viasna on patreon

"Уся падлога была залітая маёй крывёй", — былы арыштант пра катаванні ў ГУБАЗіКу

2022 2022-12-29T18:22:32+0300 2022-12-30T17:36:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina07.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі больш за два гады працягваюцца штодзённыя затрыманні, катаванні і збіванні беларусаў паводле палітычных матываў. У ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна стварылі невыносныя ўмовы, у якіх людзей могуць утрымліваць месяцамі без сродкаў асабістай гігіены і зменнага адзення. Мінчук распавёў "Вясне" пра двухгадзінныя катаванні і збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, пра рэакцыю медсястры ЦІПа на пералом рукі і ўмовы ўтрымання на Акрэсціна сёлета ў ліпені. 

"Ты патрапіў у ГУБОП, хлопча, табе п*здзец"

Антона (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі сёлета ў ліпені наўпрост на працы. Па яго прайшлі трое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і сказалі, што яму трэба прайсці з імі. Яны не прадставіліся, але сказалі, што з МУС. Хлопец папрасіў удакладніць іх, адкуль менавіта, на што атрымаў адказ, што калі ён працягне ў тым жа духу, то яны "дастануць табельную зброю і прастрэляць яму калена".

У выніку ў Антона адразу забралі тэлефон і сказалі яму збірацца. Пакуль адзін з супрацоўнікаў чакаў яго, хлопец паспеў пакінуць сваім калегам цыдулку аб тым, што яго затрымліваюць, і папрасіў паведаміць пра гэта бацькам. Далей супрацоўнікі суправадзілі яго да службовага аўтамабіля.

"Адразу, як мяне саджаюць, пачынаюць біць. Чалавек з пярэдняга пасажырскага сядзення разварочваецца і б'е мяне электрашокерам па нагах і рэбрах. Як яны растлумачылі, гэта за тое, што я вырабляўся. Яны мне кажуць: "Калі да цябе падыходзяць тры хлопцы спартовага целаскладу, гэта дзве рэчы: або гэта "спорцікі", якія наб'юць табе твар, або гэта мянты, якія наб'юць табе твар".

Машына пачала рух, мы вывернулі на дарогу, яны паказваюць тэлефон і кажуць: "Скажы пароль". Я кажу, што пароль не памятаю — вы ўсё адбілі. Мяне за гэта зноў пачынаюць біць. Адбываецца яшчэ спробы тры выпрасіць у мяне пароль, на што атрымліваюць адмову і мне прылятае за гэта "кэшбэк".

Яны мне сказалі: «Даедзеш да Рэвалюцыйнай [там размешчаны ГУБАЗіК] і там заспяваеш. Ты патрапіў у ГУБАЗ, хлопча, табе п*здзец»".

"У бок хвілінны разрад электрашокера прыляцеў"

У выніку Антона прывезлі на задні дворык ГУБАЗіКа, дзе яго выкінулі з машыны, працягваючы збіваць ужо на зямлі.

"Завялі мяне ў будынак, я тады ўжо быў у кайданках. Вялі па калідоры, кідалі аб сцены, я падаў, мяне білі, падымалі і зноў вялі.

Тут рэзкі паварот і мяне закідваюць у кабінет. Там было двое супрацоўнікаў: адзін бярэ мяне ззаду за ланцуг ад кайданкоў, а другі за ногі. І яны мяне, як мяшок са смеццем, закідваюць у кабінет. Там ізноў мяне пачынаюць біць утрох, апраўдваючы зноў жа тым, што я вырабляюся. Што не варта так з супрацоўнікамі правапарадку размаўляць і наогул трэба выконваць усе іх указанні.

Там яны білі мяне. Доўга білі, нічога не запытваючы, а проста каб біць. Тады дасталі яшчэ электрашокеры і момантамі мне прылятала ў бакі. Збівалі ногі, азадак, спіну, рукі. Бралі галаву і білі аб падлогу. Мне прылятала па галаве, па твары.

Тады пачалі выпрошваць пароль ад тэлефона. Я ім даў яго. Яны залезлі ў тэлефон і пачалі прасіць пароль ад Тэлеграма. Але я ім не даваў, і яны працягвалі біць.

Потым мяне паставілі на "дыбу", але ім не хапіла гэтага, і яны вырашылі паэксперыментаваць: пакуль я стаяў на "дыбе", мне ў бок хвілінны разрад электрашокера прыляцеў, і паралельна сілавік, які трымаў мяне за ланцуг кайданкоў, выварочваючы мне плечы, вырашыў мне пакруціць кайданкі па гадзіннікавай стрэлцы і супраць, каб мне яшчэ больш выломлівала плечы. Пасля гэтага мяне кінулі і сказалі: "Фу, бл*ць, ад цябе шманіць гарам. Адчыніце акно, а то за*бала".

"Мне кінулі дзве вільготныя сурвэткі, каб я выцер падлогу ад сваёй крыві"

Хлопец адзначае, што пакуль сілавікі яго збівалі, паралельна з гэтым у кабінет прыходзілі і сыходзілі іншыя супрацоўнікі. Ён узгадвае, што чалавек мог зайсці ў кабінет, пакласці дакументы на стол, тузануць яго некалькі разоў нагамі і пайсці.

"Я ім даў пароль ад уваходу ў Тэлеграм, але, калі дайшло да пароля "двайной аўтэнтыфікацыі", то я пайшоў у адмову і сказаў, што не ведаю і не памятаю. Тады яны зноў ставілі на "дыбу", пагражалі, што будуць яшчэ больш жорстка збіваць, пагражалі, што фалаімітатары з суседняга кабінета прынясуць. Я яшчэ бачыў, у іх у кабінеце на стэлажы стаіць процігаз, як для "слоніка", зразумела, для чаго гэта.

Я ім пераканаўча казаў, і яны паверылі, што я проста забыўся на свой пароль ад Тэлеграма, і яны ад мяне адсталі. Яны ў мяне пыталіся, чым займаюцца мае сябры, бацькі, знаёмыя, дзяўчына. А пасля ўсіх гэтых пытанняў мне прылятала. На кожнае з гэтых пытанняў я імкнуўся адказваць паўпраўдай і паўхлуснёй.

Збіванні працягваліся досыць доўга — прыкладна гадзіны дзве. У адзін момант яны мяне пакінулі ляжаць. Зрэдку прыляталі ўдары дубінкай — прафілактычныя, каб не расслабляўся. 

Да гэтага моманту ўжо ўся падлога была залітая маёй крывёй з твару. Адзін губазавец мне сказаў, што ненавідзіць пах крыві, таму што непрыемны пах металу ёсць. Таму мне кінулі дзве вільготныя сурвэткі, каб я выцер падлогу ад сваёй крыві. Я выцер падлогу і мяне пасадзілі. Ізноў жа мне прыляталі аплявухі, усялякія ўдары. На той момант дубінкай мяне ўжо не білі, бо па мне было відаць, што ў мяне страсенне і я пахістваўся, седзячы на кукішках. Прылятала некалькі ўдараў электрашокерам яшчэ".

"У перапынках паміж тым, як з барады цякла кроў, яны запісалі са мной відэа"

Пасля гэтага, як прыгадвае Антон, яны вырашылі пагуляць у "добрага паліцыянта". Казалі, што яму проста трэба было адказваць на іх пытанні і тады б яго не білі. Яны сказалі, што трэба запісаць "пакаяльнае відэа", але перад гэтым вырашылі адвесці яго "памыцца, таму што ён брудны нейкі".

"У туалеце я пабачыў, што ў мяне адзінае, дзе няма крыві, — на правым воку. Усё астатняе было заліта крывёй. Я адмыўся і зразумеў, што ў мяне падбароддзе рассечанае і там струменіцца ракой кроў, на брыве дробны парэз, а з носа і рота проста льецца. Я гэта неяк адмыў і мяне павялі здымаць відэа. У перапынках паміж тым, як з барады цякла кроў, яны запісалі са мной відэа".

Словы Антону зачытвалі: па пяць слоў дыктавалі, і яму трэба было паўтараць. Як адзначае сам хлопец, відэа сілавікі змантавалі добра, таму амаль немагчыма заўважыць "склейку". Яны надыктоўвалі прызнавальную прамову ў тым, што хлопец нібы ўдзельнічаў у масавых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, якая магла б паслужыць падставай для завядзення крымінальнай справы. Але на камеру ў яго атрымалася сказаць інакш, каб не было наступстваў.

Супрацоўнік ГУБАЗіКа забраў сабе 200 рублёў з кашалька і запальнічку Zippo

Пасля запісу відэа хлопца перавялі назад у кабінет і пачалі правяраць асабістыя рэчы і кашалёк.

"З кішэні ў мяне дасталі запальнічку Zippo. Адзін губазавец паглядзеў і сказаў: "Запальнічка класная, заўсёды яе хацеў, я патрымаю яе ў сябе, а ты потым забярэш". Забралі яшчэ нейкія дакументы. Потым залезлі ў кашалёк, а там была частку заробку — каля 200 рублёў. Ён запытаў у мяне, колькі там гатоўкі. Я сказаў, што каля двухсот. Ён дастае іх, пры мне кладзе ў кішэню і кажа: "Блін, у цябе грошай няма".

Пасля гэтага сілавік, які катаваў Антона, пачаў цікавіцца ягонымі справамі, пытаўся, як да яго ставяцца людзі і ці дастаткова яму плацяць на працы.

Пасля ГУБАЗіКа хлопца адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна для складання пратаколу. На ноч да суда яго адправілі ў камеру ўпраўлення, дзе ў хлопца атрымалася паспаць.

"Я там лёг паляжаць, таму што быў не ў стане сядзець размаўляць ці рухацца. Бліжэй да 22-й да мяне прыйшла перадача ад сваякоў. Яе прынеслі, але я быў не ў стане глядзець, што там, таму дазнаўся па заканчэнні 30 сутак".

Пры затрыманні зламалі руку, а медсястра на Акрэсціна адмовіла ў дапамозе

На наступны дзень над Антонам адбыўся суд. Яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП і асудзілі на 11 сутак. Арышт ён адбываў у ЦІПе на Акрэсціна. 

"На Акрэсціна ў нас было 18 чалавек у чатырохмеснай камеры. І гэтая лічба даходзіла да 20. Мы там неяк укладваліся спаць, але няспыннае святло, няспынныя "шмоны"... У камеры было вельмі душна. Удзень наогул немагчыма было сядзець, а ўначы рабілася прасцей. У нас у камеры было акно, якое адчыняецца на адзін сантыметр. Каб адчыніць яго, мы разбіралі венік і саломінкай падсоўвалі. Саломінкі надоўга не хапала, таму венік у нас перыядычна заканчваўся.

Самая мая першая і прыемная гісторыя, праз якую я ўпершыню за тры дні ўсміхнуўся, гэта гісторыя, як я заходзіў у прэс-хату. Таму што адчыняюцца дзверы камеры, мяне запіхваюць, дзверы зачыняюцца  а там стаяць 17 напаўголых мужыкоў у коле і моляцца. Яны ў майтках толькі.

Я саджуся на лаўку, гляджу на іх, і тут вызірае галава аднаго сукамерніка і кажа: "О, новенькі. Ну ты пасядзі, мы тут молімся. Усё нармальна, мы не секта". У нас там проста святар пратэстанцкі сядзеў.

У ГУБАЗе мяне размалёўвалі фламастарамі, напісалі на ўсе грудзі літары "Z", "V", перакрэслілі тату. Я як прыйшоў у камеру, пачаў адмывацца. Мне пачалі дапамагаць. А ў мяне правая рука была апухлая. І так выйшла, што адзін з сукамернікаў быў пластычным хірургам нібыта. Я яму даў руку паглядзець, ён бярэ маю руку ў мезенцы і пачынае рухаць уверх і ўніз. І ў мяне дзве розныя косткі з мезенца атрымаліся, яны ходзяць сюды-туды. У мяне быў пералом. На наступны дзень падышоў да медсястры, соваю ёй у "кармушку" руку і кажу, што ў мяне, напэўна, пералом. Яна глядзіць, кажа: "Так, напэўна пералом",  і сыходзіць. Мы называлі яе "Доктар Смерць". На наступны дзень я ёй ізноў кажу: "Мы будзем што-небудзь рабіць з пераломам?". Яна глядзіць на мяне як на дэбіла і кажа: "Мне по*уй на цябе. Я не буду нічога рабіць. Максімум, я магу даць абязбольвальныя". Зараз у мяне зраслося не ідэальна, але нармальна. Таму з медыцынскім абслугоўваннем там дзіч".

Антон узгадвае, што ў нейкі момант усе ў камеры пачалі хварэць на грып, бо хтосьці адзін прастыў і заразіў астатніх. І ў адзін з дзён уся камера проста ляжала. Як толькі медыцынскія работнікі дазналіся, што ў камеры ўсе хварэюць, яны сказалі, што гарачкапаніжальных таблетак, якіх ніколі не былі ў дэфіцыце, рэзка не стала. З лекаў былі толькі вугаль і ёд.

"У вучэбцы мы толькі відэа глядзелі, а цікава, як гэта насамрэч"

Пасля першага арышту Антона перазатрымалі на выхадзе: яго пачалі вызваляць, але, калі атрымліваў рэчы, заўважыў, што каля яго ўжо стаіць супрацоўнік міліцыі. У выніку да яго падышоў дзяжурны, ізноў заламаў рукі, надзел кайданкі і сказаў: "Так трэба".

"Мне да канца не казалі, што на мяне будуць складаць новы пратакол. Мне казалі, што мяне вязуць на гутарку з кіраўніком Фрунзенскага раёна. Мы хацелі ўжо пайсці на выхад, але выявілася, што мяне за варотамі чакаюць сваякі, каб мяне забраць.

Калі пра гэта дазналіся, мы не выйшлі за зону Акрэсціна, а чакалі службовую машыну. Праз хвілінаў дзесяць яна прыехала, я выйшаў і на дзве секунды ўбачыў родных, паківаў ім галавой, што, мабыць, не сёння. І мы паехалі ў РУУС.

Там у мяне была смешная гутарка з участковым. Глядзіш на яго, а гэта проста "Выпуск МУС-2022". Хлопец з такой дабрынёй у вачах. Я размаўляю з ім, але вочы ў неба ўтаропіліся, бо я яго даўно не бачыў. І глядзеў на неба і дрэва.

Участковы ў мяне спытаў, як мяне затрымлівалі і што прымянялі. Я кажу, што мяне затрымлівалі, ужывалі спецсродкі, пытанняў не маю. Ён спытаў, ці дапытвалі мяне з дапамогай дазволеных сродкаў або недазволеных. Я паварочваюся і кажу, што ты запытваеш у чалавека, якога катавалі, чым яго катавалі і як яму па дзесяцібальнай шкале гэта было.

Ён сказаў: "Ды не, проста ў вучэбцы мы толькі відэа глядзелі, а цікава, як гэта насамрэч". Гучала гэта быццам з вуснаў маньяка".

На Антона зноў склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП за "дробнае хуліганства", а праз дзень суддзя прызначыў яму чарговыя "суткі". Да канца другога арышту ўсе сляды катаванняў і збівання ў яго прайшлі. Пры гэтым на канец першага арышту яшчэ заставаліся сінякі на нагах і сляды ад электрашокера.

Хлопцу нанеслі 146 удараў электрашокерам за 146 татуіровак

Як адзначае былы арыштант, з перадачы даходзяць толькі медыкаменты. Пры гэтым іх штораніцы трэба прасіць у медсястры. Калі чалавек мае хранічныя захворванні, то штораніцы яму выдаецца па таблетцы.

Падчас арышту Антон сядзеў з хлопцам, у якога на наступны дзень пасля затрымання мелася быць вяселле. 

"Алег — праменьчык святла ў маёй камеры. Гэта той чалавек, які дапамагаў маральна. Мы там усёй камерай у мафію гулялі, і ён быў адным з арганізатараў. Ён быў маральнай падтрымкай нашай прэс-хаты. У яго страшная гісторыя, таму што яго білі за кожную татуіроўку".

Акрамя гэтага, Антон некаторы час сядзеў з былымі палітвязнямі Ігарам Банцэрам і Ігарам Хмарам.

Згодна з ягонымі словамі, пры затрыманні збіваюць усіх. Шмат каго пасля першага арышту перазатрымліваюць па новых пратаколах і вяртаюць на Акрэсціна яшчэ на некалькі тыдняў, а часам і месяцаў. 

"Са мной у камеры сядзеў чалавек, у якога ў камеры насупраць сядзела ягоная маці. У свае 18-19 гадоў ён паспеў месяц-два адпрацаваць у нейкім падраздзяленні МУС. Яго затрымліваў ГУБАЗ. Але яго збівалі ў разы два горш за мяне, бо лічылі яго здраднікам. Яго збівалі да паўсмерці.

У іншага хлопца былі татуіроўкі, сілавікі іх неяк перамножылі, склалі і атрымалася 146. І праз гэта было 146 удараў электрашокерам.

Да аднаго хлопца заваліліся дадому і знайшлі матацыклетны шлем. Дык яны яго надзелі і проста хадзілі і білі дубінкамі па гэтым шлеме.

Там людзі часта проста ламаюцца. У нейкай камеры чалавек сябе ўжо пасля адбою праяўляў. Яго было вельмі чутна, таму да яго падыходзіць "прадольны" і кажа, маўляў, цябе супакоіць, вывесці ў дворык спаць? Хлопец падхапіў гэтую думку і хвілінаў дзесяць крычаў у кармушку: "Выведзі мяне ў дворык". І такім страшным вусцішным голасам, што ніхто пасля гэтага не мог спаць. Таму што той крычаў: "Выведзі мяне ў дворык, я тут больш не магу, я тут памру". У камеры насупраць былі жанчыны, і ў іх часта нервовыя зрывы былі.

"Па маіму жыццёвым досведзе, фізічныя катаванні на мяне мала ўплывалі. Мне якраз было складана на Акрэсціна. Я адкрыты чалавек і сядзець практычна месяц у камеры шырынёй два метры, а ў даўжыню чатыры, з адзіным выглядам на вуліцу, калі саломінка адкрывае табе адзін сантыметр і ты можаш убачыць адну і тую ж будоўлю — гэта складана і гэта падламвае. Калі б я прасядзеў яшчэ месяцы два, то мне б было ўжо дрэнна".

Паводле Антона, за татуіроўкі б'юць значна больш жорстка. Пры гэтым у тэлеграм-каналах сілавікоў з'яўляюцца відэа, на якіх людзі распавядаюць, што пасля затрымання яны перарабілі свае тату, змяніўшы "экстрэмісцкія" надпісы і сімволіку. Антону ў РУУС таксама казалі, што яму неабходна "перарабіць" свае татуіроўкі, а потым прыйсці ў РУУС і паказаць вынік. Пасля пагрозаў ад сілавікоў хлопец прыняў рашэнне пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства