Журналістку Кацярыну Андрэеву асудзілі да 8 гадоў зняволення за "здраду дзяржаве". Што вядома пра суддзю? Дапоўнена
Сёння ў Гомельскім абласным судзе агучылі прысуд палітзняволенай журналістцы "Белсату" Кацярыне Андрэевай, асуджанай да двух гадоў калоніі за стрым з "Плошчы Перамен" 15 лістапада 2020 года. Цяпер яе асудзілі па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса — "здрада дзяржаве". Сутнасць абвінавачання невядомая, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а суд праходзіў у закрытым рэжыме. У выніку, суддзя Алег Харошка прызначыў Кацярыне восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разглядзелі за тры судовыя працэсы. "Вясна" распавядае, што вядома пра суддзю, які разглядаў гучную справу супраць палітзняволенай журналісткі.
Нагадаем, журналісткі Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманыя 15 лістапада за стрым падчас акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. На вачах журналістак здарыўся жорсткі разгон акцыі памяці, руйнаванне мемарыяла, жорсткія затрыманні.
Кацярыну асудзілі тады да 2 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Выйсці на волю яна мусіла 5 верасня. Аднак 7 красавіка сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі новае абвінавачанне па цяжкім артыкуле.
Па інфармацыі Zerkalo.io, журналістку прызналі вінаватай "у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь". Суддзя Харошка прызначыў ёй восем гадоў калоніі, а таксама ў Кацярыны засталіся тры месяцы неадбытых па першаму прысуду.
Не ўпершыню пераследуе журналістаў. Што вядома пра суддзю, які вынес прысуд журналістцы?
Вядома, што Алег Харошка раней працаваў суддзёй Навабеліцкага раёна Гомеля. Такую пасаду ён займаў мінімум з 2001 года. Вядома, што Харошка ў 2008 годзе судзіў удзельнікаў і ўдзельніц экскурсіі, прысвечанай 90-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гомелі. Тады 23 сакавіка каля 20-ці чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі шарыкамі прайшлі ў Гомелі па месцах, звязаных з дзейнасцю міністра БНР Палуты Бадуновай. На дзевяць з іх тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па "народным" артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), якія разглядаў менавіта Алег Харошка. Так, ён арыштаваў на 7 сутак мясцовых актывістаў Марыю Тульжанкову, Аляксандра Працко, Святаслава Шапавалава. За ўдзел у гэтай экскурсіі Харошка аштрафаваў таксама сябру аргкамітэта БХД Зміцера Кутасава (на 15 базавых велічыняў) і Івана Адаменку (на 20 базавых). На 15 сутак ён арыштаваў за ўдзел у гэтай экскурсіі пенсіянера Уладзіміра Няпомняшчых, на 10 сутак — актывіста аргкамітэта па стварэнні руху "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Сяргея Трыфанава. Тады ж Харошка аштрафаваў на 15 базавых велічыняў журналістку Таццяну Бублікаву. Харошка вынес такое рашэнне нягледзячы на тое, што яна мела рэдакцыйнае заданне газеты "Товарищ" падрыхтаваць матэрыял пра экскурсію. Тады гэта была гучная палітычная справа ў Гомелі. Меркавана, пасля гэтага ён пайшоў на павышэнне.
Цяпер ён уваходзіць у калегію па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда. Год таму Харошка разглядаў апеляцыйную скаргу на штраф у памеры 25 базавых велічыняў пасля трох сутак у ІЧУ ў адносінах да гомельскай актывісткі Святланы Нарыскінай. Суддзя Гомельскага абласнога суда пакінуў пастанову без зменаў, але Святлана выступіла тады ў судзе з моцнай прамовай да суддзі Харошкі пра прэзумпцыю невінаватасці — відэа апублікавалі на ютубе.
У 2022 годзе Харошка разглядаў апеляцыйныя скаргі, у тым ліку на "палітычныя" прысуды па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка ўнутраных справаў) і пакідаў іх без зменаў.
Вядома, што Харошка цяпер упершыню разглядаў "палітычную" крымінальную справу.