viasna on patreon

"Не загнаць мяне ў роспач": літаратурная гісторыя Алеся Бяляцкага

2022 2022-11-15T08:12:45+0300 2022-11-15T08:30:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacky_crylo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алесь Бяляцкі вядомы не толькі як праваабаронца, але і як літаратар і даследчык беларускай літаратуры. Агулам ён выпусціў каля дзесяці кніжак, шмат матэрыялаў для якіх былі напісаныя падчас ягонага зняволення. У іх ён разважае пра падзеі асабістага і грамадскага жыцця, людзей побач з сабой, падарожжы, гісторыю і літаратуру Беларусі, стан у зняволенні.

Хутчэй за ўсё, прама цяпер Алесь Бяляцкі занатоўвае навакольны свет, які яго атачае, для сваёй новай кніжкі. Але сёння, у Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні, мы прапануем вам даведацца крыху больш пра Бяляцкага-літаратара на падставе тых кніжак, якія ён ужо апублікаваў. 

Прабежкі на беразе Жэнеўскага возера (2006 год)

У кніжцы Алесь Бяляцкі распавядае пра сваю паездку ў Швейцарыю, куды ён трапіў на чарговую сесію Камісіі па правах чалавека ААН. Аповед працягваецца ў Польшчы, Беларусі і Азербайджане. Алесь Віктаравіч апісвае краявіды і традыцыі краінаў, прыводзіць свае разважанні, да якіх яго падштурхнулі паездкі, а таксама заўсёды вяртаецца да беларускай рэчаіснасці: у гутарках з суразмоўцамі і сітуацыях у замежжы. Ён апісвае сустрэчы з міжнароднымі партнёрамі, свае абеды з кніжкай на беразе Жэнеўскага возера, жыццё і творчасць Купалы і Багдановіча.

Цытата:

“У чым для мяне каштоўнасьць сапраўднай народнай дэмакратычнай улады — у тым, што яна робіць грамадзтва больш адказным, маральным, яна зараджае яго на стваральнасьць. А ў чым галоўная правіна сёньняшняй беларускай улады — у тым, што яна духоўна разбэшчвае беларускі народ, прышчапляе яму антыгуманныя прынцыпы і звычкі, робіць з яго запалоханы натоўп, быдла, цынічна дурыць яго, карыстаючыся ўсім тым кепскім і хлусьлівым, што было ўзрошчана за семдзесят гадоў савецкай улады, а калі капаць глыбей, дык і з часоў расейскай акупацыі Беларусі, калі на наш пасад усьселіся чужынцы і зрабілі ўсё, каб зьнішчыць беларусаў як адметны народ”.

Асвечаныя беларушчынай (2012 год) 

Вокладка кнігі

У гэтай кнізе ўтрымліваюцца матэрыялы, якія Алесь Бяляцкі збіраў з 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Сярод іх — тэксты па гісторыі беларускай літаратуры, крытыка, успаміны пра беларускіх пісьменьнікаў, эсэ. Ён пачаў збіраць матэрыял яшчэ да таго, як апынуўся за кратамі ў жніўні 2011 года, а працягнуў з дапамогай сяброў і калегаў — ужо ў зняволенні. “Кніга, падрыхтаваная за кратамі, знаёміць чытача з Алесем Бяляцкім — удумлівым гісторыкам літаратуры, схільным да псіхалагічных рэканструкцый, тонкім літаратурным крытыкам і эсэістам, які здолеў працягнуць сваю літаратуразнаўчую дзейнасьць нават у нечалавечых умовах, што створаныя ў беларускіх турмах”, — напісала ў прадмове да кнігі Паліна Сцепаненка.

Цытата:

“Няпроста пісаць у такіх умовах, у якіх я зараз знаходжуся, пра тыя шчасьлівыя і бесклапотныя часы. Няпроста не толькі псіхалагічна, бо вялікай фрустрацыі ад свайго перабываньня ў лагеры я не адчуваю, а толькі розныя падзеі і падзейкі, якія здараюцца тут ледзь не штодня, зьбіваюць мяне з настальнічнага і рамантычнага настрою. Можна параўнаць мой цяперашні стан жыцьця з колішнім палётам на вялізным аэробусе праз акіян. Мы ляцелі на вышыні бліжэй да 13 кіламетраў. І наш вялікі і цяжкі самалёт трэсла, як ліпку на ветры. Мы ўсю дарогу сядзелі прышпіленыя рамянямі бясьпекі, і нам усю дарогу падлівалі шампанскае не шкадуючы. Вось такая ж турбуленцыя віхурыць зараз вакол мяне. Але ж цягам усяго жыцьця нешта замінала мне цалкам аддавацца пісаньню. А можа, гэта я і сам дапамагаю майму лёсу адштурхнуцца ад супкаю і цішы пісьмовага стала? Можа, гэта мая няўрымсьлівая натура ўвесь час цягне мяне ў пошуку свайго адметнага шляху, які і ёсьць сапраўды мне наканаваньнем. Хто ведае, мо і так”.

Іртутнае срэбра жыцця (2014 год)

Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага
Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага

Кніга мае падзагаловак «Нататкі праваабаронцы». У ёй сабраныя лісты, якія Алесь Бяляцкі пісаў падчас свайго зняволення, у якіх згадваюцца падзеі напярэдадні арышту, цікавосткі з замежных паездак, рэфлексіі. Першыя лісты для гэтай кнігі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія — у чэрвені 2013, але змешчаныя яны па храналогіі падзеяў, а не па датах напісання. Асобна пададзеныя лісты “Сустрэчы салідарнасьці”, падрыхтаваныя да публікацыі іх адрасаткай Ірынай Пракопчык. Там утрымліваюцца ўспаміны праваабаронцы пра калег. На момант выхаду кнігі Алесь Бяляцкі адбываў тэрмін у бабруйскай папраўчай калоніі №2, працуючы ўпакоўшчыкам у пашывачным цэху. Разам з тым ён паспяваў чытаць, пісаць артыкулы, нататкі, успаміны, рэцэнзіі і лісты. “Назва кнігі дастаткова вобразная, і, безумоўна, тут могуць узьнікаць розныя асацыяцыі. Алесь жа хацеў перадаць зьменлівасьць і небясьпечную прыцягальнасьць, пэўную халоднасьць жыцьця. Таму няхай вас, шаноўны чытач, не насьцярожвае сугучнасьць словаў “іртутнае — атрутнае”, гэта не супярэчыць задуме аўтара”, — кажа ў прадмове праваабаронца Алена Лапцёнак.

Цытата:

"А дарога ж зь Менска ў Вільню па чыгунцы – адная з найпрыгажэйшых дарог у Беларусі. Багата разоў праязджаючы ў гэтым накірунку зь Менска да Краснага, дабіраючыся да Ракуцёўшчыны, дзе знаходзілася філія музея М. Багдановіча, дырэктарам якога я быў, а ў апошнія гады часта езьдзячы ў Вільню, я кожны раз не мог наглядзецца на маляўнічыя пейзажы мілай Радзімы. Цяжка мне ўтрымацца ад словаў захапленьня і неперадавальнага словамі сентыментальнага пачуцьця, якія кожны раз ахопліваюць мяне, калі я паглядаю на гэтыя ўзгоркі, лагчыны, пералескі і палі, на сіняе ў белаых аблоках неба. І беларускія драўляныя хаты, размаляваныя традыцыйна ў зялёны, жоўты і блакітны колеры, і касьцёлы і цэрквы ў Заслаўі, Плябані і Красным і Солах, і нейкая асаблівая дагледжанасьці і палеткаў, і сялібаў, і няяркі каларыт беларускай прыроды, які так адпавядае нацыянальнаму характару беларусаў. Я кожны раз імкнуўся запомніць убачанае, насыціць свой неспатолены погляд, і не магу. Не стамляюся глядзець ізноў і ізноў, адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя рыскі і сюжэты, не заўважаныя раней. Ды і ці магчыма гэта, калі ў кожны месяц, у кожную пару года нават знаёмыя відарысы выглядаюць зусім па-іншаму. І я сквапна паглядаю, проста ўбіраю ў сябе ўбачанае, як быццам бы змагу забраць усё з сабою, калі прыйдзецца некалі сыходзіць з гэтай зямлі”.

Халоднае крыло Радзімы (2014 год) 

Алесь Бяляцкі прэзентуе сваю кнігу ў Гомелі
Алесь Бяляцкі прэзентуе сваю кнігу ў Гомелі

Своеасаблівы працяг «Асвечаных Беларушчынай» — кніга «Халоднае крыло радзімы». Гэта эсэ, інтэрв’ю, занатоўкі, створаныя ў тым ліку і падчас свайго зняволення ў бабруйскай калоніі. Галоўная тэма кнігі — успаміны аўтара пра сваё дзяцінства, горад юнацтва Светлагорск, вучобу ў Гомельскім універсітэце, пра канспіратыўную дзейнасць у 80-я гады, першых сяброў і аднадумцаў. У кнізе таксама змяшчаюцца дакументы таго часу, звязаныя з грамадскай дзейнасцю Алеся Бяляцкага. Назву кнігі Алесь Бяляцкі тлумачыў наступным чынам: “Назва шматзначная. Чаму крыло “халоднае” — зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай — зязюляй? чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя з-падысподу, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам. І такое крыло пакуль не грэе сваіх птушанятаў, пад якімі можна разумець усіх, хто ходзіць і жыве пад яе крылом”.

Цытата:

“Апошнія 20 гадоў грамадскага жыцьця, калі яго разабраць на асобныя падзеі і канкрэтныя эпізоды, уяўляе сабой бясконцы ланцуг паразаў. Іх і не пералічыць, І мае ўласныя адносіны зь дзяржаваю складваліся ўсё горш і горш. “Хто не з намі, той супраць нас”. Адкуль гэты лозунг? З рымскіх часоў? Ад акупацыі Беларусі Расіяй у канцы XVIII стагодзьдзя? Ці з часоў сталінскага тэрору ў 30-х гадах? А можа, ён сфармуляваны ўсімі гадамі існаваньня савецкай улады? Вымушаны сыход з пасады дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, дзе я прапрацаваў дзевяць гадоў, шматлікія затрыманні, суткі арышту, якіх набралася больш за месяц. Дробныя непрыемнасьці і правакацыі ўсе гэтыя гады, фіўічнае адчуваньне хвалі нянавісьці і боязі з другога боку, і вось, урэшце, турма. “Хто не з намі, той супраць нас!” – навязьліва гучыць у маёй галаве апошнія 20 гадоў.

Але не загнаць мяне ў роспач. Болей я не падмануся. Я запомніў на ўсё жыцьцё, яшчэ з тых памятных “Дзядоў”, што асабістая параза можа ўрэшце стацца агульнай перамогай”. 

Турэмныя сшыткі (2018 год)

Гэтая кніга Алеся Бяляцкага была выдадзеная ў серыі «Беларуская турэмная літаратура». Яна складаецца зь дзёньнікавых запісаў, якія пункцірна рабіліся ў розных сшытках ці на асобных аркушах, зазвычай сярод іншых запісаў і папер. Аб’яднаныя і расчытаныя разам, яны склалі турэмны тэкст без прыўкрасаў і ўнутранай цэнзуры. Кніга ўтрымлівае раздзелы, названыя рознымі колерамі. Выданьне прасякнутае «лагернай» атмасферай, персанажамі, адносінамі, дапоўненае аўтарскімі каментарамі і лістамі, не прапушчанымі лагернай цэнзурай.

Цытата:

“Пішу іншым, што стаў лепшым, чысьцейшым, адбываецца тое, што апісвала Гінзбург, але не ў такіх умовах, бо тут лягчэй, і я старэйшы. Але тым ня менш тут нічога кепскага ня робіш, бо няма як, нічога ня просіш, ні з кім не дамаўляесься і ад цябе ніхто нічога не патрабуе, ты нікому ні ў чым не абавязаны. Актыўней пачынае працаваць мозг, адраджаюцца навыкі, якія змарнелі. Уменьне марыць — гэта № 1. Адсутнасьць сьпіртнога ачысьціла мозг. Прымітыўны быт узьняў дух. Абвастрыліся пачуцьці — менш бачыш разнастайнага, затое лепш чуеш — любы шоргат на прадоле. Тое ж — зь іншымі сядзельцамі. Усё заўважаеш. І ты таксама як на далоні. І ўнутраныя пачуцьці аджываюць — зноў вучысься пісаць лісты, праз словы выражаць свае пачуцьці. Пачуцьці становяцца больш складанымі, больш яркімі і шматфарбнымі: каханьне, сяброўства, прыяцельства, знаёмства, нелюбоў, нехаць — усё больш рэльефнае і больш важнае, незаезджанае штодзённай мітусьнёй. Я значна менш размаўляю, больш думаю, перажываю, асэнсоўваю. У душы я памаладзеў. Штось падобнае, прыгадваю, адчуваў, калі мне было з 20 да 30 гадоў — у гэты перыяд. І больш думаеш пра сваё месца ў жыцьці, пра свае «каардынаты быцьця». Я зноў «пачаў размаўляць зь людзьмі», у мяне зьявілася жаданьне і час. Я значна болей успамінаю — як яно было”.


Першай кніжкай Алеся Бяляцкага стала “Літаратура і нацыя”, выдадзеная ў 1991 годзе. Таксама ў 2016 годзе праваабаронца напісаў кнігу “Бой з сабой” – творчы партрэт паэта Эдуарда Акуліна. Першыя тры раздзелы гэтай кнігі пісаліся ў Бабруйскай калоніі. Таксама ён выпусціў эсэ “Калі Бог з намі, дык хто тады супраць нас?” пра падарожжа ў Кракаў з нагоды 25-х угодкаў “Салідарнасці”. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства