ViasnaSOS як "хуткая дапамога". 6 жніўня Гарачая Лінія "Вясны" адзначае сваё двухгоддзе
6 жніўня Гарачая Лінія Праваабарончага цэнтра "Вясна" адзначае свой Дзень народзінаў — ёй спаўняецца два гады. Створаная ў 2020-м, Лінія за час свайго існавання прыняла тысячы зваротаў. Сёння "Вясна" распавядае пра тое, як развівалася Гарачая Лінія і якія выклікі перад ёй стаялі.
Як адкрылі Гарачую Лінію?
З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў 2020 года назіралася вялікая падтрымка грамадствам альтэрнатыўных кандыдатаў. На гэта, як меркавалі праваабаронцы, улады адкажуць рэпрэсіямі — што прывядзе да масавых затрыманняў. Таму трэба аказваць дапамогу ў пошуку затрыманых, а таксама кансультаваць іх родных у тым, што ім рабіць. Планавалася, што кансультацыі ў такім пашыраным фармаце зоймуць некалькі дзён перад і пасля асноўнага дня галасавання — 9 жніўня.
Але ніхто не чакаў, што пратэсты і рэпрэсіі зацягнуцца так надоўга. І Гарачая Лінія працуе дагэтуль.
Этапы жыцця Гарачай Лініі
6-9 жніўня
Гарачая лінія адкрываецца 6 жніўня ў дзвух фарматах: мабільны нумар для тэлефанавання і акаунт у тэлеграме @ViasnaSOS. А ў Беларусі ў гэты час праводзілася датэрміновае галасаванне на выбарах.
Сярод тых, хто тады прымаў звароты праз мабільны тэлефон, была Дар’я Рублеўская:
“Да нас звярталіся па пытаннях назірання — то бок людзі, якія хацелі адразу паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках. Памятаеце пра фотаздымак мужчыны, які абляцеў інтэрнэты? Як ён стаіць на зэдліку з біноклем і намагаецца праз зачыненыя фіранкі ўчастка для галасавання нешта там разглядзець”, — успамінае Дар’я Рублеўская.
А бліжэй да асноўнага дня галасавання на Гарачую Лінію сталі паступаць звароты пра затрыманні назіральнікаў:
Viasna96 · Дар’я Рублеўская пра звароты на Гарачую Лінію перад 9 жніўня: “Тут такое!”
Набліжаўся асноўны дзень галасавання — 9-га жніўня.
У тую дату Дар'я дзяжурыла і ноччу, але на мабільны нумар ніхто так і не патэлефанаваў. Як аказалася, нумар заблакавалі. Дакладныя прычыны блакіроўкі праваабаронцы так і не змаглі высветліць — мабільны аператар іх папросту не патлумачыў.
Але працягваў працаваць тэлеграм-акаунт @ViasnaSOS. На яго паступалі як паведамленні, так і званкі.
“Мы працавалі кругласутачна, без перапынку. Але сотні паведамленняў у тэлеграме былі ў чарзе", — кажа Ціна, якая прымала звароты на @ViasnaSOS у гэтыя дні.
Колькасць зваротаў была настолькі вялікая, што на некаторы час з акаўнтам @ViasnaSOS здарылася невялікая затрымка — тэлеграм прасіў прайсці яго дадатковую верыфікацыю.
"Як аказалася, такое ў тэлеграме ёсць — занадта шмат трафіку праходзіла праз нумар", — распавёў юрыст Грамадскай прыёмнай "Вясны".
Таму адкрыўся дадатковы акаўнт @SOSViasna. А таксама ў Гарачай Лініі запрацаваліі новыя мабільныя нумары.
Першыя дні пасля 9 жніўня
Па прыблізных падліках "Вясны", у першыя дні пасля 9 жніўня на Гарачую Лінію паступала па тысячы зваротаў у дзень. Чалавечых сіл стала не хапаць. Да Лініі далучыліся новыя валанцёры, сярод якіх — Крысціна:
"11 жніўня я ехала ў метро — і тады з'явіліся першыя навіны пра затрыманых на Акрэсціна — пра тое, што іх там зьбіваюць, — успамінае дзяўчына. — На наступны дзень я пачала шукаць, як я магу дапамагчы, і 13 жніўня я прыйшла валанцёрыць у "Вясну". Для гэтага я брала адгулы на сваёй асноўнай працы".
Людзі тэлефанавалі пастаянна, прыгадвае Крысціна. Бо затрыманых было вельмі шмат, а сілавыя структуры не падавалі ніякай інфармацыі пра іх. А яшчэ ў Беларусі былі праблемы з інтэрнэтам. Пра алгарытмы дзеянняў у пошуку затрыманых і распавядала Гарачая Лінія:
"Мы раздавалі тэлефоны РУУС, казалі, дзе затрыманыя могуць быць, як іх шукаць, — кажа Крысціна. — З раніцы да вечара на працягу наступных двух тыдняў тэлефон званіў пастаянна: кладзеш трубку — і адразу наступны званок. Было вельмі цяжка, бо ў сярэдзіне дня язык ўжо заплятаўся. У нас было каля чатырох тэлефонаў — і чатыры трубкі працавалі ўвесь час".
Акрамя кансультацый, Гарачая Лінія фармавала і спісы затрыманых. Яны публікаваліся на сайце "Вясны".
Другая палова жніўня - восень 2020-га
Валанцёрка Стэфанія ўспамінае гэты час як пастаянныя хвалі: на працягу тыдня Гарачая Лінія працягвала прымаць звароты, але ў нядзелю іх колькасць рэзка павялічвалася — бо праходзілі пратэстныя маршы.
"Асноўныя пытанні: затрымалі — што рабіць? Дзе ўзяць адваката? Альбо чалавек ужо выйшаў пасля затрымання — як падаваць скаргі? Часта пыталі пра тое, як перадаваць перадачы адміністрацыйна затрыманым”, — кажа Стэфанія.
Восень 2020-га запомнілася валанцёркам і валанцёрам Гарачай Лініі і як пачатак новага тыпу зваротаў — на людзей сталі заводзіць крымінальныя справы.
"І гэта былі больш складаныя эмацыйныя размовы, — дзеліцца валанцёрка Таня. — Так, канешне, адміністрацыйныя затрыманні — гэта таксама складана, але калі людзі ведаюць, што ў іх ужо крыміналка..."
Пасля восені 2020-га - па сённяшні час
За амаль два гады свайго валанцёрства на @ViasnaSOS Таня прыняла сотні зваротаў.
"Пытанні з цягам часу моцна не памяняліся, — адзначае Таня. — Толькі рэпрэсіі сталі больш жорсткімі. Калі раней чалавека затрымлівалі за мітынг, то цяпер, напрыклад, за тое, што выпадкова паставіў лайк у інтэрнэце".
У 2021 і 2022 годах "хвалі" зваротаў былі ўжо не штотыднёвымі: яны сталі прывязвацца да пэўных дат.
"Дзень Волі (25 сакавіка), Дзень незалежнасці (27 ліпеня), рэферэндум пасля вайны (27 лютага 2022-га года)", — пералічвае валанцёрка. — І заўсёды бывае так: напярэдадні (за два-тры тыдні да падзеі) пачынаюцца "зачысткі". Бліжэй да даты яны максімальныя. А потым на працягу наступнага тыдня іх актыўнасць (і, адпаведна, колькасць зваротаў на Гарачую Лінію) ідзе на спад".
Акрамя дат, хваля зваротаў можа быць звязаная і з нечаканымі падзеямі: напрыклад, пасля смерці Андрэя Зельцэра дзясяткі людзей былі затрыманыя за каментары ў Інтэрнэце — а іх блізкія шукалі дапамогі на Гарачай Лініі, якая ўжо цалкам перайшла ў тэлеграм фармат — акаунт @ViasnaSOS.
Звароты на Гарачую Лінію — якія яны?
Гарачая Лінія прыводзіць статыстыку: у 2021 і 2022 гадах траціна ад зваротаў — гэта запыты аб пошуку і дапамозе адміністрацыйна затрыманым, яшчэ траціну складаюць пытанні аб крымінальным пераследзе. Шмат пытанняў паступае аб юрыдычнай дапамозе: што рабіць, калі прыйшла позва, як абскардзіць судовую пастанову і інш.
Але Гарачая Лінія дапамагае разабрацца і ў індывідуальных сітуацыях. Напрыклад, што рабіць, калі ў затрыманага цукровы дыябет? Як быць, калі патрэбна псіхалагічная дапамога? Як дзейнічаць, калі звальняюць з працы ці адлічваюць з універсітэта?
"Гарачая лінія "Вясны" — гэта самы даступны варыянт, каму можна проста напісаць: ня трэба запаўняць нейкія формы або тэлефанаваць па тэлефоне (бо тэлефанаванне з цягам часу стала небяспечным), — адзначае Таня. — І са свайго боку Гарачая Лінія забяспечвае поўную бяспеку сувязі. А калі патрэбныя неабходныя рэкамендацыі па бяспецы з боку тых, хто звярнуўся, то мы заўсёды можам іх даць. А яшчэ @ViasnaSOS працуе кожны дзень. І ўсё гэта бясплатна".
У складаных сітуацыях — калі патрэбна пастаянная дапамога і кансультацыя (напрыклад, у выпадку крымінальнага зняволення), валанцёры Гарачай Лініі перанакіроўваюць чалавеку да іншых спецыялістаў "Вясны".
"Наша задача — даць першасны інструктаж, — адзначае Таня. — То бок @ViasnaSOS для чалавека як "хуткая дапамога" — каб потым перадаць яго у рукі «дактароў»".
За 2020 год Гарачая Лінія прыняла не менш за 10 127 зваротаў (але ў першыя дні пасля 9 жніўня многія з іх не паспявалі фіксаваць). У 2021-м годзе колькасць зафіксаваных зваротаў складала 2134.
2022-ы год яшчэ працягваецца, а рэпрэсіі ў Беларусі — таксама.
"Сілавыя структуры Беларусі не інфармуюць чалавека аб яго правах. Мы ж расказваем, якія правы ёсць у чалавека, а таксама як іх абараняць згодна з нацыянальным заканадаўствам і з міжнародным стандартам правоў чалавека, — адзначаюць прадстаўнікі Гарачай Лініі. — А яшчэ інфармацыя пра рэпрэсіі, якую збірае @ViasnaSOS, вельмі важная для грамадскасці: яна кладзецца ў аснову штомесячных і гадавых справаздач ПЦ "Вясна" пра агульную сітуацыю ў Беларусі, а таксама часта становіцца абгрунтаваннем пры звароце ў міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека".