Яшчэ адзін прысуд удзельніку жнівеньскіх падзей 2020 года ў Жлобіне
Суд Жлобінскага раёна вынес прысуд жыхару райцэнтра Сяргею Ганічаву, абвінаваціўшы яго па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
21-гадовага Сяргея Ганічава, былога студэнта Беларускай дзяржаўнай сельcкагаспадарчай акадэміі, затрымалі напрыканцы траўня 2022 года.
Да суда абвінавачаны ўтрымліваўся ў СІЗА № 3 Гомеля.
Па матэрыялах абвінавачання, вечарам 9 жніўня 2020 года Ганічаў ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Жлобіне. Прыкладна ў 21:40 у складзе натоўпу выйшаў на праезную частку, які шчыльна запоўніў тэрыторыю паміж будынкамі. Недзе да паловы на другую ночы пратэстоўцы перашкаджалі руху транспарту, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі лозунгі, дэманстратыўна адмаўляліся ад выканання законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады. Гэтыя дзеянні прывялі да парушэння нармальнай працы транспарту, у тым ліку і грамадскага. Акрамя таго, на некалькі гадзін быў вымушаны зачыніцца кругласутачны магазін.
Суд прызнаў Сяргея Ганічава вінаватым і меркавана 13 верасня прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.