viasna on patreon

За адно фота расійскай вайсковай тэхнікі IT-спецыялісту Андрэю Уткіну прысудзілі два гады калоніі

2022 2022-08-01T14:43:26+0300 2022-08-01T15:01:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/utkin-andrej-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Уткін

Андрэй Уткін

Гомельскі абласны суд 1 жніўня вынес прысуд 30-гадоваму IT-спецыялісту Андрэю Уткіну. Яго абвінавачвалі ў перадачы фота перамяшчэння расейскай тэхнікі ТГ-каналу "Беларускі Гаюн" паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Справу разглядаў суддзя Руслан Царук.

На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі, а менавіта — вайсковыя КАМАЗы з літарай V, і адправіў фота ў тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн".

Палітзняволенага Андрэя Уткіна затрымалі 31 сакавіка і да суда змясцілі ў СІЗА № 3 Гомеля.

У першы дзень судовага пасяджэння, 26 ліпеня, суддзя Руслан Царук запытаўся ў Уткіна, чаму той фатаграфію адправіў у "Беларускі Гаюн", а не ў "СБ. Беларусь сегодня" ці АНТ.

"Калі ехаў па горадзе, здзівіўся, убачыўшы "КАМАЗ" з літарай V побач з плошчай Леніна. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў тэлеграм-канал. Прыкладна праз два тыдні я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у сябе дома. Я быў моцна шакаваны, не ведаў, што за фатаграфію прадугледжаная крымінальная адказнасць", — тлумачыў ён у "пакаяльным" відэа.

Пракурор папрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць айцішніка пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Сёння суд пастанавіў прызнаць Уткіна вінаватым і прысудзіў яму пазбаўленне волі у калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады. Менавіта столькі і прасіла абвінавачанне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства