"Ім патрэбна ведаць, што ўсё не дарма". Жонкі палітзняволеных вясноўцаў выказаліся пра прысуд
Сёння абвесцілі прысуд па гучнай справе "Вясны". Заснавальніку "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў калоніі, яго намесніку і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу— 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі, і праваабаронцу Дзмітрыю Салаўёву — завочна 8 гадоў калоніі. Таксама ім прызначылі буйныя штрафы. Суддзя Марына Запаснік прызначыла на два гады калоніі менш, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Падчас прысуду рукі праваабаронцаў былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Мы папрасілі жонак палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" Наталлю Пінчук, Ніну Лабковіч і Аліну Стэфановіч пракаментаваць прысуд.
"Гэта ніякае не змякчэнне прысуду"
Наталля Пінчук, жонка Алеся, падкрэсліла палітычны матыў крымінальнай справы супраць праваабаронцаў:
"Прысуд, відавочна, вельмі жорсткі, каго бы гэта ні тычылася — Алеся, Валянціна, Уладзіміра. Гэта жахлівыя тэрміны, калі падумаць, за што іх судзілі. Нягледзячы на гэтыя 284 тамы крымінальнай справы і дастаткова доўгае разбіральніцтва, мы бачым, што ніякай доказнай базы ў абвінаваўцы не было і быць не магло. Гэты працэс, відавочна, супраць праваабаронцаў і за іх праваабарончую дзейнасць.
Тое, што Алесю прысудзілі не 12 гадоў, а 10 — гэта адзін за паказальных момантаў: быццам бы адбылося змякчэнне прысуду, але гэта ніякае не змякчэнне прысуду. Паўтаруся, што гэта тэрміны вельмі вялікія. Хто яны і за што ім прызначылі такія тэрміны? За забойства людзей, за прычыненне нейкай значнай шкоды? Не, ніводны аргумент, які прыводзіўся ў судзе, нават не меў доказнай сілы для таго, каб суд абвінаваціў іх па гэтых надуманых артыкулах".
"Дзень у турме — гэта мінус дзень жыцця з сям'ёй"
Жонка Уладзя Лабковіча, якому прызначылі 7 гадоў калоніі, Ніна, звярнула ўвагу на тое, што палітвязням вельмі патрэбная нашая салідарнасць і падтрымка:
"Канешне, мы на цуд не спадзяваліся, але гэты "падарунак" у два гады для нас шмат што значыць. Але ўсё роўна гэта вельмі балюча. Вельмі. Немагчыма прыняць. Бо дзень у турме — гэта мінус дзень жыцця з сям'ёй і дзеткамі.
У часы татальнай несправядлівасці вытрымаць гэта можна толькі праз каханне, любоў сям’і, родных і шмат якіх добрых людзей. Ім там патрэбна нашая падтрымка, ведаць, што іх чакаюць і што ўсё не дарма".
"Адказнасць таксама [прыйдзе незваротна]"
Аліна Стэфановіч, жонка Валянціна, спаслалася на апошняе слова мужа і адзначыла, што ўсе вінаватыя ў палітычным пераследзе беларусаў будуць пакараныя:
"Вясна надыйдзе незваротна", — сказаў Валянцін у сваім апошнім слове. І я дадам, што і адказнасць таксама. Неба ўсё бачыць, і кожны атрымае тое, да чаго імкнуўся і што заслужыў".
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны"
"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі