viasna on patreon

Палітзняволенага Юрыя Басалая, які ўжо некалькі месяцаў адбывае тэрмін па папярэдняй справе, ізноў асудзілі за каментар

2022 2022-08-29T17:10:27+0300 2022-08-29T17:10:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komment-srok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разгляду па справе палітзняволенага Юрыя Басалая, якога паўторна абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады".

Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя рашэнні.

Пра Юрыя Басалая праваабаронцы пісалі некалькі месяцаў таму. 26 траўня суд Івацэвіцкага раёна прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады", а таксама паводле ч. 1 арт. 328 КК "Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных сродкаў".

Паводле арт. 369 мужчыну абвінавацілі ў тым, што 9 лістапада 2020 года пад пастом са здымкам аднаго з супрацоўнікаў АМАПа ён напісаў слова "тварь", і гэты каментар лайкнулі мноства карыстальнікаў сацсетак, якія потым яшчэ доўга абмяркоўвалі асобу таго самага амапаўца.

Паводле ч. 1 арт. 328 КК у віну 31-гадоваму Юрыю Басалаю ставілі тое, што ў лістападзе 2021 года ў адной з вёсак Івацэвіцкага раёна ён нарваў лісця дзікарослых канопляў, якія потым сам жа і курыў. Слоічак з рэшткамі канопляў дома ў мужчыны выявілі супрацоўнікі міліцыі, якія наведаліся да Юрыя ў межах крымінальнай справы паводле арт. 369 КК. Тады ж падчас агляду кватэры ў мужчыны канфіскавалі пратэсныя стыкеры і бел-чырвона-белы сцяг.

1 сакавіка гэтага года паводле двух гэтых артыкулаў Юрыя Басалая асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суддзя Таццяна Шоцік. Фота з сацсетак
Суддзя Таццяна Шоцік прыкладна аднаго веку з Юрыем Басалаем. Фота з сацсетак

Некалькі месяцаў палітвязень адбываў свой тэрмін у брэсцкім СІЗА-7, але нядаўна на яго зноў распачалі крымінальную справу, і зноў паводле арт. 369 КК, але гэтым разам за абразу чальца Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра каго менавіта ідзе гаворка, праваабаронцам невядома.

Вядома толькі, што каментар, які зрабіўся прадметам новага судовага разгляду, Юрый размясціў у лістападзе 2020 года ў "дэструктыўным тэлеграм-чаце", як сцвярджае бок абвінавачвання.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Свае дзеянні Басалай патлумачыў тым, што "праз прачытаную ў розных дэструктыўных Telegram-каналах інфармацыю знаходзіўся ў нестабільным эмацыйным стане".

22 жніўня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Юрыя Басалая вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады" і на падставе ч. 5 арт. 72 КК прызначыў абвінавачанаму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства