viasna on patreon

Дайджэст вызваленых: 24 палітвязні ў снежні цалкам адбылі тэрміны, два з іх — 2,5 гады

2023 2023-01-05T20:26:41+0300 2023-01-06T11:00:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudzin_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі на дадзены момант налічваецца 1444 палітвязні, і колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у снежні на волю выйшаў мінімум 31 палітвязень, 24 з якіх адбылі свае тэрміны цалкам, а сем чалавек былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

24 палітвязні выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны

Палітвязні-карагоднікі Яўген Калпачык, Віктар Дзенісенка, Мікалай Федарэнка — 1 год 5 месяцаў і 27 дзён у зняволенні

Віктар Дзенісенка, Мікалай Федарэнка і Яўген Калпачык — фігуранты берасцейскай "справы карагодаў", узбуджанай па падзеях 13 верасня 2020 года ў горадзе (калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт). 25 лютага 2021 года мужчын асудзілі паводле арт. 342 КК да 1,5 года "хіміі" кожнага. 6 чэрвеня 2021 года яны пачалі адбываць пакаранне ў ПУАТ № 21, 48 і 43.

3 снежня яны выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.

Палітвязень Яраслаў Пашкоў — прыкладна 1 год і 2 месяцы ў зняволенні

Яраслава абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі і абразе Лукашэнкі. Палітвязню 7 верасня прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і дзевяць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, па рашэнні суда ён павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў).

Пашкоў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры it-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Аднак пад час следства дадалі новае абвінавачанне. У лісце на волю Яраслаў напісаў, што 3 сакавіка памерла ягоная маці.

Пашкоў выйшаў на волю прыкладна ў пачатку снежня.

Палітвязень Віталь Літвін — 1 год і 6 месяцаў у зняволенні

litvin_vital.jpg

Фігуранта брэсцкай "справы карагодаў" абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага 2021 года прысудзіў Літвіну паўтара года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").

Палітвязень цалкам адбыў пакаранне і 5 снежня 2022 года выйшаў на волю з ПУАТ № 17.

Палітвязень Віталь Зарадзей — 1 год 8 месяцаў і 8 дзён у зняволенні

zaradzej2.jpg

Віталь Зарадзей — былы вайсковец з Брэста і ліквідатар аварыі на ЧАЭС. 29 сакавіка 2021 года да Віталя дамоў уварваліся людзі з аўтаматамі і затрымалі яго. У кобрынскім судзе 9 жніўня 2021 года яго асудзілі паводле арт. 391 КК (Абраза суддзі) і 368 КК (Абраза Лукашэнкі) да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 8 снежня выйшаў на волю з калоніі № 17.

Палітвязень Алег Баразна — 1 год 7 месяцаў і 27 дзён у зняволенні

barazna_aleh.jpeg

Алег Баразна — актывіст "Страны для жизни" і каманды Святланы Ціханоўскай, неаднаразова затрымліваўся па палітычных адміністрацыйных артыкулах. Яго затрымалі ў красавіку 2021 года ў гаражы. Вядома, што за імі сачылі з восені 2020 года. 

5 кастрычніка 2021 года яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 328 КК ("Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў") на 2 гады і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. Палітвязень цалкам адбыў пакаранне і ў снежні выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2.

Палітзняволеная Вольга Класкоўская — 2 гады і 2 месяцы ў зняволенні

klaskouskaja_volha.jpg

Вольга Класкоўская — былая журналістка "Народнай волі". Была затрыманая 14 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Яе абвінавачвалі ў перакрыцці руху транспарту ўвечары 13 кастрычніка 2020 года. Яе асудзілі паводле па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне працы транспарту) да двух гадоў калоніі. Потым жанчыну асудзілі па яшчэ адной крымінальнай справе да 1,5 года "хатняй хіміі". Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Палітзняволеная цалкам адбыла тэрмін і 14 снежня выйшла на волю.

Палітвязень Віталь Прохараў — 1 год, 10 месяцаў і 7 дзён у зняволенні

proharau.jpg

Віталь Прохараў — жыхар Жлобіна, на момант вынясення прысуду быў непаўнагадовы. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Згодна з абвінавачваннем, на акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 г. Прохараў шпурнуў не менш за адзін камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю. Амапаўцы ў той жа дзень хлопца затрымалі і моцна збілі.

8 лютага 2021 Віталю Прохараву прысудзілі 2 гады выхаваўчай калоніі. Хлопец цалкам адбыў тэрмін і 15 снежня выйшаў на волю з выхаваўчай калоніі № 2.

Палітзняволеная Вікторыя Міронцава — 2 гады, 2 месяцы і 1 дзень ў зняволенні 

Вікторыя Міронцава вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. Пасля заканчэння працавала афіцыянткай у рэстаране. Яна была затрыманая 15 кастрычніка 2020 года з сястрой Анастасіяй

Дзяўчын абвінавацілі паводле арт. 342 КК, а таксама ставяць арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі), а Вікторыю яшчэ і арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў).

1 красавіка 2021 года ў судзе Савецкага раёна Мінска быў агучаны прысуд па крымінальнай справе Вікторыі і Анастасіі Міронцавых. Анастасія Міронцава атрымала 2 гады пазбаўлення волі,Вікторыя — 2,5 гады.

Вікторыя цалкам адбыла тэрмін і 16 снежня выйшла на волю з папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.

Палітвязень Мікалай Папека — 1 год, 3 месяцы і 4 дні ў зняволенні

papeka_34.jpeg
Мікола Папека пасля вызвалення

Мікалай Папека — паэт і пчаляр з Пружанаў, фігурант "справы карагодаў", асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за ўдзел у акцыі 13 верасня 2020 года ў Брэсце. З 13 верасня 2021 года адбываў пакаранне ў ПУАТ № 21, на пачатку красавіка 2022 года суд Мазырскага раёна пастанавіў замяніць Мікалаю "хімію" на восем з паловай месяцаў у калоніі агульнага рэжыму, якія ён з чэрвеня адбываў у магілёўскай калоніі № 15. Вядома, што Мікалай адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Палітвязень цалкам адбыў пакаранне і 17 снежня выйшаў на волю.

Палітвязень Віталь Жук — 1 год, 3 месяцы і 1 дзень у зняволенні

zhuk_vitaliy.jpg

Віталь Жук — жыхар Кобрына, асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за каментар пра Лукашэнку, які следства палічыла абразлівым. Віталя Жука абвінавацілі па арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза Лукашэнкі). Палітзняволенага ў чэрвені 2022 г. двойчы змяшчалі ў штрафны ізалятар: першы раз — на 5 сутак, адразу пасля выхаду яго перавялі ў новы атрад да "злосных парушальнікаў рэжыму". Праз некалькі дзён Віталя змясцілі ў ШІЗА тэрмінам на 10 сутак. У ліпені стала вядома, што палітвязня перавялі на пяць месяцаў (то бок да канца тэрміну) у памяшканне камернага тыпу.

Віталь цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2.

Палітвязень Елісей Кузняцоў — 1 год, 3 месяцы і 1 дзень у зняволенні

17-гадовы Елісей Кузняцоў абвінавачваўся ў тым, што кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў міліцэйскую машыну. Суд Жабінкаўскага раёна 5 лістапада 2021 года асудзіў да 2,5 года "хіміі". Але потым Елісея ўзялі пад варту 20 красавіка 2022 года і замянілі пакаранне на больш жорсткае і адправілі ў калонію.

17 снежня Елісей поўнасцю адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў — 2 гады, 6 месяцаў і 1 дзень у зняволенні 

Аляксандр Кабанаў пасля вызвалення
Аляксандр Кабанаў пасля вызвалення

Блогераў з Брэста асудзілі ў красавіку 2021 году да трох гадоў калоніі за "арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак" і абразы прадстаўнікоў улады і суддзі.

Сяргей Пятрухін адбываў тэрмін у калоніі "Віцьба", а Кабанаў — адразу ў наваполацкай калоніі, а потым яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму. 17 снежня яны выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.

Палітвязень Максім Лацунцэвіч — 1 год, 2 месяца і 24 дні ў зняволенні

У Мінскім гарадскім судзе 25 лістапада палітзняволенаму бацьку семярых дзяцей прысудзілі 1 год і 10 месяцаў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), а таксама паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Таксама яму прызначылі штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 беларускіх рублёў).Максім быў затрыманы 29 верасня 2021 года ў межах "справы Зельцэра". Такім чынам, пасля пераліку пакарання з улікам тых дзён, што ён ужо правеў у зняволенні, яму заставалася быць за кратамі крыху менш за месяц.

22 снежня палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітзняволеная Таццяна Екельчык — 2 гады і 26 дзён у зняволенні 

Таццяна Екельчык — студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Была затрымана супрацоўнікамі КДБ 27 лістапада 2020 года.

16 ліпеня 2021 года яе асудзілі па “справе студэнтаў” паводле арт. 342 КК да 2,5 гадоў калоніі. Таццяну арыштавалі пазней за астатніх, таму яна вызвалілася толькі 23 снежня — апошняй сярод усіх фігурантаў справы.

Палітвязень Даніла Ганчароў — 1 год, 9 месяцаў і 10 дзён у зняволенні

Фота TUT.BY

Даніла — мастак па святле, быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за забастоўку. Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Данілы з вобшукам 15 сакавіка 2021 года і затрымалі за “адзіночнае пікетаванне” БЧБ-сцягам. Пасля 15-сутачнага арышту яго перазатрымалі па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і ў саўдзеле ў такім злачынстве (ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК). Ганчарова асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Даніла ў судзе сваёй віны не прызнаў і выступіў з моцным апошнім словам.

Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі і 24 снежня выйшаў на волю.

Палітвязень Уладзіслаў Багамольнікаў — 3 месяцы і 9 дзён у зняволенні 

Уладзіслаў Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, праваслаўны святар. У 2020 годзе ён праводзіў службу на "Плошчы Перамен" па Раману Бандарэнку, таксама Багамольнікаў абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка. Святар быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 31 жніўня і правёў на Акрэсціна 100 сутак адміністрацыйнага арышту паводле сямі пратаколаў. Кожны раз яго судзілі за перасыл паведамленняў з "экстрэмісцкіх" каналаў у прыватнай перапісцы. Вядома, што за кратамі Уладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на кавід.

У пачатку снежня яго не вызвалілі пасля 100 сутак на Акрэсціна, а перазатрымалі паводле артыкула 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 19 снежня скончыліся 10 дзён з моманту затрымання ў якасці падазраванага і яго вызвалілі з ІЧУ на Акрэсціна пад падпіску аб нявыездзе.

Палітвязень Аляксей Кудзін — 1 год, 11 месяцаў і 7 дзён у зняволенні 

kudzin_90.jpeg
Аляксей Кудзін пасля вызвалення

Аляксей Кудзін — беларускі баец ММА, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе. Заслужаны майстар спорту Беларусі.

Аляксея затрымалі 10 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Два тыдні ён правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА ў Жодзіна, пасля яго меру стрымання змянілі на хатні арышт, а перад судом, які мусіў пачацца ў лістападзе 2020 года, — пад падпіску аб нявыездзе. Першы суд над Аляксеем быў прызначаны на 19 лістапада, аднак на пасяджэнне адзінаборац не з’яіўся, і яго абвясцілі ў вышук. 

21 студзеня Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх уладаў і змясцілі ў СІЗА. Было прынята рашэнне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. І хоць у ліпені Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна ў Беларусь, 21 ліпеня, пасля сканчэння тэрміна ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, Кудзіна адразу ж адправілі ў Мінск самалётам.

Суд Маладзечанскага раёна 11 жніўня 2021 вынес прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай супраць адзінаборца Аляксея Кудзіна паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). Суддзя Вольга Дубовік прысудзіла яму два гады і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 28 снежня выйшаў на волю з ПК № 17.

Палітвязень Юрый Вінічук — 1 год і 6 месяцаў у зняволенні 

Юрыя асудзілі да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Тэрмін палітвязень адбываў у асіповіцкай ПУАТ-48. 30 кастрычніка туды прыязджалі сілавікі. Там людзей паклалі тварамі ў падлогу, правяралі тэлефоны. Пасля гэтага берасцейца затрымалі, а пазней прызначылі 7 сутак арышту.

Юрый цалкам адбыў тэрмін на "хіміі" і 28 снежня выйшаў на волю

Сем палітвязняў былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА пасля суда

Алег Давыдзенка з жонкай Наталляй
Алег Давыдзенка з жонкай Наталляй

Суды ў абсалютнай большасці ў снежні прызначаюць палітвязням пазбаўленне волі. Ніводнаму палітвязню не была прызначаная "хімія" — толькі "хатняя хімія". Пасля прысудаў па крымінальных справах мінімум сем палітзняволеных выйшлі на волю са следчых ізалятараў. Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:

Дайджэст вызваленых: 19 палітвязняў у лістападзе цалкам адбылі тэрміны, амаль усе — больш за 2 гады

За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства