"Адзін з супрацоўнікаў з трыбуны сказаў, што ён таксама супраць вайны". Маналог мінчука пра затрыманне на антываенным мітынгу
Напад расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны 24 лютага выклікаў хвалю антываенных пратэстаў па ўсёй Беларусі. У той жа дзень беларусы пачалі рознымі спосабамі выказваць сваю нязгоду з пазіцыяй уладаў і выкарыстаннем тэрыторыі нашай краіны ў якасці плацдарму для расійскай вайсковай тэхнікі. Тысячы людзей 27 і 28 лютага па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы, каб сказаць "Не вайне". У выніку масавых затрыманняў больш за паўтысячы чалавек апынуліся за кратамі. Падчас затрымання некаторых жорстка збівалі, а потым некалькі тыдняў утрымлівалі ў ізалятарах у нечалавечых умовах. "Вясна" публікуе маналог былога арыштанта пра матывы ягонага ўдзелу ў антываеннай акцыі пратэсту, пра эмоцыі ў момант, калі сілавік накіраваў на яго пісталет, пра забаўныя выпадкі на Акрэсціна і сэкс-работніцу на Дне міліцыі ў ізалятары.
"Здавалася, што напад зменіць усё, у тым ліку і для нас у Беларусі"
"27 лютага, пасля так званага рэферэндуму па Канстытуцыі, у якім я ўзяў удзел шляхам псавання бюлетэня і фатаграфавання гэтага, я паехаў на антываенную акцыю, якая была абвешчана напярэдадні Святланай Ціханоўскай каля Генштаба ў Мінску. Я, канечне, вельмі моцна, да дрыготкі ў руках, хваляваўся, бо апошні раз браў удзел у мітынгах у студзені 2021 года. З таго часу сітуацыя ў краіне пагоршылася, рэпрэсіі зрабіліся больш жорсткімі. Я на той момант толькі-толькі ўладкаваўся на новую працу (на старой мне з палітычных матываў не падоўжылі кантракт). Але напад Расіі на Украіну 24 лютага быў падзеяй такога кшталту і маштабу, што не адрэагаваць на яе было нельга. Здавалася, што ён, гэты напад, зменіць усё, у тым ліку і для нас у Беларусі".
"І тут адзін з іх выхапіў чорны пісталет", — пра антываенны мітынг 27 лютага
"Калі я прыехаў да Генштаба, то там ужо былі аўтазакі і вельмі шмат сілавікоў. Я распачаў камунікацыю з нейкай жанчынай за пяцьдзесят, якая, як і я, была адна. Мы коратка абмяняліся меркаваннямі з нагоды бягучага стану рэчаў. У гэты момант да нас падышоў сілавік у аліўкавай форме. З выгляду ён быў маім аднагодкам, можа быць трошкі старэйшым (на ім, канечне, быў шлем і маска з тканіны). Ён запытаў, што мы тут робім. Пачуўшы, што мы прыйшлі на мітынг, ён хмыкнуў і параіў сыходзіць. Жанчына спытала, ці можна прайсці да Генштаба. Ён махнуў рукой і дазволіў нам прайсці.
Ля Генштаба ўжо было каля 400-500 чалавек. Я далучыўся да іх. Мы скандавалі антываенныя лозунгі, пляскалі і тупалі! Яшчэ мы спрабавалі размаўляць з сілавікамі ў зялёным. Крычалі, што іх адправяць ва Украіну і там заб'юць, што гэтая вайна нікому не патрэбная. Яны, гэтыя сілавікі, выглядалі, на мой погляд, трошкі разгубленымі. І тут адзін з іх выхапіў чорны пісталет. Ён трымаў яго аберуч і пераводзіў з аднаго пратэстоўца на іншага, у тым ліку і на мяне. Нас з ім раздзялялі метры два. Страху я не адчуваў, усё здавалася недарэчным. Мы крычалі на гэтага сілавіка, доўжылася гэта ўсё секунд дваццаць, пасля чаго ён збянтэжыўся і прыбраў зброю. Пасля прыехалі яшчэ машыны, з якіх высыпалі сілавікі ў чорным. Пачалося "вінцілава". Людзей адвольна хапалі і цягнулі ў бок аўтазакаў. Некаторыя спрабавалі фізічна сябе абараняць. Я нікому дапамагаць не спрабаваў, хоць і пачуваўся праз гэта паршыва, разважыўшы, што толькі падстаўлю іншага чалавека і сябе разам з ім. У асноўнай масы людзей атрымалася больш-менш арганізавана адступіць. Пасля гэтага мы яшчэ пабадзяліся па горадзе і на гэтым мае прыгоды ў той дзень скончыліся.
28 лютага была абвешчана яшчэ адна акцыя. Кропкай збору былі пазначаны вакзалы тых гарадоў, у якіх людзі пражываюць. Праз тое, што я жыў і жыву ў горадзе Мінску, я паехаў да пазначанага часу да мінскага чыгуначнага вакзалу. Калі я туды прыехаў, то пабачыў, што ніякай акцыі няма, у тым сэнсе, што не было людзей, якія пратэставалі, затое было вельмі шмат сілавікоў. Адзін з іх, высокі і ў цывільным адзенні, паглядзеў наўпрост на мяне, паказаў пальцам і штосьці перадаў праз рацыю. Да мяне падышлі двое апранутых у цывільнае адзенне мужчын з балаклавамі на галовах. Яны спыталі, што я тут раблю. Я адказаў, што прыехаў на вакзал. Пасля гэтага мне досыць ветліва было прапанавана прайсці разам з імі, што я і зрабіў. Мяне адвялі ў апорны пункт на вакзале, дзе ўжо было некалькі затрыманых. Забралі куртку, рэчы склалі ў цэлафанавы пакет. На падлозе маленькага пакойчыка стаяла двухлітровая бутэлька вады. Там мы прабылі каля гадзіны, пасля чаго курткі з пакетамі нам былі вернутыя. Смартфоны яны, наколькі я зразумеў, адразу забіралі. У мяне быў з сабой кнопкавы тэлефон і на яго ніхто не паквапіўся, таму ў "стакане" аўтазака я змог патэлефанаваць сам і даць патэлефанаваць мужчыну, які быў разам са мной (потым да нас падкінуць яшчэ двух чалавек). Нас прывезлі ў РУУС".
Участковы з антываеннымі поглядамі, чвэрць рулона туалетнай паперы на 11 чалавек і сведка ў балаклаве на судзе
"Фізічны ціск на мяне ў РУУС не аказваўся. Пратакол падпісваць не прымушалі. Я пазначыў, што з напісаным у пратаколе не згодзен (там была "група асобаў" і іншы набор стандартнай бздуры). На другім паверсе РУУС яны патыкалі ў мой кнопкавы тэлефон, спытаўшы, адкуль я даведаўся пра акцыю. Я адказаў, што нічога не ведаю, а інтэрнэтам наогул не карыстаюся, бо там вельмі шмат хлусні. Яны паўхмыляліся. Прозвішчаў мне яны сваіх не паведамлялі, а сам я запытаць пасаромеўся. Увогуле, для мяне ўсё прайшло адносна нармальна, але трэба згадаць, што некаторым людзям пагражалі, гэта было звязана з іх смартфонамі — сілавікі патрабавалі іх разблакаваць. Яны перыядычна зрываліся на крык, увесь час мацюкаліся, адзін з іх, белабрысы нізкарослы хлопец у спартовым касцюме шэрага колеру, паводзіў сябе асабліва паскудна: слова "змагары" ў яго ўвесь час чаргавалася са словам "с*кі" і іншымі абразамі. Але не ўсе з іх паводзіліся падобным чынам.
Адзін з іх гучна з трыбуны ў актавай зале сказаў, што ён таксама супраць вайны, але калі ўсё будуць "бегаць па вуліцах", то нічога з гэтага добрага не выйдзе. Іншы хлопец узгадаў філосафа Платона (!) і сказаў, што кожны павінен займацца сваёй справай, а без міліцыі нас бы захліснула хваля злачыннасці. "Паплыў чувак", — рэзюмаваў хтосьці па левую руку ад мяне.
Да суда мяне ўтрымлівалі ў ІЧУ ў жудасных умовах на працягу трох дзён. Там быў страшэнны бруд, смурод, адсутнічала гарачая вада (адзін дзень яе не было наогул), не было мыла, на 11 чалавек у шасцімясцовай камеры было прыкладна чвэрць рулона туалетнай паперы. Не было сродкаў гігіены, пасцельнай бялізны, дзённага святла і свежага паветра. Але там, у адрозненне ад ЦІП, была ежа трошкі лепшая, і замест металічных "дзіравых" нар былі драўляныя, на якіх нават можна было ляжаць.
Суд праходзіў праз скайп ў самім ІЧУ. Суддзя назвала сваё імя, але я яго не запомніў, яна занадта хутка лапатала. У якасці сведкі быў мужчына ў балаклаве, які відавочна мяне не затрымліваў. Ён хлусіў пра групу асобаў і не змог хоць што-небудзь успомніць. Суддзя згадала, што мяне ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе. Я ў яе запытаў, якое гэта мае да справы дачыненне: прайшло больш за год з моманту першага затрымання, і я, па ідэі, наогул лічуся асобай, якая не прыцягвалася да адказнасці. Яна глядзела ўвесь час кудысьці ўніз і ўбок, адказу ейнага я не зразумеў. Прызначыла яна мне 15 сутак".
Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску
"Клапы кусалі нас, а прусакі елі наш хлеб": у якіх умовах утрымлівалі арыштантаў
"Камеры заўсёды былі перапоўненымі. Максімальна было 40 чалавек у чатырохмясцовай камеры (так мы правялі тры дні). Мінімальна было 27 чалавек у шасцімясцовай. Усяго я змяніў прыкладна сем камер. Колькасць сутак вар'іравалася ад 12 да 15. Умовы таксама былі паганымі. Сярод нас быў хворы на кавід хлопец, які ўсіх заразіў (ён папярэдзіў пра тое, што хворы, калі яго затрымлівалі). Перыядычна ў нас узнікала нястраўнасць. Страшная спякота, на сценах і столі збіраўся зелянявы кандэнсат і сцякаў уніз. Мы, вядома, праводзілі прыборку, але ўсяму даць рады было цяжка. Камеру засялялі клапы і прусакі. Клапы кусалі нас, а прусакі елі наш хлеб, які нам часам давалі нават супраць волі (аднаго разу мы паспрабавалі яго выкінуць, і ахоўнік пачаў крычаць, што з хлебам трэба абыходзіцца паважліва, маўляў, пра гэта нават у Бібліі сказана). Курткі і абутак забралі.
Кармілі нас шмат, але ежу гэту было есці цяжка. Гэта была, галоўным чынам, сечка. Я схуднеў за 15 дзён на восем кілаграмаў. Штодня нас па два разы за ноч будзілі. Збітыя людзі былі, адзін з іх не мог хадзіць, але гэты гвалт адбываўся не на ЦІП, а падчас затрымання і пасля яго. Мяне не білі".
Пра бяздомных у камерах: "Затрымалі яго выключна дзеля таго, каб падсяліць да палітычных"
"Бяздомныя былі пад канец, іх падсялілі за пяць дзён прыкладна да майго выхаду. Адзін увесь час маўчаў і наогул асабліва не "актыўнічаў", другі быў даволі гаманлівым. Яго звалі Толем, з выгляду мужчыну было за шэсцьдзесят (але выглядаў ён вельмі дрэнна). Ён распавёў, што ў яго ёсць вышэйшая адукацыя і ў мінулым ён быў інжынерам, працаваў на МТЗ у 1980-х. Потым ён скраў пару нейкіх дэталяў і яго пасадзілі ў турму. Пакуль ён сядзеў, ягоная жонка здолела нейкім чынам з ім развесціся і прадаць кватэру. Ён выйшаў у нікуды, сваякоў у яго не было. Пачаў піць, ужываць наркотыкі, і ў выніку дасягнуў "сацыяльнага дна". Жыве ён у нейкага знаёмага алкаголіка ў кватэры, падкормлівае яго. Толя расказаў, што затрымалі яго выключна дзеля таго, каб падсяліць да "палітычных" (яму пра гэта сказалі самі супрацоўнікі). Нам ён спачуваў. Целы гэтых людзей былі пакрыты трафічнымі язвамі, у горле ў Толі была глыбокая чорная дзірка. Па іх поўзалі насякомыя, якіх яны ўвесь час душылі пальцамі і скідвалі на падлогу".
Успаміны пра забаўныя моманты на Акрэсціна
"Забаўнага было шмат! Напрыклад, нас вельмі весяліла тое, як паводзілі сябе бяздомныя ў адносінах да работнікаў ЦІП. Мы сабе такога дазволіць не маглі. Неяк увечары "абход" рабіла маладая дзяўчына гадоў дваццаці шасці ў акулярах. Яна спынілася ля адной з камер і пачала рабіць бяздомнаму нейкія заўвагі. Спачатку мы чулі толькі ейны незадаволены высокі голас, але потым да нас данёсся голасны крык: "Пайшла ты на х*й! І хлеба!". Дзяўчына ўцякла, але, што самае забаўнае, хлеб яму праз паўгадзіны прынеслі. Тут трэба растлумачыць, што гэта было вельмі смешна менавіта на кантрасце з нашымі штодзённымі просьбамі пра мыла, туалетную паперу, пра лекі, пра адчыненне "кармушкі", якія практычна ніколі не выконваліся.
Неяк уначы адзін з бяздомных, той, які не быў асабліва гаманлівым, устаў у туалет, але не дайшоў да яго. Акт дэфекацыі адбыўся на сярэдзіне дарогі. Пасля гэтага ён узяў анучу для падлогі, на якую пайшла нечая майка, і пачаў падцірацца ёй. Гэта было заўважана. Падняўся крык, лаянка, усе прачнуліся. Анучу ў яго адабралі і адправілі ў вядро для смецця, як і апаскуджаныя штаны (потым хтосьці аддасць яму свае запасныя). Мужчыны завялі бяздомнага на "парашу" і пачалі адмываць, паліваючы вадой з бутэлькі. Ён лаяўся, бо мыцца не хацеў. У гэты момант па металічных дзвярах пачаў моцна стукаць дзяжурны і крычаць: "СПАЦЬ, С*КІ!". Магчыма, гэта, канечне, ахоўная рэакцыя, але мне было вельмі смешна праз тое, што адбывалася. Такі тэатр абсурду.
У адзін з дзён мой сукамернік вырашыў павіншаваць сваю маці з Днём народзінаў. Пажылая жанчына не ведала, дзе ён знаходзіцца, і ён з гэтай нагоды моцна пераймаўся. На той момант нам ужо выдалі "ключы" ад вокнаў, таму мы змаглі трошкі іх прыадчыніць. Ад папярэдніх пастаяльцаў засталіся дзеравяшкі, якія яны абадралі ад сталоў. Дастаўшы з майткоў гумку, сукамернік змайстраваў штосьці накшталт лука з адной стралой. У яго быў стрыжань ад асадкі, які ён добра хаваў. З ягонай дапамогай ён напісаў на паперцы нумар тэлефона маці і кароткую просьбу пра званок. Задумка была такая: прымацаваўшы паперку да "стралы", ён хацеў стрэліць ёю ў шчыліну акна, выпадковы мінак бы яе падабраў і патэлефанаваў бы ягонай маці. Частку з нас гэтая ідэя прываблівала, аргументавалася гэта тым, што "Яны" хацелі б, каб мы тут пакутавалі і трэсліся ад страху, а мы такім чынам супрацівімся. Частка была індыферэнтная, не верачы, што з гэтага штосьці выйдзе. Супраць быў толькі адзін хлопец. Ён вельмі перажываў, што нас пасля гэтага будуць біць, лічыў задуму вар'яцкай і шкоднай. Разгарнулася дыскусія на пару гадзін! Гэта было падобна да фільма "12 разгневаных мужчын" Сідні Люмета, толькі нас было 27. У выніку страла так і не была запушчана.
Мы штодня гулялі ў "Кантакт", "Кракадзіла", шашкі з хлеба, вучылі англійскую мову, у нас былі лекцыі па эканоміцы, абмяркоўвалі вайну і палітыку, рабілі прагнозы, сыпалі анекдотамі, вечарамі распавядалі гісторыі з жыцця, пра вандроўкі, адзін хлопец распавядаў смешныя байкі пра беларускае войска".
Пра стаўленне работнікаў ЦІПа да затрыманых
"З дзяжурнымі нам было ўсё зразумела, але нават у іх часам штосьці чалавечае праскоквала. У адзін з дзён, калі ўсю ноч не працавала выцяжка (яе чымсьці заткнулі), вокны былі зачынены, як і кармушка, батарэі працавалі на поўную моц, нас вывелі ў напаўпрытомным стане на праверку зранку. Работнікі ЦІПа зайшлі ўсярэдзіну камеры і пасля гэтага павісла цішыня. Яны не стукалі па нарах, як звычайна, не чынілі беспарадак. Было ціха. Потым з камеры данёсся гучны вокліч: "Ё* тваю маці!", і зноў павісла цішыня. Пасля яны выйшлі адтуль са змрочнымі тварамі і адзін з іх кіўком галавы паказаў, што можна заходзіць назад. Становішча наша пасля гэтага не палепшылася, але мне падалося, што яны на нейкае імгненне ўсвядомілі, што робяць дрэнна. А так, з іх боку ўвесь час гучалі разнастайныя пагрозы, абразы, але гэта быў фон гэтага месца.
Горш за ўсё сябе паводзілі медработнікі. Гэта было паскудна, магчыма, менавіта на кантрасце, таму што ад іх гэтага не чакаеш. У нас усе хварэлі на кавід, галава страшна расколвалася, рэзь у горле, тэмпература, ціск. Шмат у каго пухнулі канечнасці, у кагосьці ад укусаў клапоў развілася алергічная рэакцыя, па ўсім целе пайшоў сып, абвастраліся хранічныя захворванні. Зранку падчас праверкі была адзіная магчымасць папрасіць лекі. У медработнікаў быў толькі аспірын, антыбіётыкі і таблеткі ад паноса, але і ў іх яны практычна заўсёды адмаўлялі. І як яны гэта рабілі! Са з'едлівымі інтанацыямі, кпінамі, абразамі. "Нехрэн бегаць было! Як на вуліцах бадзяцца, дык усё "хероі", а як сюды трапляюць, дык адразу ўсе інвалідамі робяцца, б**ць!» — гэта дакладная цытата.
Раздатчыцы ежы ўвесь час кудысьці спяшаліся і нас падганялі. Падвывалі, гундосілі. "Хлопцы, ну давайце хутчэй, ну дарослыя ж мужыкі, у мяне змена заканчваецца!". Гэта таксама было непрыемна. Некалькі разоў яны гублялі лыжкі ды талеркі і казалі, што гэта мы іх забралі, і на гэтай падставе выдавалі нам менш посуду. А адзін выпадак быў зусім надзвычайны. Жанчына раздавала суп, і, як заўжды, гундосіла, што ў яе заканчваецца змена. Мы адказвалі, што нас 37 чалавек і хутка не атрымаецца. Яна трымала міску ў руцэ секунд сем ад сілы, а потым кінула яе на падлогу і зачыніла кармушку, выдаўшы менш за палову порцый. Гарачым супам яна абліла бяздомнага, які ляжаў трошкі ўбаку (яна не магла яго не бачыць). Суп зацёк у белыя новыя кеды (частка абутку была ўсярэдзіне камеры) аднаго хлопца, які кінуўся іх адмываць. Адзін мужчына, вайсковы падпалкоўнік на пенсіі, паспрабаваў гэту жанчыну прысарамаціць. "Мне не сорамна? Гэта вам, вам павінна быць сорамна! Дарослыя мужыкі!" — загаласіла яна і сышла".
"Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну". Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі
Пра тое, як супрацоўнікі ЦІПа святкавалі Дзень міліцыі
"Мы асабліва нічога не бачылі, бо дзверы былі зачынены. Вельмі гучна грала музыка, нейкі рэп. Некалькі разоў яны бегалі туды-сюды па калідоры і барабанілі ў дзверы. Ім было весела, яны крычалі, мяркуючы па ўсім, выпівалі. Некаторыя з сукамернікаў перажывалі, што нас цяпер будуць біць, але гэтага не адбылося. Яшчэ яны вывелі з жаночай камеры прастытутку па імені Анжэла. Пра тое, што адбывалася, мы здагадваліся, прытуліўшыся да шчыліны ў дзвярах, — цікава ж, і кудысьці яе адвялі. У яе настрой, зыходзячы з шуму, таксама быў прыўзняты. Потым, ужо выйдучы адтуль, мы дазналіся, што начальнік ЦІП у гэты дзень з'язджаў".
Распавесці пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах журналістам "Вясны":
Telegram: @spring96info | Email: viasna@spring96.org