viasna on patreon

Ад аховы здароўя да пазбаўлення волі без суда. Як у Беларусі спрашчаецца шлях да накіравання ў ЛПП

2022 2022-09-21T15:47:12+0300 2022-09-22T10:14:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp_trud_1-mihailava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія чыноўнікі ў канцы жніўня абмеркавалі магчымасць узмацнення жорсткасці закона ў дачыненні да людзей, якія маюць залежнасць ад алкаголю – пра гэта напісаў SB.by. У прыватнасці, Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала “адрэгуляваць” сістэму накіравання людзей у лячэбна-працоўныя прафілакторыі – гэтую прапанову падтрымала і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Разам з юрыстам “Вясны” Паўлам Сапелкам разбіраемся: якім чынам у Беларусі ўжо мяняліся (спрашчаліся) падыходы да накіравання людзей у ЛПП і што не так у гэтых новых прапановах з боку ўладаў.

Ілюстрацыя: Кацярына Міхайлава
Ілюстрацыя: Кацярына Міхайлава

Трапіць у ЛПП – чым далей, тым прасцей

Лячэбна-працоўныя прафілакторыі – гэта спадчына Савецкага Саюза.

“З распадам СССР павалілася і ўсесаюзная сістэма ЛПП, – адзначае Павел Сапелка. – Аднак ЛПП захаваліся ў незалежнай Беларусі”.

З тых часоў магчымасці трапіць у ЛПП мяняліся. Якім чынам?

Так, у самім СССР у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіроўвалася толькі адна катэгорыя людзей — непасрэдна тыя, хто пакутаваў ад алкагольнай або наркатычнай залежнасці.

З атрыманнем незалежнасці Беларусі існаванне ЛПП рэгулявалася законам, прынятым у 1991 годзе. Ён меў характэрнае назва: “Аб мерах прымусовага ўздзеяння ў дачыненні да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак або правы іншых асобаў”.

У 2008 годзе ў беларускім заканадаўстве узнікае катэгорыя “абавязаных асоб”. Яны таксама пачалі трапляць у ЛПП у выпадку наяўнасці ў іх алкагольнай або наркатычнай залежнасці.

* “Абавязаныя асобы” — гэта людзі, якіх дзяржава пазбавіла бацькоўскіх правоў. Іх дзеці пры гэтым змяшчаюцца на дзяржаўнае забеспячэнне — а бацькі становяцца “абавязанымі” дзяржаве кампенсаваць выдаткі на дзяцей. У выпадку парушэння  “абавязанымі асобамі” працоўнай дысцыпліны на іх можа быць накладзеная адміністрацыйная адказнасць.

Аднак у 2010 годзе ўмовы накіравання “абавязаных асоб” у ЛПП спрасцілі. Такія людзі атрымалі магчымасць трапіць у ЛПП ужо без наяўнасці ў іх залежнасцяў ад алкаголю і псіхаактыўных рэчываў. Усё гэта — дзякуючы Закону “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”, які дзейнічае і дагэтуль.

Далей, змены ў Закон, унесеныя 30 снежня 2021 года, увялі трэцюю катэгорыю грамадзян, якая можа накіроўвацца ў ЛПП — гэта “дармаеды”. Для гэтага ім дастаткова здзейсніць толькі адно правапарушэнне і мець дыягназ аб залежнасці.

Такім чынам, калі ў СССР у ЛПП накіроўвалася толькі адна катэгорыя людзей (тыя, хто меў алкагольныя залежнасці), то ў сучаснай Беларусі такіх катэгорый ужо тры (далей — фармулёўкі з дзеючага закона):

  • людзі, якія пакутуюць залежнасцю і якія здзейснілі не менш трох адміністрацыйных правапарушэнняў у стане ап'янення на працягу года, былі папярэджаны аб магчымасці накіравання ў ЛПП і зноў здзейснілі такое правапарушэнне;
  • “абавязаныя асобы”, якія двойчы на працягу года парушылі працоўную дысцыпліну па прычыне ўжывання алкагольных напояў або псіхаактыўных рэчываў, былі папярэджаны аб магчымасці накіравання ў ЛПП і зноў здзейснілі такое парушэнне;
  • працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія вядуць “асацыяльны лад жыцця”, якія былі прызнаныя такімі і папярэджаны аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі і на працягу года пасля дадзенага папярэджання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэння ў нецвярозым стане.

Ад аховы здароўя — да пазбаўлення волі

Вышэйзгаданы закон, прыняты ў 2010 годзе, унёс у сістэму ЛПП яшчэ адзін істотны момант. Калі да моманту зменаў у заканадаўстве ўсталёўвалася, што людзі з хранічным алкагалізмам і наркаманіяй “абавязаны праходзіць лячэнне ў лячэбна-прафілактычных установах органаў аховы здароўя”, то ў 2010-м годзе з'яўляецца новая фармулёўка: лячэбна-працоўны прафілакторый — гэта арганізацыя, “якая ўваходзіць у сістэму органаў унутраных спраў”.

Пераход ЛПП у вядзенне Дэпартамента выканання пакарання Міністэрства ўнутраных спраў (ДВП МУС, па-руску — ДИН МВД) вызначыла іх асаблівасць. Павел Сапелка называе лячэбна-працоўныя прафілакторыі не інакш як "месцамі пазбаўлення волі”, а змешчаных там людзей — “зняволенымі”. Бо набор абмежаванняў да людзей, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, нагадвае ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі:

  • людзям, змешчаным ў ЛПП, забаронена выходзіць за межы тэрыторыі,
  • яны абавязаны выконваць указанні адміністрацыі пад страхам дысцыплінарных спагнанняў і падаўжэння тэрміну ўтрымання;
  • вызваленне з ЛПП не ставіцца ў залежнасць ад медыцынскіх паказанняў і дасягнення ўстойлівай рэмісіі або лячэння;
  • зняволеныя прымусова прыцягваюцца да аплачваемага працы, які яны самі не могуць выбіраць.
mogilev_ltp_5.jpg
Лячэбна-працоўны прафілакторый у Магілёве

Тэрміны знаходжання «на лячэнні» у ЛПП даволі працяглыя: ад аднаго да двух з паловай гадоў. Гэта падобна на крымінальныя тэрміны — а іх людзі атрымліваюць за ўчыненне злачынстваў. Аднак людзі, якія трапляюць у ЛПП, злачынстваў не здзяйснялі, а за свае адміністрацыйныя правапарушэнні яны раней ужо панеслі адказнасць, альбо зусім не здзяйснялі ніякіх адміністрацыйных правапарушэнняў — на гэта звяртае ўвагу юрыст Павел Сапелка.

Павел Сапелка

“Акрамя прынцыповых пярэчанняў самому факту існавання гэтага інстытута ёсць шмат праблем, якія падкрэсліваюць немагчымасць далейшага існавання ЛПП: гэта неэфектыўнасць лячэння (ёсць і шматлікія звесткі аб фактычнай адсутнасці такога), няўстойлівы характар дасягнутых эфектаў (вялікі працэнт рэцыдыву), нізкая матывацыя да працы з прычыны яго часта некваліфікаванага характару і нізкай аплаты, далейшая стыгматызацыя асуджанага”, — адзначае Павел Сапелка.

Прапановы беларускіх чыноўнікаў аб зменах накіравання ў ЛПП — у чым небяспека?

30 жніўня, на пасяджэнні рабочай групы па ўдасканаленні прававога рэгулявання адносін у сферы прафілактыкі правапарушэнняў, сабраліся беларускія парламентарыі, намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу, прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў, аховы здароўя і адукацыі. У тым ліку яны разгледзелі пытанне: “Што рабіць з п'яніцамі?” — менавіта так яго фармулюе праўладны сайт SB.by.

Наталля Качанава нагадала: карэктывы ў закон, які рэгулюе накіраванне людзей, якія маюць алкагольную залежнасць, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, ужо ўносіліся ў мінулым годзе (а менавіта ў 2021 годзе стала магчымым накіроўваць у ЛПП яшчэ і “дармаедаў”). А таксама адзначыла:

“Для таго, каб адправіць чалавека ў лячэбна-працоўны прафілакторый, неабходна рашэнне суда. Таму гэтае пытанне варта разгледзець грунтоўна".

У сваю чаргу першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка распавёў:

“На сустрэчы з кіраўніцтвам горада Мінска прэзідэнтам пастаўлена задача аптымізаваць працу па накіраванні людзей у ЛПП [...] Міністэрству ўнутраных спраў дадзена даручэнне спрасціць парадак накіравання, выключыўшы прыняцце рашэння суда”.

А юрыст “Вясны” Павел Сапелка каментуе такія прапановы чыноўнікаў наступным чынам:

“Дагэтуль улады Беларусі на ўсе прэтэнзіі аб адвольным характары зняволення ў ЛПП спасылаліся менавіта на тую акалічнасць, што гэтая мера вызначаная судом. Суд на некаторых часовых адрэзках нярэдка прымаў пастановы аб немэтазгоднасці накіравання ў ЛПП або ўсталёўваў нейкія фармальныя парушэнні, дапушчаныя пры падрыхтоўцы матэрыялаў у дачыненні да канкрэтнага чалавека. Здараюцца такія справядлівыя рашэнні і цяпер. І нават калі за чалавекам, накіраваным у ЛПП у адміністрацыйным парадку, захаваюць права на абскарджанне рашэння адміністрацыйнага органа ў судовым парадку — гэта будзе азначаць, што судовы кантроль будзе мець месца ў лічаных выпадках: мы добра ўяўляем сабе (не)даступнасць юрыдычнай дапамогі”.

Акрамя таго, на дадзены момант заяву аб накіраванні чалавека ў ЛПП падаецца пасля двух праведзеных над ім медыцынскіх аглядаў. Але намеснік міністра Назаранка на пасяджэнні рабочай групы таксама паведаміў:

“Міністэрства сумесна з усімі зацікаўленымі органамі падрыхтавала адпаведны праект закона, па якім будзе праведзена толькі адно медыцынскае асведчанне, а затым накіраванне ў ЛПП па агульнаму парадку”.

У падкасце “Вясна прыйдзе” (у выпуску, прысвечанаму лячэбна-працоўным прафілакторыям), героі распавядалі пра свае змаганні са стараннямі міліцыянтаў накіраваць іх у ЛПП. Так, адзін з герояў Ігар успамінаў, як міліцыянт Кузякін спрабаваў падрабіць яго дакументы аб медасведчаннях (адно з двух было несапраўдным — міліцыянт спрабаваў гэта выправіць), каб зрабіць магчымым накіраванне заявы ў суд. Звярнуўшыся за юрыдычнай дапамогай у праваабарончы цэнтр “Вясна”, Ігар змог адстаяць сваю свабоду. У падкасьце таксама можна пачуць галасы людзей, якія пабывалі ў ЛПП — гэта месца яны называюць «зонай». Выпуск падкаста можна паслухаць тут.

Акрамя таго, у “Вясны” ёсць серыя публікацый аб Лячэбна-працоўных прафілакторыях:

«Сейчас на зоне нет такого, что творится в ЛТП»

"Когда администрации удобно, нам говорят: «вы больные», когда неудобно: «ну какие вы больные, вы – пьяницы»"

«Заработанных денег не всегда хватало на еду и бытовые нужды»

"ЛТП, по сути, продолжение традиций тоталитарных режимов 30-х годов прошлого века"

Ромашковый чай, анальгин и трудотерапия

Житель Бобруйска Андрей Рябов трижды помещался в лечебно-трудовые профилактории. С 2012 по 2014 года находился на «излечении» в Светлогорском ЛТП №1. Он поделился с правозащитниками своими личными впечатлениями об качестве и уровне медицинского лечения.

 Праваабаронцы лічаць, што сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў парушае правы чалавека. Калі вы сутыкнуліся з ЛПП, звяртайцеся па дапамогу ў праваабарончы цэнтр "Вясна".

Кантакты:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства