Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
16 снежня 2022 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў:
- Аліса Раманава асуджана за абразу А. Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Віктар Пільжыс асуджаны за рэпост на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы запісу аб супрацоўніках міліцыі па арт. 188, ч. 3 арт. 203-1, арт. 369 КК да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Міхаіл Тарасевіч асуджаны за каментары з абразай суддзі, прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі, меркаваннямі аб магчымасці гвалту ў дачыненні да службовай асобы, супрацоўніка органаў унутраных спраў па арт. 391, 369, ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 366, арт. 364, ч. 2 арт. 366 да 6 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксей Міхнюк асуджаны за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 і 369 КК да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Лялін асуджаны за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 і 369 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Вадзім Калінін асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 КК да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Варановіч асуджаны за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 і 369 КК да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Віталь Корсак, асуджаны за абразу А. Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 і публікацыю выявы нацысцкай сімволікі ў чырвона-зялёных колерах па арт. 370 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Ларыса Шчыракова ўзята пад варту за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”;
- Максім Дарковіч узяты пад варту за абразу А. Лукашэнкі па ч. 1 арт. 368 КК;
- Павел Шалейнікаў асуджаны за абразу службовай асобы па арт. 369 КК да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Алісу Раманаву, Віктара Пільжыса, Міхаіла Тарасевіча, Аляксея Міхнюка, Сяргея Ляліна, Вадзіма Калініна, Дзмітрыя Варановіча, Віталя Корсака, Ларысу Шчыракову, Максіма Дарковіча, Паўла Шалейнікава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва.