viasna on patreon

За абразу ўдзельнікаў “банды Лукі” мужчыну асудзілі на год і два месяцы калоніі

2023 2023-02-02T19:19:01+0300 2023-02-03T11:52:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasil-trocki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 19 студзеня асудзілі Васіля Троцкага паводле арт. 391 (Абраза суддзі ці народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Андрэй Андрушэнка прызначыў Васілю адзін год і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 30 базавых велічыняў (1110 рублёў). Дзяржабвінавачанне прадставіла памочніца пракурора Ярошнікава.

Васіль Троцкі
Васіль Троцкі. Фота са старонкі Васіля Троцкага ў "Аднакласніках"

Васіля затрымлівалі спачатку с 9 па 10 лістапада 2021 года. 14 лістапада 2022 года мужчыну зноў затрымалі і змясцілі пад варту. Яму паставілі ў віну абразу некалькіх прадстаўнікоў улады. Васіль, знаходзячыся ў Расіі, у 2020 і 2021 гадах пакінуў у сацсетцы “Аднакласнікі” абразлівыя каментары. Пацярпелымі выступілі пяць дзяржслужачых: Фацееў Міхаіл, інспектар міліцыі АУС Дубровенскага райвыканкама Пучкоў С.А., операўпаўнаважаны аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дубровенскага райвыканкама Кухараў, намесніца старшыні камісіі па справах непаўнагадовых (КСН) Труцько І.А., суддзя суда Дубровенскага раёну Катаеў І.А. З якіх толькі Міхаіл Фацееў з’явіўся на пасяджэнне. Зараз ён працуе юрысконсультам “Бярэзінскага біясфернага запаведніка”. У 2020 годзе з’яўляўся пракурорам Дубровенскага раёну.

Напачатку працэса адбыўся паказальны дыялог паміж суддзёй і пацярпелым:

- Копіі дакументаў пастановаў следчага, суддзі атрымлівалі? Памятаеце, калі?

- Не памятаю дакладна. А за колькі дзён трэба было атрымаць?

Фацееў патлумачыў, што каментары заўважыў падчас маніторынгу сацсетак міліцыянт Пучкоў. На старонцы ў “Аднакласніках” жыхара Дуброўна Міхаіла Чэмуракі былі выкладзены некалькі фотаздымкаў названых прадстаўнікоў улады, у тым ліку і фота Фацеева ў форме пракурора, якія былі падпісныя, як “Банда Лукі”. Васіль Троцкі ў каментарах да фотаздымкаў назваў удзельнікаў “банды Лукі” “мярзотнікамі і алкашамі”.

Далей былы пракурор Дубровенскага раёну, кажучы пра сябе ў трэцяй асобе, дадаў:

“І няхай усім прысутным будзе вядома, што Міхаіл Аляксандравіч Фацееў ужывае алкаголь ад сілы 3 разы на год па 3 чаркі. Таму не ведаю, як мяне можна аднесці да алкашоў”.

Міхаіла Чэмураку, які апублікаваў фотаздымкі дзяржслужачых у “Аднакласніках”, былы пракурор апісваў суддзі наступным чынам:

- Ну гэта Дубровенскі прафесійны апазіцыянер, змагар, няправільны, няправільнай справай займаецца ён.

- Якой няправільнай?

- Ну няправільнай.

- А што няправільнага ён робіць?

- Я не ведаю. Не магу патлумачыць.

У межах грамадзянскага пазову з Васіля Троцкага спагналі кампенсацыю маральнай шкоды на карысць Фацеева Міхаіла Аляксандравіча памерам 500 рублёў.

Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.

Васілю Троцкаму 47 гадоў. Ён ўраджэнец горада Дуброўна, але з 2015 года жыве ў Расіі. Мае сярэдне-спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці газаэлектразваршчыка. Працуе ў сферы азелянення ў Маскве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства