viasna on patreon

Палітзняволенага адваката Віталя Брагінца асудзілі да 8 гадоў калоніі Дапоўнена

2023 2023-02-02T11:01:18+0300 2023-02-02T12:38:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/braginec_vital.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага агучылі прысуд палітзняволенаму адвакату Віталю Брагінцу  восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Лізюк.

Віталь Брагінец

Віталя затрымалі 23 траўня 2022 года і двойчы запар арыштавалі на 15 сутак. Праз арышт ён не змог патрапіць на суд свайго падабароннага адваката Андрэя Мачалава. Як распавялі праваабаронцам яго сукамернікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту, але яго самога на іх не было, таму не ведалі, што яму інкрымінаваць. Вось, што распавядаў адзін з сукамернікаў Брагінца ў ІЧУ на Акрэсціна ў чэрвені 2022 года:

"Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ.

У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак".

У выніку, Віталю адразу прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, але канчатковае абвінавачванне пашырылася ажно да чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

9 верасня 2022 года МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" Telegram-чат "Беларускiя Адвакаты".

Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.

2 лютага агучылі прысуд адвакату  восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму:

  • па ч. 1 арт. 361-1 КК  4 гады калоніі;
  • па ч. 3 арт. 130 КК  7 гадоў калоніі;
  • па ч. 3 арт. 361 КК  5 гадоў калоніі;
  • па ч. 1 арт. 342 КК  1 год калоніі.

Па сукупнасці Віталю прызначылі восем гадоў калоніі.

У Брагінца таксама канфіскавалі ноўтбук і планшэт, а сім-карту  знішчыць. Шэсць мабільных тэлефонаў розных людзей  перадаць уладальнікам.

"Віталь выглядае добра. Прысуд успрыняў спакойна", — распавялі прысутныя на судзе.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Фёдаравіч Брагінец

Без права на абарону. Як у Беларусі пераследуюць адвакатаў і якія гэта можа мець наступствы для беларусаў

Прыводзім хроніку пераследу адвакатаў і палітзняволеных абаронцаў, а юрыст "Вясны" Павел Сапелка, якога ў 2011 годзе таксама пазбавілі ліцэнзіі, распавядае, якія наступствы такі ціск можа мець для ўсіх беларусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства