У Берасці за распальванне сацыяльнай варожасці асудзілі Радзівона Качаткова
Брэсцкім абласным судом 23 лютага разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да 28-гадовага Радзівона Качаткова, абвінавачанага ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варжнечы паводле ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Сяргей Беразюк, дзяржабвінаваўца – пракурор Генадзь Буры.
Радзівон Качаткоў скончыў БНТУ ў Мінску, ва ўніверсітэцкія гады захапляўся баскетболам і стрытболам. Затым некаторы час жыў за мяжой, а пасля вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Неўзабаве, 6 снежня 2022 года, яго затрымаў ГУБАЗіК. Каментары, якія залічваюцца яму ў віну, датаваныя 2020 годам.
Па матэрыялах абвінавачання, Качаткоў у жніўні 2020 года, маючы намер на ўзбуджэнне ў насельніцтва іншай сацыяльнай варожасці і варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вырабіў і размясціў у чатах месенджара "Телеграм" паведамленні, якія маюць негатыўную ацэнку і змяшчаюць выказванне пабуджальнага характару, якое заклікае да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам.
Радзівон у судзе патлумачыў, што на тэлеграм-чат "Мінск 97%” ён падпісаўся праз тое, што ўбачыў спасылку ў тэлеграм-канале “Бінокль". Адпісаўся ад гэтага чата прыблізна праз 10 дзён. Больш ні на што не быў падпісаны, нідзе (у акцыях пратэсту) не ўдзельнічаў. Напісанне тых двух каментароў патлумачыў вялікім патокам інфармацыі, на якую адрэагаваў неабдумана.
На пасяджэнні 21 лютага пракурор запрасіў у якасці пакарання Качаткову 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.