Пяць фігурантаў "справы АГСБ" асудзілі на тэрміны ад 13 да 20 гадоў калоніі
Мінскі абласны суд 5 снежня вынес прысуд па "справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі", па якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх асудзілі па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку, за тэрарызм, за спробу падрыва вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спробу знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. Заявы Сасноўскага аб катаваннях судом не былі прынятыя да заўвагі. Сумнавядомы суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў абвінавачаным ад 13 да 20 гадоў калоніі. Гэта амаль такія тэрміны, якія запрашваў пракурор. Толькі Кірылу Ашурку (на працэсе ён прысутнічаў у кофце колераў дзяржаўнага сцяга) Епіхаў прызначыў на два гады менш — 13 гадоў калоніі.
У выніку пяці фігурантам справы прызначылі наступныя тэрміны:
- Наталлі Мацвеевай – 14 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічыняў (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Вадзіму Гулевічу – 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 600 базавых велічыняў (19 200 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэраррызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўка да праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Кірылу Ашурку – 13 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 400 базавых велічыняў (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 (памагаты ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Аляксею Глотаву – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрытхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- Дзмітрыю Сасноўскаму – 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў) паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча [перакваліфікаваны на судовым працэсе з падрыхтоўкі]), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пракуратура праверыла паведамленне пра катаванні Дзмітрыя Сасноўскага — ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена
На судзе 22 лістапада Дзмітрый выказаў сваю пазіцыю да новага абвінавачвання, заявіўшы, што "гэта была правакацыя праваахоўных органаў". Сасноўскі не прызнаў віну ў акце тэрарызму ў дачыненні да прапагандыста Азаронка.
"Маё сумленне чыстае я нічога не здзяйсняў, на ролю тэрарыста я дакладна не падыходжу", – заявіў Дзмітрый.
Адзін з артыкулаў абвінавачання перакваліфікаваны з "падрыхтоўкі тэракту" на "тэракт" — гэта датычыцца замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка.
На судзе 22 лістапада была агучана інфармацыя аб тым, што пасля заяваў Сасноўскага аб тым, што ў дачыненні да яго супрацоўнікамі КДБ ужываўся гвалт, была праведзеная пракурорская праверка. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да аператыўнікаў, якія яго затрымлівалі, адмоўлена, паведаміў пракурор. Ён папрасіў суд далучыць да матэрыялаў справы дакумент аб адмове.
Нагадаем, Дзмітрый Сасноўскі – адзіны па справе, хто не прызнаў віну па справе. Падчас дачы паказанняў Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства ў дачыненні да Азаронка яго ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. Ён таксама заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго "ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне". На першым пасяджэнні, калі суд высвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, таму што "не мае дачынення да тэрарызму".
Усе фігуранты ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ. У верасні 2021 года Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак унесеныя ў Пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Падтрымаць тэлеграмамі, лістамі і пасылкамі іх можна па адрасе:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Наталля Сяргееўна Мацвеева, Дзмітрый Уладзіміравіч Сасноўскі, Кірыл Раманавіч Ашурак, Аляксей Уладзіміравіч Глотаў, Вадзім Мікалаевіч Гулевіч
Храналогія суда:
Першы дзень суда па "справе АГСБ"
Другі дзень суда па "справе АГСБ": допыт фігурантаў
Фігурант "справы АГСБ" заявіў пра катаванні і ціск
Суд па "справе АГСБ": Дзмітрыю Сасноўскаму выставілі новае абвінавачванне