цішыня, быццам маўчаннем кожны з вясноўцаў выказвае пратэст супраць неправасуднага прысуду. Пасля таго, як канвой пачаў патрабаваць ад прысутных пакінуць залу, Алесь павярнуўся да слухачоў і вельмі шырока і душэўна ўсміхнуўся ў залу некалькі секунд так, што не ўбачыць яго рэакцыю было проста немагчыма. Гэтым ён паказваў, што ён нязломны, у ім дастаткова сіл на барацьбу і агучаныя тэрміны – гэта толькі перашкода, якую ён пераадолее.


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

"Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, — вось ілюстрацыя беларускага правасуддзя"

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

"Ім патрэбна ведаць, што ўсё не дарма". Жонкі палітзняволеных вясноўцаў выказаліся пра прысуд

Мы папрасілі жонак палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" Наталлю Пінчук, Ніну Лабковіч і Аліну Стэфановіч пракаментаваць прысуд.

"Калі пракурор запрасіў 12 гадоў, на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі". Партрэт Алеся Бяляцкага на судзе

Адзін са слухачоў працэсу пагадзіўся ананімна падзяліцца сваімі назіраннямі. Публікуем яго маналог пра партрэт Алеся Бяляцкага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства