Шэсць крымінальных артыкулаў прад'яўлена ў судзе мінскаму прадпрымальніку Станіславу Кузміцкаму
Мінскі гарадскі суд 15 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы 36-гадовага сталічнага прадпрымальніка Станіслава Кузміцкага.
Судовы працэс вядзе суддзя Яўген Хаткевіч.
Станіслава Кузміцкага абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 293 – масавыя беспарадкі;
- ч. 1 арт. 290-4 – стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;
- ч. 1 арт. 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
- ч. 1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- ч. 3 арт. 130 – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.
Ён быў затрыманы напрыканцы снежня 2021 года і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска. Станіслава Кузміцкага КДБ Беларусі ўнёс у спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Паводле матэрыялаў следства, Кузміцкі, “маючы перакручаныя каштоўнасці і ілжывае разуменне слова "патрыятызм", мэтанакіравана ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю і ўзначаліў асобныя рэсурсы сеткі "...97". Ён адміністраваў больш за 30 чатаў, якія пад жорсткім кантролем і кіраваннем з-за мяжы напаўняў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Мужчына фармаваў склад экстрэмісцкіх супольнасцяў, размяркоўваў ролі і арганізоўваў удзел іх сябраў у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў: маральна падтрымліваў іх у гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў экстрэмісцкага характару на фасады будынкаў”.
Апублікаваная інфармацыя па сваім змесце была накіраваная на распальванне варожасці па прыкмеце сацыяльнай і прафесійнай прыналежнасці. Яна ўтрымлівала заклікі да здзяйснення дзеянняў, якія накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, і іншыя прыкметы экстрэмізму.
Пры гэтым следствам дакладна даказана, што ён "асабіста шэсць разоў удзельнічаў у падобных супрацьпраўных дзеяннях. У выніку названыя супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага прывялі да цяжкіх наступстваў у выглядзе масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія мелі месца на тэрыторыі Беларусі, а таксама іншых злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў экстрэмісцкага характару."