Паставы: два гады калоніі — за абразу прадстаўніка ўлады і патроны ў швейнай машынцы
Пастаўскі раённы суд асудзіў 49-гадовую Ірыну Паляніну на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 жанчыну асудзілі да абмежавання волі, тэрмінам на два гады, з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі", паводле арт. 295 — на паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі.
Пракурор запрашваў для Ірыны тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму: тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — паводле арт. 369 і два гады пазбаўлення волі ў калоніі — паводле арт. 295.
Таксама суд абавязаў Ірыну Паляніну кампенсаваць маральную шкоду пацярпеламу: дзве тысячы рублёў, дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў. Працэсуальныя выдаткі — 63,80.
Яе прызналі вінаватай у тым, што у снежні мінулага года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Таксама па версіі следства, пастаўчанка знайшла ў доме сваёй маці патроны ад малакалібернай вінтоўкі і прынесла іх дахаты: там іх знайшлі ў швейнай машынцы пры аглядзе. Па інфармацыі валанцёраў, гэта быў менавіта агляд, а не вобшук.
Ірына Паляніна на судзе сказала, што спачатку здзівілася, што за зачыненую каробку знайшлі міліцыянты, але калі ўбачыла патроны, узгадала, што яны засталіся ад бацькі. "Я не лічыла іх настолькі небяспечнымі", — сказала Ірына.
Лінгвістычная экспертыза паказала, што тэкст каментара абразлівы, а аб'ектам негатыўнай ацэнкі з'яўляецца Рыбакоў.
Дзяржабвінаваўца адзначыў: тое, што патроны захоўваліся ў швейнай машынцы амаль паўгады, сведчыць пра тое, што яны былі схаваныя і змогуць спатрэбіцца. Гэта пацвярджае кваліфікацыйную прыкмету злачынства. Па ягоным меркаванні, віна Палянінай даказаная ў поўным аб'ёме за выключэннем нашэння. Пракурор таксама быў упэўнены ў тым, што віна па артыкуле 369 даказаная цалкам.
У спрэчках адвакат абвінавачанай адзначыў, што ягоная падабаронная ў поўным аб'ёме прызнала віну паводле арт. 295: яна заўважыла патроны сярод рэчаў, якія перавезла ад маці, разумела, што захоўваць іх нельга, аднак не лічыла іх небяспечнымі боепрыпасамі. Яна не збіралася імі карыстацца: адваротнае меркаванне абвінавачання не мае доказаў. Кваліфікацыю абарона таксама не аспрэчвае.
Наконт арт. 369 абарона адзначыла, што падчас следства Паляніна прызнала віну, не аспрэчвала вынікі лінгвістычнай экспертызы і выказала гатовасць кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду. Аднак тэхнічны функцыянал сацыяльнай сеткі дазваляе меркаваць, што жанчына не ведала, што чалавек на фотаздымку — менавіта прадстаўнік улады. Прычынай каментара стала тое, што незадоўга да гэтага яна ўбачыла навіну ў той жа суполцы, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі іншых бацькоў, а дзяцей пакінулі дома адных: яна не стрымала эмоцыі. "Пацярпелы спрабуе надаць справе палітычны падтэкст, — адзначыў адвакат. — Прашу суд улічыць, што гэта меркаванне пацярпелага, якое нічым не пацвярджаецца".
Адвакат быў упэўнены, што ў якасці пакарання можна абраць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатнюю хімію" — тэрмінам на два гады.
У апошнім слове Ірына Паляніна выбачылася перад начальнікам РАУС і папрасіла звярнуць увагу, што яна ведала, хто на фотаздымку, і гэта было яе асабістае меркаванне, у якім яна зараз раскайваецца. Таксама яна адзначыла, што намераў выкарыстоўваць патроны ў яе не было. "У той момант я адна даглядала дваіх цяжка хворых інвалідаў, якія ледзь не здзекваліся з мяне. У хаце быў рамонт, і былі моманты, калі нават не памятала, як саму сябе зваць, — не тое што, дзе і якія патроны ляжаць у хаце. Гэта мяне не апраўдвае, я здзейсніла злачынства і раскайваюся. Прашу не пазбаўляць мяне волі, бо на маіх руках — мая маці. Баюся, што магу не аказацца побач і страціць яе", — сказала Ірына Паляніна.