Жыццё на паўзе: Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў беларускай турмы
На сайце польскага выдання Tygodnik Powszechny выйшла вялікае інтэрв'ю з мужам каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай — Вадзімам Жаромскім і ейнай каляжанкай Наталляй Сацункевіч. Са згоды аўтара Барташа Руменьчыка мы перадрукоўваем пераклад гэтага матэрыялу.
Яна глядзіць у аб'ектыў з лёгкай усмешкай, якая падкрэслівае ейнае дзявочае хараство. Светлыя валасы, ясны твар, блакітныя вочы і ямачкі на шчоках. Яна стаіць на фоне фіялетавых кветак у фіялетавай блузцы. З зачараваннем здымка кантрастуе пагроза прысуду, якога яна чакае.
Марфа Рабкова, якая нарадзілася ў 1995 годзе, была арыштаваная ў верасні 2020-га — праз месяц пасля таго, як пасля фальсіфікацыі Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў у краіне выбухнулі пратэсты. У следчым ізалятары яна правяла амаль два гады. Ёй выставілі абвінавачванні паводле трынаццаці артыкулаў, у тым ліку ў арганізацыі беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Судовы працэс пачаўся ў канцы красавіка, і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, прысуд можа быць вынесены ў верасні. У гэтыя дні Марфа амаль штодня знаходзіцца ў будынку суда. Агулам па ейнай справе праходзіць 10 чалавек.
ТОЙ ВЕЧАР, у верасні два гады таму, быў асаблівым. Марфа дастала з шафы аліўкавую сукенку, якую дагэтуль насіла толькі аднойчы — падчас вяселля.
За месяц да гэтага беларускі праваабарончы цэнтр "Вясна" быў узнагароджаны прэміяй "Арол" Яна Карскага за шматгадовую абарону правоў чалавека, годнасці і дэмакратыі, а таксама за фармаванне грамадскай свядомасці, што ніякая дыктатура не вечная. Прэмія названа ў гонар кур'ера польскага падполля часоў Другой сусветнай вайны, які перадаў на Захад інфармацыю пра лёс еўрапейскіх габрэяў пад нямецкай акупацыяй. Яе ўручэнне мелася адбыцца ў бліжэйшы магчымы час, як толькі дазволіць развіццё падзей у Беларусі.
Лёс Беларусі вырашаўся ў тыя дні на вуліцах Мінска, Гродна, Брэста і іншых гарадоў і мястэчкаў: пасля фальсіфікацыі выбараў пратэстоўцы патрабавалі сыходу Лукашэнкі.
Гэта быў час аптымізму, хоць Войтэх Кананьчук на старонках "Штодзённіка" пісаў пра падлікі пацярпелых: "У першыя тры дні было арыштавана 7 тыс. чалавек, мінімум двое загінулі і некалькі сотняў атрымалі раненні". Пасля, калі ўлады, здавалася б, здушылі касцяк вулічнай рэвалюцыі, 12 жніўня тысячы жанчын, апранутыя ў белае, выйшлі на вуліцы. "Гэта дазволіла не толькі падтрымаць, але і ўзмацніць пратэсны рух. Гнеў беларусаў на рэжым яшчэ больш узмацніўся, калі ў інтэрнэце з'явіліся гісторыі некалькіх сотняў чалавек, вызваленых з-пад варты: яны распавядалі пра катаванні, пра перапоўненыя камеры, нават пра адсутнасць вады. Для грамадства гэта было шакавальна", — пісаў Кананьчук.
Марфа Рабкова тады працавала ў "Вясне" — за год да гэтага яна стала там каардынатаркай валанцёраў. Але ў жніўні і верасні 2020 года яна займалася практычна ўсім, што толькі можна было зрабіць. Працы — то бок арыштаваных — усё большала.
"Вясна" — адна з найстарэйшых няўрадавых арганізацый у Беларусі. Яе ў 1996 годзе заснаваў Алесь Бяляцкі — сёння гэта 59-гадовы мужчына з шляхетнай сівізной. Ён займаўся грамадскай дзейнасцю з 1980-х гадоў, яшчэ за Савецкім Саюзам.
НАТАЛЛЯ САЦУНКЕВІЧ была тады прыяцелькай Рабковай, разам працавалі ў "Вясне". Калі мы размаўляем праз мэсэнджар, Наталля ў адным акне свайго экрана мае адкрытую выяву з вэб-камеры, а ў іншым — Excel-табліцу, у якой Марфа скрупулёзна адзначала змены.
"Мы чакалі, што выбухнуць пратэсты, але не думалі, што ўлады адкажуць рэпрэсіямі такога маштабу. Не ведалі, што будуць катаваць людзей, — кажа Наталля. — Мы наладзілі гарачую лінію для сем'яў затрыманых: канал у Telegram і тэлефоны ў офісе. Марфа збірала інфармацыю пра арыштаваных, складала спісы, праводзіла інтэрв'ю з тымі, хто выходзіў з-пад варты. Пры гэтым яна ўвесь час каардынавала дзейнасць валанцёраў".
"Трошкі раней сур'ёзна захварэў ейны бацька, — дадае Наталля. — Я памятаю, як яна распавядала мне на нашай офіснай кухні, што ёй трэба ездзіць у родны дом пад Гомелем, каб дапамагаць маці ў доглядзе. Таксама яна была велізарнай кашатніцай, і, разам з усім, займалася валанцёрствам у прытулку для жывёл".
У гэтым прытулку яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Вадзімам Жаромскім. Падчас вяселля яна была ў той жа аліўкавай сукенцы, якую пазней дастала з шафы 17 верасня 2020 года і ў якой яна разам з іншымі сябрамі "Вясны" атрымала "Арла" Карскага. У той жа сукенцы праз некалькі гадзін яе арыштавалі.
Падчас тэлефоннай гутаркі Вадзім расказвае пра той дзень:
"Я не быў на ўручэнні гэтых узнагародаў, я працаваў дапазна. Мы дамовіліся сустрэцца ўвечары ў горадзе. Гэта быў цёплы вечар, мы ішлі дадому пешкі. Пасля ўсяго гэтага я зразумеў, што яны [сілавікі], мусіць, сачылі за намі ўвесь гэты час. Тады я ні на што не звяртаў увагі. Яны былі ў балаклавах. Пад'ехалі дзвюма машынамі. Мяне кінулі ў адну, Марфу — у іншую".
УПЕРШЫНЮ Рабкову затрымлівалі ў 2015 годзе, падчас маніфестацыі ў дзень тагачасных выбараў. Гэта каштавала ёй вучобы.
"Дакументы яна забрала з універсітэта сама, іначай яе б правалілі на іспытах і адлічылі без магчымасці вярнуцца. Але так яна магла разлічваць, што, калі справа заціхне, адновіць вучобу", — тлумачыць Вадзім.
Нягледзячы на рэпрэсіі, шмат хто з пакалення Рабковай узгадваюць тыя гады як адносна спакойны перыяд. Шматлікія ейныя аднагодкі, якія сёння знаходзяцца ў эміграцыі, у 2015 і 2016 гадах удзельнічалі ў дзейнасці НДА, якія ўжо існавалі, або стваралі свае ўласныя. Яны працавалі дзеля ЛГБТ і іншых меншасцяў, шукалі свой шлях у фемінісцкіх і экалагічных арганізацыях, у творчых, левых, анархісцкіх групах.
Рабкова, якая выяўляла цікавасць да анархісцкага асяроддзя, тады дапамагала чачэнцам, што туляліся на вакзале ў Брэсце ў надзеі, што ў іх атрымаецца паехаць у Польшчу і Еўрапейскі Саюз. Ёй таксама падабалася працаваць з дзецьмі — яна думала, што стане настаўніцай.
Пасля змушанага сыходу з мінскага ўніверсітэту яна паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, у якім атрымліваюць адукацыю шматлікія людзі, якім адмовілі ў навучанні на радзіме. Улады ў Мінску дазволілі ёй наведваць універсітэт, але штораз нагадвалі пра тое, што назіраюць за ёй. Кожны раз, калі яна перасякала мяжу, каб дабрацца на вучобу, ёй ладзілі дагляд. Аднаго разу яе хацелі абвінаваціць у прапагандзе тэрарызму, таму што яна выклала ў сацыяльныя сеткі здымак у шапцы з анархісцкім лозунгам "Class War".
"Я ведала, хто яна, калі даслала да нас рэзюмэ — мы перасякаліся з ёй у коле сацыяльна актыўных людзей, — прыгадвае Наталля Сацункевіч. — Ейны ранейшы актывізм быў для нас свайго кшталту праблемай. Анархісты — вораг нумар адзін для Лукашэнкі, працаўладкаванне Рабковай магло стварыць непрыемнасці для ўсёй арганізацыі. Але не магла ж яна пайсці ў міліцыю і сказаць: "Я больш не анархістка, вы можаце выкрасліць мяне са спісу экстрэмістаў?".
АНАРХІСТЫ БАЙКАТАВАЛІ выбары 2020 года. Яны скептычна ставіліся да кандыдатаў ад апазіцыі, якія мусілі супернічаць з Лукашэнкам.
Вадзім распавядае:
"Мне не падабаліся ані Віктар Бабарыка, ані Сяргей Ціханоўскі. Я думаў, што з гэтага вялікага воблака пойдзе маленькі дождж, што нічога не зменіцца. Але калі я пачуў, як людзі ў трамваі абмяркоўваюць палітыку, я зразумеў, што адбываецца штосьці сур'ёзнае. А потым быў гэты мітынг у Мінску…"
За некалькі дзён да галасавання, 31 ліпеня, свой мітынг у сталіцы зладзілі Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская. Тры лідаркі апазіцыі выцягнулі перадвыбарную кампанію пасля таго, як рэжым арыштаваў контркандыдатаў Лукашэнкі — Віктара Бабарыку і мужа Ціханоўскай, Сяргея. Марыя Калеснікава раней працавала ў штабе Бабарыкі. Муж Веранікі, Валерый Цапкала, таксама хацеў балатавацца супраць Лукашэнкі, але ўлады адмовіліся рэгістраваць ягоную кандыдатуру.
Тварам апазіцыі стала Святлана Ціханоўская — яна замяніла мужа на выбарах. Лукашэнка дапусціў ейную кандыдатуру, мяркуючы, што лёгка адолее 37-гадовую настаўніцу без палітычнага досведу.
За выбарчай кампаніяй назіралі валанцёры "Вясны", а іх працу каардынавала Марфа Рабкова. Калі яны падлічылі, колькі людзей прыйшло на мітынг трох лідарак, ім дасталася з абодвух бакоў барыкад.
"Паводле нашых звестак, там было 63 тысячы чалавек. Урадавыя СМІ абвінавацілі нас у хлусні — на іх думку, людзей было менш. Але і з боку асяроддзя Ціханоўскай пасыпаліся папрокі, таму што, на іх думку, іх было больш", — кажа Наталля Сацункевіч.
Аднак ніхто не сумняваўся, што гэта быў самы вялікі апазіцыйны мітынг за апошнія дзесяць гадоў.
НАДЗЕЯ НА ПОСПЕХ Ціханоўскай рабілася ўсё большай. Лукашэнка спачатку як быццам гэтага не заўважаў: казаў, што краіна не дайшла да таго этапу, каб галасаваць за жанчыну, і кпіў з Ціханоўскай, паблажліва называючы яе "гаротніцай".
"Гэта быў асаблівы час, — кажа Наталля Сацункевіч. — Я памятаю, як Марфа пазначала свой хатні адрас і час, у які валанцёры маглі прыходзіць да яе па пасведчанні назіральніка. Пазней гэта было б нерэальна, але тады ў нас была надзея на змены. І калі мы пайшлі на выбары, шмат хто з нас прагаласавалі не столькі за Ціханоўскую, колькі супраць Лукашэнкі".
А пасля выбараў 9 жніўня — фальсіфікаваных, таму што, згодна з наяўнымі звесткамі ад часткі выбарчых камісій, перамагла Ціханоўская — Лукашэнка груба адказаў на масавыя пратэсты.
"Увесь час было чуваць сірэны міліцэйскіх машын, а часу зусім не было, — прыгадвае тыя дні Вадзім. — У жніўні ў нас была гадавіна вяселля. Мы пайшлі ў нейкі рэстаранчык на вячэру, каб неяк адсвяткаваць гэты дзень, але ўвесь вечар мы адказвалі на тэлефанаванні. Неўзабаве мне давялося націснуць на паўзу".
У хуткім часе пасля таго, як яны былі затрыманы 17 верасня, Вадзіма адпусцілі. Марфа патрапіла на "Валадарку": у следчы ізалятар № 1 па вул. Валадарскага ў цэнтры Мінска. Гэты будынак, што быў узведзены ў XIX стагоддзі і нагадвае замак, мае працяглую гісторыю ў ролі турмы. Са жніўня 2020 года ягоныя камеры запоўненыя палітычнымі зняволенымі.
"Большасць затрыманых сядзелі па 3-4 месяцы пад вартай, а потым у іх былі судовыя разгляды. Марфа сядзіць ужо амаль два гады без прысуду", — кажа Вадзім.
"НА ПАЎЗЕ" — так сем'і беларускіх палітвязняў называюць жыццё пасля арышту сваіх блізкіх. Усе справы адкладаюцца ў бок, уся ўвага засяроджана на тых, хто за кратамі.
Вадзім амаль штодня хадзіў на "Валадарку": прыносіў Марфе рэчы і лісты, пісаў заявы на спатканні. Яму дазволілі толькі адно: праз год пасля затрымання.
"Гэта было як у кіно: краты, тоўстае шкло, дзве тэлефонныя трубкі, ахоўнік", — успамінае ён.
Марфа папрасіла яго пачаць гаварыць, а сама расплакалася. Хлопец пачаў распавядаць навіны: што ў родных і знаёмых, што дома, як маецца іхны кот Марфей. Вадзім запэўніваў, што ўсе яе чакаюць і падтрымліваюць.
Важна, каб зняволеныя ведалі, што яны не адзінокія. Рэжым ізалюе вязняў, адмаўляе ім у спатканнях, блакуе лісты. Калі чалавек пачуваецца самотным і кінутым — яго лягчэй зламаць.
Вадзім распавядае:
"Як толькі яна перастала плакаць, яна пачала мяне суцяшаць. Яна расказала пра ўражанні ад чытання кнігі "Чалавек у пошуках сэнсу". Яе аўтар Віктар Франкл, аўстрыйскі псіхіятр, апісаў свой досвед у канцэнтрацыйным лагеры і тое, як ён даваў рады траўмам, якія сам набыў там".
"Яна таксама прасіла мяне прыглядваць за ейнымі бацькамі і даглядаць ката, — дадае муж Рабковай. — Чым даўжэй мы размаўлялі, тым цяжэй рабілася, час ляцеў няўмольна. Мне было цяжка выходзіць, ведаючы, што яна вяртаецца ў перапоўненую цёмную камеру, а я магу проста пайсці дадому".
Вадзім кажа, што Марфа выглядала дрэнна. Яна паказвала яму, як крышацца зубы. Яна была бледная і стомленая.
"У камерах наогул няма святла, — кажа Вадзім. — Вокны заслоненыя не толькі кратамі, але і дадаткова — нахільнымі металічнымі пласцінамі, якія нагадваюць зачыненыя жалюзі. Гадзіна на дзень прагулка ў дворыку-калодзежы, душ раз на тыдзень і жудасная ежа. У камеры Марфа двойчы перанесла Covid-19. Калі ейная бабуля і бацька памерлі, яна не атрымала магчымасці прыехаць на пахаванне".
ЗАТРЫМАННЕ РАБКОВАЙ было першым у хвалі рэпрэсій супраць "Вясны". У далейшыя тыдні і месяцы ўлады затрымлівалі наступных актывістаў і валанцёраў. 14 ліпеня 2021 года яны арыштавалі кіраўніка і заснавальніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. Праз два дні яны ўвайшлі ў офіс у Мінску.
"Я бачыла відэа кіпішу, які яны навялі ў нашым офісе. Маю ўвагу прыцягнулі ружовыя пухнатыя тапачкі, у якіх Марфа хадзіла ў кабінеце, — расказвае Наталля Сацункевіч, якая неўзабаве пасля арышту Рабковай пакінула Беларусь. — Калі б я засталася, мы б, напэўна, сустрэліся ў прагулачным дворыку".
Наталля ў апошні раз бачыла Марфу на цырымоніі ўручэння "Арла" Карскага.
Калі я пытаюся, чаму Рабкову выбралі першай, яна кажа, што таксама задумвалася над гэтым:
— Бо яна толькі што далучылася да нашай арганізацыі. Акрамя таго, паглядзіце на ейныя здымкі, вы ж не бачыце на іх зацятую апазіцыянерку!
— Ні на адной з фатаграфій дзесяці абвінавачаных паводле яе справы я не бачу зацятага апазіцыянера, — умешваюся я.
— Я мяркую, менавіта таму яе і арыштавалі, — кажа Наталля. — Улады хацелі запалохаць маладых людзей. Гэта ж была рэвалюцыя нашага пакалення.
НА ПЕРШЫМ СЛУХАННІ ў судзе ў Вадзіма атрымалася пабачыць сваю жонку праз шчыліну ў дзвярах. У залу яго не пусцілі, таму што ён быў сведкам па справе. Зрэшты, адразу пасля пачатку слуханняў суд зрабілі закрытым. Перад гэтым пад будынак суда прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб падтрымаць зняволеных. Шмат хто быў апрануты ў футболкі і талстоўкі з выявай Марфы на фоне фіялетавых кветак. Аўтар гэтага здымка — Вадзім.
Ён напісаў мне, што ўчора ў яго зноў атрымалася ўбачыць Марфу праз шчыліну ў дзвярах. Ён дадае, што слуханні праводзяцца штодня, і прысуд можа быць вынесены ў верасні.
Паводле звестак "Вясны", сёння ў Беларусі налічваецца больш за 1300 палітвязняў. Гэтая лічба можа быць недакладнай праз цяжкі доступ да інфармацыі і засакрэчванне працэсаў. Усяго са жніўня 2020 года ў 9-мільённай краіне былі затрыманыя каля 35 тыс. чалавек — большасці прызначалі штрафы ці арышт.
"Не людзі выбіраюць час, а час — людзей. Калі гэты час абраў нас, мы павінны гэтаму адпавядаць", — напісала ў лісце на волю Марфа Рабкова.
Цяпер ёй пагражае 20 гадоў турмы.
6 верасня ў 15.00 у Мінскім гарадскім судзе будзе агучаны прысуд Марфе Рабковай.
Падтрымайце Марфу лістамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |