Затрыманне гурта Tor band і выдача беларуса Расіяй: пераслед 29-30 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29-30 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
"Зачыстка" на "хіміях" — затрымана як мінімум двое палітвязняў
Па інфармацыі @dissidentBY, 30 кастрычніка прайшла чарговая зачыстка ў папраўчых установах адкрытага тыпу. ГУБАЗіК і АМАП правяралі тэлефоны ў палітычных вязняў. На дадзены момант, у невядомых накірунках увезлі:ПУАТ-43 (Магілеў) — Віталь Маркушэўскі; ПУАТ-29 (Ваўкавыск) — Дэвід Шаракоў.
Таксама паведамляецца пра затрыманне іншых людзей, якія адбываюць свае тэрміны па палітычных матывах.
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну з-за таго, што той ставіў "лайкі" пад пастамі супраць вайны
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з жыхаром Магілёва Яўгенам Альховікам. На ім 49-гадовы мужчына кажа, што быў затрыманы з-за таго, што ў "Аднакласніках" ставіў "лайкі" пад запісамі супраць вайны Расіі і Украіны.
Сілавікі прымусілі мужчыну прасіць прабачэння і сказаць, што "гэта не трэба рабіць у такія цяжкія часы".
Папаўненне ў "Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў"
26 і 27 кастрычніка суды Беларусі прызналі шэраг інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкай". Так, у Спіс дададзеныя акаўнт у Tik-tok "Реальная Беларусь", тэлеграм-канал "Форты+переселка", тэлеграм-канал "Честный Гродно", тэлеграм-канал "Слуцк.Общение", акаўнт у Tik-tok "Бчбесики", YouTube-канал і тэлеграм-канал"Беларускае".
Палітвязня Яўгена Юшкевіча будуць судзіць па шасці артыкулах — "тэрарызма" сярод іх няма
У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапала распачнецца суд над былым следчым Яўгенам Юшкевічам. Яго абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 364 (гвалт або пагроза яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Ананіч.
Юшкевічазатрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 КК (акт тэрарызму). У яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць.
Падтрымайце Яўгена пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Міхайлавіч Юшкевіч
У Расіі затрымалі беларускага палітвязня Аляксея Коршуна, які год таму збег з «хіміі»
Аляксей — жыхар Оршы, асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі за каментар ва «Укантакце». Пазней мужчына трапіў у спіс амніставаных — яму замянілі калонію на абмежаванне волі («хімію»). Свой Коршун хлопец адбываў у Папраўчай установе адкрытага тыпу №3 у Бярозе, аднак у лістападзе 2021 году збег адтуль.
Як піша @horizontal_russia, Коршуну ўдалося збегчы ў Смаленск да сваякоў, затым праваабаронцы дапамаглі яму перабрацца ў Белгарад.
Пасля пачатку вайны Аляксей пераехаў у Варонеж, дзе яго затрымала паліцыя 21 чэрвеня. Мужчыну вывезлі ў Беларусь 26 кастрычніка. На радзіме Коршуну пагражае ад 1 да 3 гадоў турмы за ўцёкі.
Праваабаронца з Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў выказаў здагадку "Вясны", што Аляксей можа быць ужо ў ІЧУ на Акрэсціна.
Актывістку Валерыю Чарнаморцаву перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага
Пра гэта паведамляе "Хрысціянская візія". Нагадаем, Валерыю затрымалі 18 кастрычніка пасля ператрусу. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне звязанае з падзеямі 2020 году — меркавана, Валерыя праходзіць па "народным" арт. 342 КК.
6 лістапада Валерыя будзе святкаваць свой Дзень Народзінаў. Павіншаваць яе можна лістом, тэлеграмай, грашовымі пераводамі, а таксама пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі.
Падтрымайце Валерыю: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Чарнаморцава Валерыя Віктараўна
У Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band
28 кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band разам з жонкамі музыкаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя знаходзяцца ў жлобінскім ІЧУ — ім прызначылі па 15 сутак арышту. Папярэдне, затрыманых можа быць 6 чалавек. Музыкаў арыштавалі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на "экстрэмісцкія" каналы і перасылку паведамленняў з іх.
Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы — не "народец"», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.
Затрыманую 28 кастрычніка праваабаронцу Насту Лойку змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна
Стала вядома, што перад затрыманнем у яе дома адбыўся ператрус. Паводле інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў, яе абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".
Інфармацыя дапаўняецца.