Былога прэс-сакратара "А1" Мікалая Брэдзелева асудзілі да 4 гадоў калоніі Дапоўнена
У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева. Яго абвінавацілі ў прадастаўленні грашовых сродкаў для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) — блогеру Антону Матольку. Разам з тым яго прызналі невінаватым па ч. 2 арт. 424 КК і апраўдалі за недаказанасцю ўдзелу ў здзяйсненні злачынства. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінска Раман Бізюк.
За кратамі Мікалая ўтрымліваюць ужо амаль 11 месяцаў. Вядома, што сілавікі яго збівалі. Пасля затрымання на праўладных каналах з’явілася «пакаяльнае відэа», на якім ён казаў, што нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю, але потым у кампаніі заявілі, што Мікалай не меў доступу да дадзеных кліентаў.
"Гэта хлусня. Ніякаму „экстрэмісцкаму фармаванню“ і ніякаму „тэрарысту“ Матольку, Мікалай Брэдзелеў ніякіх грошай не пералічваў", — пракамэнтавалі прысуд Брэдзелеву ў тэлеграм-канале @motolkohelp, піша "Свабода".
Таксама ў Брэдзелева канфіскавалі тэлефон.
Падтрымаць Мікалая лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Мікалай Алегавіч Брэдзелеў