Дайджэст вызваленых: 19 палітвязняў у лістападзе цалкам адбылі тэрміны, амаль усе — больш за 2 гады
У Беларусі на дадзены момант налічваецца 1449 палітвязняў і колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да нікаравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у лістападзе на волю выйшлі мінімум 28 палітвязняў, 19 з якіх адбылі свае тэрміны цалкам, а дзевяць чалавек былі асуджаны да "хіміі" або "хатняй хіміі" і вызвалены з СІЗА. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
19 палітвязняў выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны
Палітвязень Алег Фамін — 2 гады 2 месяцы і 22 дні ў зняволенні
Алег — прадпрымальнік, трэнер па футболу з Ваўкавыска. Ён быў затрыманы 15 жніўня 2020 года і асуджаны суддзёй Мікалаем Талашка на два гады і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Таксама Алег павінен быў выплаціць «пацярпеламу» міліцыянту Вячаславу Іванову 2000 рублёў. Палітвязень выйшаў на волю са шклоўскай калоніі 5 лістапада ў 6 гадзін раніцы.
Палітвязень Яўген Кіслейка — 1 год 2 месяца і 7 дзён у зняволенні
35-гадовага Яўгена асудзілі на паўтара года "хіміі" за абразлівы каментар пра міністра ўнутраных спраў Кубракова паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу (Пагроза гвалтам у дачыненні да прадстаўніка органаў унутраных спраў). З 9 верасня 2021 года адбываў тэрмін ў мінскай ПУАТ-36. Летам над палітвязнем адбыўся суд па ўзмацненню рэжыма. Суд пастанавіў перавесці Яўгена з "хіміі" ў папраўчую калонію. Праз некаторы час яго этапавалі ў віцебскую калоніі № 3, адкуль ён выйшаў 16 лістапада.
Палітвязень Вадзім Хіжнякоў — 2 гады 1 месяц і 21 дзень у зняволенні
Гродзенца асудзілі на 2,5 гады калоніі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) за кінуты ў амапаўца "неўсталяваны прадмет" на акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года. На судзе Вадзім віну не прызнаў. Тэрмін Хіжнякоў адбываў ў папраўчай калоніі № 1. Вядома, што палітвязня змяшчалі ў калоніі ў ПКТ на паўгода. 16 лістапада Вадзім выйшаў на волю.
Палітвязень Міхаіл Ефімовіч — 2 гады 1 месяц і 21 дзень у зняволенні
Міхаіл— жыхар Гродна, намеснік дырэктара ТАА "ЕКС Поток". Яго разам з Хіжняковым асудзілі на2,5 гады пазбаўлення волі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Тэрмін Ефімовіч адбываў у віцебскай калоніі № 3. 16 лістапада выйшаў на волю.
Палітзняволеная Ганна Вішняк — 2 гады і 28 дзён у зняволенні
Ганна — валанцёрка тэлеграм-канала "Кіроўцы-97". Падчас і пасля акцый пратэсту дзяўчына дапамагала развозіць ваду па горадзе. Была затрымана 28 кастрычніка 2020 года.
Амаль праз год Ганну, Дзяніса Гуціна і Вікторыю Кульшу ў судзе Заводскага раёна Мінска асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне да такой дзейнасці). Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме. Вядома, што на судзе палітвязні віну не прызналі.
Ганна адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4, адкуль выйшла на волю 25 лістапада.
Палітвязень Яўген Кагоцька — 11 месяцаў і 27 дзён у зняволенні
Яўгена асудзілі ў жніўні 2021 года паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса за здзек над дзяржаўным сцягам.
Паводле абвінавачання, Кагоцька разам з сябрам пад песню "Воины света", дэманструючы браваду рухамі ў такт музыцы і выяўляючы выключны цынізм, разарвалі на фрагменты дзяржаўны сцяг Беларусі, а частку сцяга чырвонага колеру прыклалі да фрагмента белай тканіны, чым стварылі бел-чырвона-белы сцяг. Пасля чаго размясцілі відэазапіс на старонцы Кагоцькі ў "Цік-ток".
Яўгена асудзілі да 6 месяцаў "хатняй хіміі". Пасля таго як пракуратура абскардзіла прысуд, пакаранне Яўгену было змененае на 1 год "хіміі". Тэрмін хлопец адбываў у віцебскай ПУАТ № 9.
Палітвязень Сяргей Пярфільеў — 1 год 9 месяцаў і 4 дні ў зняволенні
Жлобінец быў асуджаны разам з сынам Станіславам паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Жлобіне. Сяргею прысудзілі 2 гады калоніі, а сыну — 2 гады "хатняй хіміі".
Сяргей — дырэктар будаўнічага крамы "СтройПрактик". Вядома, што яго крама 26 кастрычніка падтрымала агульнанацыянальны страйк, пасля чаго ўлады прымусілі арэндадаўца разарваць дамову арэнды памяшкання. Тэрмін палітвязень адбываў віцебскай папраўчай калоніі № 3. 21 лістапада ён выйшаў на волю.
Палітвязень Арцём Кандрацьеў — 1 год 5 месяцаў і 24 дні ў зняволенні
Аршанец быў асуджаны паводле арт. 188 Крымінальна кодэкса (Паклёп). Згодна з абвінавачваннем, Кандрацьеў размясціў фота начальніка аршанскай інспекцыі па справах непаўнагадовых Вішнеўскага і звесткі, якія следства палічыла абразлівымі і ілжывымі.
25 лютага судом Аршанскага раёна ён быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З 29 траўня 2021 года адбываў тэрмін у ПУАТ № 6. Арцём выйшаў на волю 22 лістапада.
Палітзняволеная Ірына Паляніна — 1 год 6 месяцаў і 26 дні ў зняволенні
Ірына — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі паводлеарт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) іарт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі). Яе абвінавацілі ў тым, што у снежні 2020 года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС, а таксама захоўвала дома патроны ад малакалібернай вінтоўкі. Па словах Ірыны, патроны засталіся ад бацькі.
Тэрмін Ірына адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў лістападзе выйшла на волю.
Палітзняволеныя фігуранты "справы студэнтаў" — 2 гады і 18 дзён у зняволенні
30 лістапада з папраўчых калоній на волю выйшлі адразу дзесяць прадстаўніц і прадстаўнікоў студэнцкай супольнасці: Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Кася Будзько, Яна Арабейка, Вікторыя Гранкоўская, Настасся Булыбенка, Марыя Каленік, Алана Гебрэмарыям, Вольга Філатчанкава.
Іх затрымалі 12 лістапада 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У судзе Савецкага раёна Мінска 16 ліпеня 2021 года 11 фігурантаў асудзілі да 2,5 годоў калоніі агульнага рэжыму, а Глеб Фіцнер (адзіны, хто прызнаў віну) — два гады калоніі.
Глеб выйшаў на волю у траўні, а Таццяна Екельчык павінна вызваліцца крыху пазней — бо была затрымана праз два тыдні пасля затрымання астатніх фігурантаў справы.
Дзевяць палітвязняў былі асуджаныя да "хіміі" або "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА пасля суда
Пасля прысудаў па крымінальных справах мінімум дзевяць палітзняволеных (дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам) выйшлі на волю са следчых ізалятараў. Адзін з іх будзе знаходзіцца на волі да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:
Аляксандр Кухарэнка — 2 гады "хіміі".
Яшчэ восем палітвязняў былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і таксама выйшлі на волю пасля суда. Гэта:
Наталля Карнеева— 3 гады "хатняй хіміі";
Максім Стасілевіч —2,5 гады «хатняй хіміі»;
Ігар Хмара—2,5 гады «хатняй хіміі»;
Віталь Чычмароў — 3 гады «хатняй хіміі»;
Святлана Саковіч — 3 гады «хатняй хіміі»;
Алег Фалей — 1 год "хатняй хіміі";
Міхаіл Громаў — 2,5 гадоў "хатняй хіміі";
Дзмітрый Ляўковіч — 3 гады «хатняй хіміі».