viasna on patreon

Да 6 гадоў калоніі. Вынеслі прысуды траім палітвязням, сярод якіх — Анатоль Латушка

2022 2022-09-20T11:55:00+0300 2022-09-28T12:54:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latushka_ananja_.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды тром палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба "Пагоня" і змясцілі пад варту. Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі. Цяпер іх асудзілі агулам па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса за распаўсюд улётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне "Пагоні", спаленне дзяржаўнага сцягу. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян —  прызнала цалкам. У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк асудзіў Анатоля да 6 гадоў калоніі, Алену — да 4 гадоў калоніі, Лілію — да 5 гадоў "хатняй хіміі" і яе вызвалі ў зале суда. Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічыняў і павінен кампенсаваць шкоду пацярпелым.

Алена Маліноўская, Анатоль Латушка, Лілія Ананян на судзе
Алена Маліноўская, Анатоль Латушка, Лілія Ананян на судзе

Палітвязняў затрымалі ноччу 31 студзеня за тое, што нібыта яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома герб "Пагоня". Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі. 

Згодна з версіяй абвінавачвання, яны неаднаразова на працягу 2021 года "пашкодзілі з хуліганскіх памкненняў маёмасці некалькіх унітарных прадпрыемстваў на суму больш за тры тысячы рублёў, у тым ліку шляхам нанясення фарбавальных рэчываў рознага роду надпісаў і малюнкаў" (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса); "перашкаджалі ажыццяўленню грамадзянамі права на ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шляхам вырабу і размяшчэння ў агульнадаступных месцах улётак, якія змяшчалі заклікі да зрыву і звесткі аб нібыта парушэннях у правядзенні рэферэндуму" (ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса); "здзеку над дзяржаўным сцягам шляхам спалення палотнішча ў снежні 2021 года і запісу дадзеных дзеянняў на відэа з мэтай размяшчэння ў інтэрнэце" (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).

Таксама Анатолю Латушку інкрымінуюцца "незаконныя збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных асоб у сувязі з выкананнем імі грамадскага абавязку шляхам размяшчэння ў розных агульнадаступных месцах улётак, якія змяшчаюць дадзеныя, якія складаюць асабістую і сямейную таямніцу пацярпелых" (ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса); "актыўны ўдзел 18 кастрычніка 2020 года ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).


Падтрымайце палітзняволеных лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Алена Віктараўна Маліноўская, Анатоль Віктаравіч Латушка, Лілія Лернікаўна Ананян

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства