Палітзняволеную Веру Валністую другі раз асудзілі да "хатняй хіміі", але гэтым разам пасля суда вызвалілі
8 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядзеў справу палітзняволенай Веры Валністай, якую абвінавачваюць па арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".
Вядома, што жанчыне 31 год. Яе затрымалі 6 чэрвеня 2022 года і прад’явілі абвінавачванні адразу па двух артыкулах. З тае пары Вера знаходзілася за кратамі і да суда ўтрымлівалася ў СІЗА-1 на Валадарцы.
8 жніўня у судзе Цэнтральнага раёна Мінска Веру прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК, прызначылі ёй 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатнюю хімію"), а таксама абавязалі выплаціць 1000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі пацярпеламу. Пасля таго суда Веру не вызвалілі, як гэта звычайна бывае ў выпадку вышэйагучанага прысуда. Палітзняволеную зноўку змясцілі на Валадарку, дзе ёй давялося чакаць наступнага суда.
Другі суд — па ч. 1 арт. 342 КК — адбыўся роўна праз месяц, у тым жа судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Падрабязнасцяў з судовага пасяджэння ў праваабаронцаў, на жаль, няма. Вядомы толькі вырак.
8 верасня Веру Валністую прызналі вінаватай у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт. 342 КК) і з улікам вырака па першай крымінальнай справе канчаткова пакаралі трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую установу адкрытага тыпу.
Гэтым разам Веру Валністую вызвалілі ў залі суда. Зараз яна дома.