Экс-студэнта асудзілі да 6 гадоў калоніі за "стварэнне віртуальнай кнопкі" на сайце "Чорнай карты акупантаў"
У Брэсцкім абласным судзе 12 ліпеня агучылі прысуд 23-гадоваму палітзняволенаму былому студэнту-праграмісту БрДТУ Канстанціну Рудніцкаму. Яго судзілі два месяцы за "стварэнне віртуальнай кнопкі" на сайце "Чорнай карты акупантаў". Спачатку хлопцу за гэта ставілі ў віну пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, але ў працэсе пракуратура перакваліфікавала яго дзеянні на больш жорсткія артыкулы за дапамаганне: на ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 (дапамаганне ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі) і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў распальванні варожасці) Крымінальнага кодэкса. Справу перадалі з суда Маскоўскага раёна Брэста ў Брэсцкі абласны суд. У выніку суддзя Кацярына Груда прызначыла палітвязню шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 100 базавых велічыняў (3200 рублёў). Пад вартай Канстанцін утрымліваецца ўжо сем месяцаў.
У чым абвінавацілі палітвязня?
Згодна версіі абвінавачвання, 20 чэрвеня 2021 года Рудніцкі "з выкарыстаннем ноўтбука і мабільнага тэлефона праз перапіску ў чат-боце месенджара Telegram звязаўся з асобамі, якія ажыццяўлялі экстрэмісцкую дзейнасць".
"На свой запыт абвінавачаны атрымаў і да 2 снежня 2021 года выканаў заданне па распрацоўцы часткі праграмнага забеспячэння, які дазваляе раздрукоўваць і распаўсюджваць інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Мэта – шляхам пагрозаў і абразаў аказаць на іх ціск, чым перашкодзіць іх законнай дзейнасці", — сцвярджае пракуратура.
З канкрэтных дзеянняў яму ставяць у віну толькі напісанне адной кнопкі для сайта "Чорнай карты акупантаў" — гэта онлайн-карта з адрасамі сілавікоў, суддзяў і іншых асоб, якія маюць дачыненне да рэпрэсій.
9 снежня 2021 года ў праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся "пакаяльнае відэа", дзе малады чалавек заяўляў аб удзеле ў распрацоўцы так званай "Чорнай карты Беларусі" для "Кібер-партызанаў", дзе публікаваліся персанальныя звесткі сілавікоў і іншых службовых асоб паводле версіі следства, кнопку для сайта маладога чалавека папрасілі "распрацаваць удзельнікі экстрэмісцкага фармавання". Створаны файл ён пераслаў у чат-бот телеграм-канала, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім.
Тады ж у тэлеграм-канале "Кибер Граф Муравьёв Виленский" паказалі скрыншоты з, як сцвярджаецца, перапіскай абвінавачанага з арганізацыяй "Кібер-партызаны", дзе карыстальнік пад нікам Konstantin Rudnitsky прапанаваў свае паслугі — і яго папрасілі дапамагчы з "Чорнай картай акупантаў". Гэта асобны праект, не звязаны з "Чорнай кнігай Беларусі".
Следчы камітэт сцвярджаў пасля затрымання студэнта, што падчас ператрусу ў берасцейца канфіскавалі ноўтбук, дзе выявілі файлы "створаныя для ажыццяўлення функцыі друку", а ў змесціве кода знайшлі каментары абвінавачанага, у якіх ён тлумачыў працу кода.
Спачатку хлопцу за гэта ставілі ў віну дапамаганне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 6 арт. 16 і арт. 364 (дапамаганне ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- ч. 6 арт. 16 і арт. 365 (дапамаганне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (дапамаганне ў пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі);
- ч. 6 арт. 16 і арт. 369 (стварэнне ўмоваў для абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў);
- ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 (дапамаганне ў незаконным зборы, прадастаўленні і распаўсюдзе інфармацыі аб персанальных дадзеных іншай асобы без яго згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, учыненых у дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці і выкананнем грамадскага абавязку).
Але ў працэсе яго дзеянні перакваліфікавалі на ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 (дапамаганне ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі) і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў распальванні варожасці) Крымінальнага кодэкса, таму працэс расцягнуўся на два месяцы.
Адразу справу разглядалі ў судзе Маскоўскага раёна Брэста: суддзёй выступаў Яўген Брэган, а пракурорам — Вадзім Багатка, але потым справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд і суддзёй прызначылі Кацярыну Груду, народнымі засядацельніцамі — Банас і Мацюхевіч, а пракурорам — Аляксандра Богуша.
Ці прызнаў віну былы студэнт?
На пытанне суддзі Брэгана, навошта хлопец гэта зрабіў, той адказаў:
"Мне было цікава атрымаць пэўны вопыт у праграмаванні. Ніякага ўзнагароджання ад заказчыка я не атрымліваў. Прызнаю, што паддаўся эмоцыям і хацеў дапамагчы апублікаваць інфармацыю пра людзей, якія незаконна затрымлівалі іншых людзей. Але ніякага злога намеру ў мяне не было. Так, мае дзеянні ў гэтай частцы былі неправамернымі. Гэта я таксама прызнаю".
Сваю віну Канстанцін прызнаў толькі пад адным артыкуле: ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (дапамаганне ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі). Пра яго пазіцыю па чатырох астатніх прад'яўленых артыкулах напісала "Брестская газета": не было намеру кагосьці абразіць, пагражаць і тым больш распальваць варожасць — ды і канкрэтных пацярпелых у справе не маецца.
Чым усё скончылася?
Пракурор Брэсцкай вобласці Аляксандр Богуш запрасіў для Рудніцкага пакаранне ў выглядзе шасці гадоў зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3200 рублёў):
- два з паловай гады пазбаўлення волі і штраф 100 базавых — па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 (за дапамаганне ў незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі);
- шэсць гадоў пазбаўлення волі — па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамаганне ў распальванні варожасці, здзейсненае групай або якія пацягнулі цяжкія наступствы).
Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Кацярына Груда 12 ліпеня.
Канстанцін Рудніцкі ўтрымліваецца пад вартай з 2 снежня 2021 года. Да затрымання вучыўся ў БрДТУ, займаўся спортам (нават валодае званнем майстра спорту). За час зняволення яго адлічылі з універсітэта.
Падтрымайце палітвязня лістамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі:
СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37,
Канстанцін Анатольевіч Рудніцкі