viasna on patreon

Новае "экстрэмісцкае" фармаванне, "настаўніца-тэрарыстка", затрыманне і ціск на палітвязняў: хроніка палітычнага пераследу 30 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-30T14:54:00+0300 2022-08-30T16:57:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapega.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

На БМЗ затрымалі двух супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі

Дзмітрый Арцеменка і Марыя Бажынская
Дзмітрый Арцеменка і Марыя Бажынская

Як паведамляе @free_zhlobin, у панядзелак, 29 жніўня, на Беларускі металургічны завод прыязджаў АМАП. Сілавікі затрымалі двух супрацоўнікаў аддзела інфармацыі, ідэалогіі і развіцця персанала. Паводле звестак @zerkalo_io, гэта Дзмітрый Арцёменка і Марыя Бажынская.

За ўдзел у пратэстах у 2020 годзе затрымалі супрацоўніка МТЗ

Дзмітрый Каспяровіч
Дзмітрый Каспяровіч

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, 25-гадовы Дзмітрый Каспяровіч, які працуе майстрам на МТЗ, у 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і выходзіў на праезную частку.


Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў"

Былую палітзняволеную настаўніцу музычнай школы ўнеслі ў "тэрарыстычны" і "экстрэмісцкі" спісы

Аксана Каспяровіч
Аксана Каспяровіч

Перадгісторыя: некалькі дзён таму, 29 чэрвеня, у Гродзенскім абласным судзе па "справе Зельцэра" да года і двух месяцаў калоніі асудзілі палітзняволеную настаўніцу музычнай школы з Ліды Аксану Каспяровіч, якую ўтрымлівалі за кратамі дзевяць месяцаў. За каментар у Instagram яе прызналі вінаватай паводле арт. 130 КК ("Распальванне іншай сацыяльнай варожасці").

Каментар быў такі:

"Посмотрела видео захвата квартиры, и поняла: очередной беспредел! До чего жаль парня, который защищал себя и свою семью(( Дикие действия, дикий результат(( Господа, разве для этого вы поставлены, чтоб пугать и уничтожать собственный народ???((( Сотрудник знал, на что шёл. Ему за это немалые деньги платят, работа его такая. А на месте парня с ружьём мне тоже было бы страшно за себя и свою семью((".

З улікам тэрміна, які Аксана ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гродзенскай турмы № 1. КДБ яшчэ падчас зняволення ўнёс палітзняволеную ў "спіс тэрарыстаў".

Сення праваабаронцы даведаліся, што некалькі дзён таму МУС уключыў Аксану яшчэ ў "спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці". Настаўніца знаходзіцца на волі ўжо другі месяц.

Аксане, як патрапіўшай у спісы КДБ і МУС, да пагашэння судзімасці і пяць гадоў пасля гэтага забараняецца займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу, яе фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю. Ніякіх паведамленняў наконт уключэння яе ў спісы яна не атрымлівала. Тэлефонныя рахункі і рахункі заробных карт заблакаваныя. Немагчыма не толькі зняць грошы са сваіх старых рахункаў, але і адкрыць новыя.


"Вейшнорыю" прызналі "экстрэмісцкай"

Праваабаронцам стала вядома, што суд Лідскага раёну 19 жніўня прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонак "Veisnoria \ Вейшнория" ў Youtube, Telegram, Укантакце, Аднакласніках, Instagram, Facebook і TikTok "экстрэмісцкімі матэрыяламі".


У спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў трапілі некалькі старонак з сацсетак:

Сярод іх:

  • Старонка ў Аднакласніках "Вадим Шилько";
  • TikTok-профіль "Walter Grett";
  • Telegram-чат "Беларускiя Адвакаты";
  • Інтернет-рэсурс "Анархия сегодня" — a2day.оrg;
  • Telegram-чат "Мы — шахтёры".

У Беларусі новае "экстрэмісцкае" фарамаванне

myru_extr.jpg

Стала вядома, што 29 жніўня, згодна з рашэннем МУС, экстрэмісцкім фармаваннем была прызнаная супольнасць "Стены Рухнут" — а менавіта дзве суполкі ва "Укантакце".


Ціск на палітвязняў

Палітвязня Паўла Вінаградава змясцілі ў ШІЗА

Павел Вінаградаў
Павел Вінаградаў

Па інфармацыі @belsat, адміністрацыя папраўчай калоніі № 12 склала тры рапарты на Паўла Вінаградава, адзін з іх – за тое, што ад слабасці прылёг на ложак. Паведамляецца, што Паўла закінулі ў штрафны ізалятар з 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання. Нядаўна ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Напрыканцы ліпеня палітвязня перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.

Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Паўлу Юр'евічу Вінаградаву.


Палітзняволеную Сафію Сапегу пазбавілі віда на жыхарства ў Беларусі

Сафія Сапега
Сафія Сапега

Праваабаронцам сталі вядомыя апошнія навіны дзяўчыны. Вядома, што Сафію пазбавілі спаткання з роднымі — нібыта за тое, што Сапега падзялілася з кімсьці цыгарэтай. Таксама паведамляецца, што дзяўчыну — грамадзянку РФ — пазбавілі віда на жыхарства ў Беларусі. Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 траўня асудзіў Сафію Сапегу да 6 гадоў калоніі. Яе абвінавацілі адразу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама з яе спагналі на карысць пацярпелых матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на агульную суму 167 500 рублёў. Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск".

Вы можате падтрымаць дзяўчыну лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Сафіі Андрэеўне Сапезе.


Палітзняволеных анархістаў уключылі ў спіс "экстрэмістаў"

Палітзняволеныя анархісты, якіх уключылі ў спіс "экстрэмістаў"
Палітзняволеныя анархісты, якіх уключылі ў спіс "экстрэмістаў".

Актывістаў анархісцкага руху Аляксандра Бялова, Яўгена Рубашку, Арцёма Дзмітрыевіча Салаўя і Арцёма Сяргеевіча Салаўя ўнеслі ў "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", паведамляе @belarus_abc.

Нагадаем, 22 красавіка суд прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.

Падтрымаць палітвязняў можна па адрасах:

  • ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Аляксандру Андрэевічу Бялову.
  • ПК № 2, 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Яўгену Аляксандравічу Рубашку.
  • ПК № 17, 213004, Шклоў, 1-я Заводская, 8, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю.
  • ПК № 15, 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Арцёму Сяргеевічу Салаўю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства